Пошук

16.12.2021 17:06   Тэкст: Аліна Залатар / Фота: а. Віктар Мялешка OFMConv / Catholic.by

З 10 па 12 снежня ў Івянцы адбыліся адвэнтавыя рэкалекцыі, якія для моладзі з розных мясцін Беларусі правёў айцец Віктар Мялешка OFMConv.

У духоўных практыкаваннях бралі ўдзел юнакі і дзяўчаты з Віцебска, Гальшанаў, Глыбокага, Гродна, Лепеля, Мінска, Свіслачы, Удзела, Шуміліна і з самога Івянца.

Тры дні рэкалекцый былі напоўнены малітвай, асабістым часам пустыні (цішыні), адарацыяй, разважаннямі і магчымасцю споведзі.

Канферэнцыі былі прысвечаны разважанню над гісторыяй Якуба з біблейскай Кнігі Быцця, параўнананню жыцця Якуба і яго брата Эзава, ролі і ўплыву маці Рэбэкі, а таксама інтэрпрэтацыі гэтай гісторыі ў праекцыі на нашае духоўнае жыццё, нашыя адносіны з Марыяй і Яе дапамогу ў нашай барацьбе супраць граху. Таксама быў час і для сумеснага адпачынку (рэкрэацыя), падчас якога моладзь спявала, гуляла, гутарыла, аб’ядноўваючыся разам ў адну супольнасць.

Рэкалекцыі мелі ўнікальную асаблівасць: на працягу ўсяго часу ніхто не карыстаўся інтэрнэтам, а на ўсіх тэлефонах быў уключаны авія-рэжым.

Прыняўшы гэты выклік, моладзь змагла адпачыць ад мітусні і цалкам прысвяціць гэты час Богу і бліжняму.

Дэвізам рэкалекцый стаў выраз Totus Tuus, што ў перакладзе з лаціны азначае «Увесь Твой». Менавіта гэтыя словы вымавіла моладзь, прысвячаючы сваё жыццё Панне Марыі падчас вячэрняй малітвы. Своеасаблівым гімнам сустрэчы стаў псальм 131, які айцец Яўген Голуб OFMConv ператварыў у цудоўны спеў са словамі: «Вось я перад Табой стаю такі, як ёсць».

 

Рэкалекцыі — гэта час, калі змяняецца жыццё, час паглыблення кантакту з Панам Богам і час духоўнага ўзбагачэння.

У нядзелю пасля святой Імшы моладзь дзялілася сведчаннямі і ўражаннямі ад пройдзеных рэкалекцый, асаблівым чынам падкрэсліваючы важнасць і неабходнасць такіх духоўных практыкаванняў, што даюць багаты плён.

Наступныя рэкалекцыі для моладзі плануюцца на перыяд Вялікага посту. Акрамя таго, кожную першую сераду месяца ў 20.00 праводзяцца моладзевыя анлайн-сустрэчы ў Zoom, на якія сардэчна запрашаюцца студэнты і працоўная моладзь. Бліжэйшая сустрэча запланавана на 5 студзеня 2022 года.

Падрабязная інфармацыя пра сустрэчы пададзена:

  • на старонцы ў сацыяльнай сетцы Instagram — @moladz_m_m
  • альбо па тэлефоне +375 (29) 772 56 78 — айцец Віктар Мялешка OFMConv.
Абноўлена 16.12.2021 17:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа