У пятніцу пасля актавы Божага Цела Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Гэтая ўрачыстасць выражае праўду, аб якой сказаў св. апостал Ян: «Бог ёсць любоў».
Культ Сэрца Езуса быў вядомы яшчэ ў Сярэднявеччы, распаўсюдзіўся ў Касцёле і быў афіцыйна прызнаны пад уплывам аб’яўленняў, якія перажыла французская манашка-містык XVII стагоддзя св. Маргарыта Марыя Алякок.
Гэтая ўрачыстасць кажа пра сімволіку сэрца, што выражае любоў. Усе літургічныя тэксты гэтай урачыстасці звяртаюць увагу перадусім на Божую любоў, найбольш яскравы сімвал якой — Сэрца Езуса.
Яшчэ старажытныя хрысціянскія пісьменнікі падкрэслівалі, што з прабітага Сэрца Езуса нарадзіўся Касцёл і сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыя — сакрамэнт Божай любові. Пачаткі культу Сэрца Езуса заўважныя ўжо ў Сярэднявеччы, калі незалежна адзін ад аднаго ў розных месцах з’явілася набажэнства да Сэрца Езуса. З XVII ст. культ Найсвяцейшага Сэрца распаўсюдзіўся ва ўсім Касцёле. Гэтаму паспрыялі асабліва двое святых: Маргарыта Марыя Алякок і яе спаведнік святар Жан Эд. Галоўная заслуга ў распаўсюджванні культу Найсвяцейшага Сэрца належыць св. Маргарыце Марыі Алякок (1647–1690) з кляштара візітак у Парэ-ле-Маньяле.
Пасля даследванняў Апостальская Сталіца прызнала верагоднасць аб’яўленняў святой. Урачыстасць зацвердзіў у 1765 г. папа Клімэнт XIII. Днём урачыстасці была вызначана, згодна з задачай, якую Езус прадставіў св. Маргарыце Марыі, пятніца пасля актавы Божага Цела. Пій IX у 1856 г. пашырыў урачыстасць на ўвесь Касцёл. Гэты ж Папа 31 снежня 1899 г. aддаў у апеку Сэрцу Езуса ўвесь Касцёл і чалавечы род. Пій ХІІ у 1956 г. выдаў спецыяльную энцыкліку Haurietis aquas, прысвечаную ўшанаванню Сэрца Езуса.
Найбольш папулярныя формы культу Сэрца Езуса, акрамя самой урачыстасці, — гэта набажэнства да Сэрца Езуса, якое цэлебруецца на працягу ўсяго чэрвеня, літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а таксама прысвячэнне роду людскога Сэрцу Езуса.
З цягам часу і з распаўсюджваннем набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса былі вылучаны таксама «абяцанні Хрыста», узятыя з лістоў св. Маргарыты Марыі Алякок.
Абяцанні Пана Езуса, зробленыя святой Маргарыце Марыі Алякок і шанавальнікам Яго Найсвяцейшага Сэрца:
- Дам ім усе ласкі, патрэбныя ў іх стане.
- Згода і супакой будуць панаваць у іх сем’ях.
- Буду суцяшаць іх ва ўсіх смутках.
- Буду ім бяспечным Прытулкам у жыцці, а асабліва пры смерці.
- Пралью шчодрыя благаслаўленні на ўсе іх намеры.
- Грэшнікі знойдуць у Маім Сэрцы Крыніцу бясконцай міласэрнасці.
- Душы прахалодныя стануць руплівымі.
- Душы руплівыя хутка дойдуць да дасканаласці.
- Благаслаўлёныя будуць дамы, дзе будзе ўшаноўвацца выява Майго Сэрца.
- Святарам дам дар скрушэння скамянелых сэрцаў.
- Імёны людзей, якія будуць пашыраць гэтае набажэнства, будуць запісаны ў Маім Сэрцы, і яны застануцца з Ім назаўжды.
- Перадам звыш меры Міласэрнасць Майго Сэрца, з Усемагутнасцю Маёй Любові, усім тым, хто прымае святую Камунію ў першыя пятніцы, на працягу дзевяці месяцаў запар, ласку пакаяння, што не памруць у Маёй няміласці або без святых сакрамэнтаў, а Маё Сэрца будзе ім самым найдзейным Прытулкам у апошнюю гадзіну іх жыцця.
У кульце, які аддаецца Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, найважнейшым з’яўляюцца не знешнія праявы пабожнасці, а значэнне гэтага культу не звязана выключна з акрэсленымі дабротамі, якія абяцаў Хрыстус. Гэтыя абяцанні былі дадзены з той мэтай, каб людзі, спаўняючы свае асноўныя рэлігійныя абавязкі, якімі з’яўляюцца любоў і перапрашэнне, мелі праз гэта як мага больш духоўнай карысці.
Сёлета ва ўрачыстасць Сэрца Езуса біскупы Беларусі заклікаюць маліцца аб святасці святароў і кансэкраваных асобаў.
У гэты ж дзень таксама пройдзе акцыя «Адна хвіліна дзеля міру».