Пошук

08.06.2018 00:00   Catholic.by
© Focus On The Church

8 чэрвеня па ініцыятыве «Каталіцкага дзеяння» і шэрагу іншых каталіцкіх арганізацый а 13-й гадзіне ва ўсім свеце праводзіцца акцыя «Адна хвіліна дзеля міру».

Ініцыятыва ўзнікла чатыры гады таму ў падтрымку дыялогу дзеля міру на Святой Зямлі напярэдадні сустрэчы Святога Айца Францішка з прэзідэнтам Ізраіля Шымонам Перэсам, кіраўніком Палестынскай аўтаноміі Махмудам Абасам і Канстанцінопальскім патрыярхам Барталамеем, якая адбылася 8 чэрвеня 2014 г. у садах Ватыкана. З 2015 г. акцыя праводзіцца ва ўсім свеце 8 чэрвеня а 13-й гадзіне.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая адбылася год таму, папа Францішак нагадаў пра актуальнасць ініцыятывы:

«У наш час існуе вялікая патрэба маліцца — хрысціянам, юдэям і мусульманам — за мір».

Як праходзіць акцыя?

Ініцыятары заклікаюць усіх, каму дарагая справа міру, веруючых і няверуючых, затрымацца на хвіліну малітвы або маўчання. Можна маліцца паасобку або ў супольнасці, дома, на працы, на вучобе. Магчыма таксама запланаваць на гэты час набажэнства ў інтэнцыі міру і правесці яго ў святыні або на вуліцы. Галоўнае, як адзначаюць ініцыятары акцыі, каб да яе далучылася як мага больш людзей і каб такім чынам ва ўсім свеце пашыралася справа міру.


Малітва папы Францішка 8 чэрвеня 2014 г.

Пане, Божа міру, выслухай нашае маленне! Мы шмат разоў на працягу многіх гадоў спрабавалі вырашаць канфлікты паміж намі з дапамогаю сілы і нават з дапамогаю зброі; перажылі так шмат хвілін варажнечы і цемры; пралілі так шмат крыві; паламалі так шмат лёсаў; пахавалі так шмат надзеяў… Але нашыя намаганні аказаліся марнымі.

Цяпер, о Пане, Ты сам дапамажы нам! Дай нам мір, навучы нас міру, вядзі нас да міру. Адкрый нашыя вочы і нашыя сэрцы і дай нам мужнасць сказаць: «Няхай больш ніколі не будзе вайны! Вайна ўсё разбурае!» Напоўні нас адвагаю рабіць канкрэтныя справы дзеля пабудовы міру. Пане, Божа Абрагама і Прарокаў, Божа Любові, які стварыў нас і заклікаеш нас, каб мы жылі як браты, дай нам сілы кожны дзень быць творцамі міру; дай нам здольнасць добразычліва глядзець на ўсіх нашых братоў, якіх мы сустракаем на нашым шляху. Дай нам здольнасць пачуць крык нашых суграмадзянаў, якія просяць нас ператварыць нашыя ўзбраенні ў прылады міру, нашыя страхі — у давер, а нашыя крыўды — у прабачэнне.

Падтрымлівай у нас нязгаснае полымя надзеі, каб з цярплівай настойлівасцю мы выбіралі дыялог і прымірэнне дзеля канчатковай перамогі міру. Няхай з сэрца кожнага чалавека назаўжды знікнуць словы «падзел, нянавісць, вайна»! Пане, абяззброй язык і рукі, аднаві сэрцы і думкі, каб нашым прывітаннем заўсёды было слова «брат», а стылем нашага жыцця стаў шалом, мір, салям!

Амэн.

Абноўлена 08.06.2018 11:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.