Пошук


9 красавіка, у Пальмовую нядзелю, католікаў Магілёва на ўрачыстыя святыя Імшы ў катэдральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава запрашаў звон званоў. Гэтага сакральнага звону мясцовыя жыхары не чулі больш за 70 гадоў — ад часоў, калі святыня была зачынена савецкімі ўладамі.

У 1946 годзе касцёл быў зачынены, а ў будынку быў змешчаны спачатку Цэнтральны гістарычны архіў БССР, а з 1960 года Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці. У пачатку 1990-х гадоў будынак касцёла быў аддадзены вернікам, але за гэты перыяд святыня страціла частку роспісаў і арган з рэдкімі керамічнымі трубамі.

Па ініцыятыве і намаганнямі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, біскупскага вікарыя для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці, на катэдры былі ізноў усталяваны званы.

Ахвяраванні на набыццё і ўсталяванне званоў склала сям’я Эпштэйнаў з Мінска, вернікі маладзечанскай парафіі Св. Юзафа разам з кс. пралатам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім, парафіяльныя супольнасці з Вілейшчыны разам з кс. дэканам Аляксандрам Барылам, вернікі бабруйскай парафіі разам з пробашчам кс. дэканам Андрэем Яркаўцом, а таксама вернікі катэдральнай парафіі ў Магілёве разам з пробашчам парафіі кс. дэканам Віталіем Драздоўскім.

«Моцна веру ў тое, што таксама дзякуючы голасу званоў cа старажытнай каталіцкай магілёўскай катэдры хтосьці знойдзе свой шлях да Бога, а ў кагосьці абудзіцца сумленне вярнуцца да Пана яшчэ падчас зямнога пілігрымавання да вечнасці», — адзначыў біскуп Аляксандр падчас урачыстай Эўхарыстыі ў Пальмовую нядзелю.


Калі ў магілёўскай катэдры будуць званіць званы?

«З павагі да людзей, якія жывуць недалёка ад катэдры, перад ранішнімі набажэнствамі званы не будуць званіць. Выключэннем стане толькі ўрачыстасць Пасхі, — падкрэсліў біскуп Аляксандр. — У буднія дні званы будуць званіць за паўгадзіны да вячэрняй святой Імшы на працягу трох хвілін, а ў нядзелю — перад кожнай святой Імшой, акрамя ранішняй. Таксама, паводле традыцыі, кожны дзень у 12.00 будзе гучаць меладычны звон-запрашэнне да малітвы “Анёл Панскі”».

Іерарх адзначае, што «Надзвычайны Год Божай Міласэрнасці быў для супольнасці паўсюднага Касцёла знакам нястомнага закліку да міласэрнасці, таму кожны дзень у 15.00 — у Гадзіну Божай Міласэрнасці — званочкі будуць запрашаць да  адмысловай малітвы, якая, у сваю чаргу, можа натхняць чалавека на ўчынкi мiласэрнасцi». На заканчэнне дня ў 21.00 званы будуць біць у гонар Маці Божай Бялыніцкай, якую асабліва ўшаноўваюць на Магілёўшчыне.


Традыцыя ўсталёўваць званы на святынях

«З высокай вежы ў свет бязмежны ...ўсё адаб’ецца ў гулкай медзі, тысячакратна адзавецца», — пісаў нямецкі паэт і філосаф Фрыдрых Шылер у сваёй «Песні пра звон».

Да стварэння сродкаў масавай камунікацыі званы былі адзіным спосабам, каб сабраць разам людзей з найбліжэйшых ваколіц. Біццё ў званы мела як рэлігійныя, так і надзвычайныя (аварыйныя) функцыі.

Званы ў касцёлах ужываліся для таго, каб абвяшчаць людзям час, калі трэба прыйсці ў святыню — на святую Імшу, шлюб, пахаванне, а таксама іншыя набажэнствы.

З 1610 года існавала таксама прыгожая традыцыя біць у званы, калі святар падымаў Гостыю падчас святой Імшы (момант кансэкрацыі). Гэта рабілася для таго, каб тыя, хто не прысутны ў касцёле, хаця б у думках ушанавалі Найсвяцейшы Сакрамэнт.

Акрамя гэтага здаўна існуе традыцыя надавання званам імёнаў. Звычайна гэта імёны фундатараў, але званам могуць надавацца таксама імёны ў гонар святых.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што голас званоў скіраваны ў самае сумленне чалавека, каб ён памятаў пра запрашэнне Бога на Эўхарыстыю тут, на зямлі, а праз гэта — да вечнага шчасця ў небе пасля смерці.

Валянціна Грамыка
Фото Па
ўла Галiмава

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 01.11.2017 11:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.