Пошук

03.02.2025 08:34   Тэкст: Дар’я Семянько / Фота: Юрый Стэльмах / Catholic.by

У нядзелю, 2 снежня, у старадаўняй магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адзначылі свята Ахвяравання Пана. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

На пачатку сваёй гаміліі біскуп нагадаў прысутным вернікам, што ў гэты дзень Дзева Марыя разам са святым Юзафам прыйшлі ў Ерузалімскі храм, каб па законе прынесці туды сваё Дзіця. Таксама іерарх прапанаваў успомніць, з чым быў звязаны гэты закон:

“Усім нам неабходна ўспомніць, як некалі Бог загадвае Майсею вывесці ізраільскі народ з Егіпта. Фараон пярэчыў гэтаму наказу Бога і як не жадаў выканаць тое, пра што прасіў яго Майсей. Адзінае, што прымусіла ўсё ж фараона саступіць, - гэта страшнае пакаранне смерцю ні ў чым не павінны немаўлятаў-першынцаў егіпецкіх. Жахнуўся фараон, уздрыгнуў увесь Егіпет, бачачы ў гэтым руку Божую, якую немагчыма спыніць. Толькі тады фараон прымае рашэнне адпусціць Ізраіль з Егіпта. І калі Майсей вёў свой народ у зямлю абяцаную, Бог загадаў, каб усякае немаўля мужчынскага полу, якое нараджаецца першым, як уласнасць Божая, набытая крывёю егіпецкіх першынцаў, быў прысвечаны Богу”.

Дзеву Марыю з Дзіцяткам Хрыстом на руках і святога Юзафа ў Ерузалімскім храме сустрэлі праведны Сімяон і прарочыца Ганна.

Менавіта на гісторыі жыцця Сімяона і засяродзіў увагу біскуп Яшэўскі:

“Сімяон быў адным з 70-ці перакладчыкаў, якія ў III ст. да нараджэння Хрыста пры цары Пталамеі Філадэльфе ў Александрыі, перакладаў Святое Пісанне з габрэйскай на грэцкую мову для гэтага егіпецкага цара. Яму дасталася для перакладу кніга прарока Ісаі, які вельмі шмат прарочыў пра Езуса Хрыста. Перакладаючы тое месца, дзе Ісая кажа, што «вось Дзева ва ўлонні зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл» (Іс 7,14), праведны Сімяон падумаў, што, па ўсёй бачнасці, у тэкст укралася памылка, - не можа дзева нарадзіць, і калі нараджае, то нараджае жанчына - жонка. Ён сцірае слова «дзева» і хоча ўпісаць туды слова «жонка», і ў гэты самы момант анёл Божы бярэ за руку Сімяона і загадвае яму не рабіць гэтага выпраўлення. Ісціна, пра якую казаў прарок Ісая, сапраўды споўніцца, і ён, Сімяон, стане сведкам яе выканання і не памрэ да таго часу, пакуль не спраўдзіцца напісанае”.

Сімяон быў вельмі стары, цялесныя вочы яго аслабелі, але незамутненым заставаўся яго духоўны позірк, бо ён пазнаў у маленькім Дзіцяці прадказанае збаўленне ўсіх народа. На думку біскупа Аляксандра, гэта вельмі каштоўны для нас прыклад:

Мы часта гаворым, што няма нічога больш каштоўнейшага, чым смерць за Хрыста. Гэта правільна, і не выпадкова Касцёл так услаўляе святых мучанікаў. А калі ўглядаешся ў выяву святога Сімяона, то бачыш тут іншую каштоўнасць, дасканаласць гэтага чалавека: а менавіта тое, што ён жыў дзеля Хрыста, ён жыў чаканнем сустрэчы з Хрыстом”.

Іерарх падкрэсліў, што веруючыя, напэўна, зайздросцяць праведнаму Сімяону, што на захадзе жыцця ён усё ж сустрэўся Езусам Хрыстом і нават трымаў Яго на сваіх руках.

“Тым не менш, мы, цяперашнія хрысціяне, паслядоўнікі нашага Збавіцеля, сыны і дачкі нашага Святога Касцёла, значна шчаслівейшыя за праведнага Сімяона і прарочыцы Ганны. Бо кожнаму з нас, веруючым людзем, дадзена магчымасць не аднойчы і не толькі ў святыні сустрэць Хрыста, але і на ўсялякім месцы нашага зямнога быцця. Нам дадзена магчымасць мець Хрыста ў сваім сэрцы, і гэта нашмат важней”, - заўважыў біскуп.

Хрыстовы Касцёл дае людзям шмат магчымасцяў сустрэць Бога праз сакраманты, але – як адзначыў  біскуп - большасць з людзей гэтымі магчымасцямі не карыстаецца:

Нам здаецца, што сустрэча з Богам накладзе некаторыя абмежаванні на нашу свабоду, і я не змагу здзяйсняць усяго таго, што мне хацелася б. А так мне хочацца атрымаць усе даброты тут, на зямлі, і не чакаць, калі наступіць вечнае шчасце, і не працаваць дзеля гэтага, адмаўляючы сабе ва ўсім!”

Напрыканцы свайго казання біскуп Аляксандр Яшэўскі сцвердзіў, што свята Ахвяраванне Пана нагадвае нам пра неабходнасць задумацца над тым, што наша сустрэча з Богам адбываецца пры здзяйсненні любой добрай справы:

“І калі мы так будзем жыць, калі ў кожным чалавеку мы пастараемся ўбачыць Бога, незалежна ад таго, кім з’яўляецца гэты чалавек, тады сапраўды, мы не толькі годна выканаем свой хрысціянскі абавязак, але і адбудзецца сустрэча Бога з чалавекам і чалавека з Богам!”

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.