Пошук

20.01.2025 13:31   Відэа: MSoleg Mix / Catholic.by
Касцёл Маці Божай Каралевы ў Драгічыне. Фота: Yandex

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка кіруе адмысловае Паведамленне вернікам Пінскай дыяцэзіі з нагоды пасвячэння касцёла Маці Божай Каралевы ў Драгічыне (Кобрынскі дэканат).

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка

ПАВЕДАМЛЕННЕ
вернікам Пінскай дыяцэзіі
з нагоды пасвячэння касцёла
Маці Божай Каралевы ў Драгічыне

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Дзякуем Міласэрнаму Богу за дар Новага, 2025 года, у якім мы адзначаем падвойны юбілей: разам з Паўсюдным Касцёлам святкуем юбілейны год ад Нараджэння Хрыста, а ў Пінскай дыяцэзіі — стагоддзе з даты яе заснавання. Гэты час шчодры на шматлікія духоўныя мерапрыемствы. Хачу запрасіць вас на знакавую падзею для нашай дыяцэзіі.

22 лютага ў 12.00 у горадзе Драгічыне адбудзецца ўрачыстае пасвячэнне новага парафіяльнага касцёла Маці Божай Каралевы.

Каталіцкі Касцёл на драгічынскай зямлі налічвае шматлікія стагоддзі багатай гісторыі. Тут многія вякі рупліва служылі Божаму народу браты францішкане. Сведкам той вялікай мінуўшчыны з’яўляюцца, між іншым, руіны старадаўняга касцёла ў вёсцы Язвіны каля Драгічына. Пра багацце духоўнай і сакральнай спадчыны гэтай зямлі можа шмат расказаць касцёл у Бездзежы.

У самым Драгічыне на працягу стагоддзяў парафіяльны касцёл дзяліў лёс мястэчка, перажываючы ліхалецці войнаў, пажараў, адбудоваў і мірнага развіцця. За апошняе стагоддзе такім знакам надзеі была адбудова і пасвячэнне парафіяльнай святыні ў 1928 годзе замест раней разбуранай. Але і гэты касцёл у часы атэізму пасля Другой сусветвнай вайны драгічынскія вернікі страцілі. Будынак, хоць і захаваўся, але быў пераабсталяваны для свецкага ўжытку.

У 1990-я гады драгічынскія католікі распачалі старанні аб пабудове новага парафіяльнага касцёла замест страчанай святыні. Спачатку парафіяне маліліся ў доме, пераабсталяваным пад капліцу. Але дзякуючы нястомнай руплівасці вернікаў і душпастыраў, а таксама дзякуючы прыхільнасці мясцовых уладаў, якія са зразуменнем аднесліся да патрэбаў драгічынскіх католікаў, у 2018 годзе завяршылася будаўніцтва новага парафіяльнага касцёла.

Гэтая святыня стала сапраўдным упрыгажэннем горада, а вернікі ўрэшце маюць годнае месца для супольных набажэнстваў, удзелу ў святых сакрамэнтах, перажывання з Богам у сваім касцёле разнастайных момантаў жыцця.

Запрашаю святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі на радасную ўрачыстасць пасвячэння новага парафіяльнага касцёла ў Драгічыне. Няхай нашая супольная малітва 22 лютага стане актам падзякі Пану Богу за адраджэнне духоўнага жыцця і нашых святынь.

З пастырскім благаслаўленнем,

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 17 студзеня 2025 г.

Святарам належыць абвясціць гэтае Паведамленне вернікам у нядзелю 2 лютага падчас кожнай святой Імшы і размясціць на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў да 23 лютага 2025 г.

Абноўлена 20.01.2025 17:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.