22 жніўня парафія ў Драгічыне адзначыла патранальную ўрачыстасць Маці Божай Каралевы. Парафіяльны фэст наведаў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец.
Разам з іерархам урачыстую святую Імшу цэлебравалі канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі кс. Андрэй Рылка і пробашч парафіі кс. Павел Кручэк. Вернікі прывіталі біскупа Казіміра з асаблівым энтузіязмам, бо дзякуючы яго падтрымцы і старанням яны змаглі пабудаваць новую парафіяльную святыню, у якой моляцца ўжо пяты год. Удзельнікі ўрачыстасці таксама павіншавалі іерарха з 75-гадовым юбілеем, запэўніўшы ў пастаяннай малітоўнай падтрымцы.
У гаміліі біскуп заахвоціў бацькоў прыкладаць асаблівыя намаганні да таго, каб выхоўваць дзяцей у духу жывой веры.
Іерарх прывёў прыклад св. Яна Паўла ІІ, якому прысвечаны сёлетні душпастырскі год у сувязі са 100-годдзем з дня яго нараджэння. Біскуп звярнуў увагу на ролю роднага бацькі будучага Пантыфіка, які з маленства даваў яму асабісты прыклад штодзённай малітвы, гарачай веры і адданасці Маці Божай.
На заканчэнне ўрачыстай літургіі прысутныя на чале з біскупам памаліліся перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам праз заступніцтва Маці Божай Каралевы аб умацаванні веры ў сем’ях, а таксама аб Божым благаслаўленні для Беларусі.