22 жніўня, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы, адбыліся адпустовыя ўрачыстасці ў парафіі Маці Божай Каралевы ў Драгічыне (Пінская дыяцэзія).
Фэст распачаўся святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У гаміліі біскуп звярнуў увагу вернікаў на важнасць аб’яўленняў Маці Божай, якія адбыліся сто гадоў таму ў ваколіцах партугальскага мястэчка Фаціма. Пастыр Піншчыны запрасіў вернікаў прыслухацца і прыняць глыбока да сэрца заклік Панны Марыі, скіраваны да сучаснага свету праз пасрэдніцтва маленькіх пастухоў з Фацімы – святых Жасінты і Францішка, а таксама Люцыі, кандыдаткі на хвалу алтара – гэта два надзвычай важныя словы: малітва і пакаянне.
Біскуп адзначыў неабходнасць частай малітвы на ружанцы, а таксама ўзгадаў пра моц заступніцтва Той, якую Божы Провід даў Драгічыну як Нябесную Апякунку – Каралеву нябёсаў – Найсвяцейшую Панну Марыю.
Святая Імша завяршылася велічнай працэсіяй вакол касцёла. Сваім спевам і малітвай фэст у драгічынскай парафіяльнай супольнасці падтрымалі таксама выхаваўцы і навучэнцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску.