Пошук

11.05.2018 00:10   Catholic.by

17 красавіка 1938 г. папа Пій ХІ кананізаваў у Рыме палескага мучаніка Андрэя Баболю, які без рэшты прысвяціў сваё жыццё справе ўз'яднання падзеленых хрысціянаў. З нагоды 80-годдзя кананізацыі святога апекуна Пінскай дыяцэзіі, успамін якога святкуецца 16 мая, Пінскі біскуп Антоні Дзям'янка звярнуўся да вернікаў з пастырскім лістом.

Дарагія вернікі Пінскай дыяцэзіі!

Сведчанне веры мучанікаў — гэта вялікі Божы дар, які ёсць у Касцёле і які пабуджае сэрцы людзей да навяртання. Жыццё і мучаніцкая смерць тых, хто наследаваў Хрыста, схіляе таксама да роздуму над унутранымі магчымасцямі чалавека, якія дае яму вера. Адным з такіх мучанікаў, імя якога навекі ўпісана ў гісторыю Касцёла, з’яўляецца святы Андрэй Баболя — нябесны апякун нашай дыяцэзіі.

Святы Андрэй Баболя нарадзіўся 30 мая 1591 г. у Страхоціне каля Санака (Польшча). Ён паходзіў з сярэднезаможнай сям’і, якая адрознівалася глыбокай прывязанасцю да каталіцкай веры. Маючы дваццаць гадоў, Андрэй Баболя ўступіў у Ордэн езуітаў у Вільні. Там жа ў 1613 г. ён прынёс манаскія абяцанні, пасля чаго вывучаў філасофію і тэалогію. Навучанне ішло даволі добра, але апошні экзамен яму не ўдалося здаць, з-за чаго для Андрэя закрылася магчымасць навуковай дзейнасці. Адкрылася, аднак, дарога да ўнутранай дасканаласці. Род Баболяў быў вядомы сваёй тэмпераментнасцю і парывістасцю. У пэўным сэнсе гэтыя якасці пераняў і Андрэй Баболя: ён быў рашучым, упартым, эмацыянанальным. Але малады манах рупліва працаваў над сабою, выкараняючы недахопы і праводзячы шмат часу ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Важным момантам у жыцці святога было адданне сябе пад апеку Божай Маці ў шэрагах Марыянскай Садаліцыі. Прэзбітэрскае пасвячэнне Андрэй Баболя атрымаў 12 сакавіка 1622 г., а таксама прынёс чацвёртае манаскае абяцанне выключнай паслухмянасці Святому Айцу, якое даюць члены Таварыства Езуса. У святарскім служэнні ён адзначыўся як прапаведнік, спавяднік, выхаваўца моладзі, народны місіянер. Яго называлі «апосталам Піншчыны», «душахватам» і «лаўцом душаў».

Праз сваё мучаніцтва святы Андрэй Баболя залічваецца ў шэраг сведкаў Езуса, якія дзеля веры прынялі вялікія пакуты. Казакі з асаблівым садызмам здзекваліся са святога: садралі святарскае адзенне і прывязалі да слупа, потым пачалі біць нагайкамі, намовамі і пагрозамі стараючыся прымусіць яго адрачыся ад каталіцкай веры. Калі Андрэй Баболя рашуча адмовіў, каты зрабілі з вярбы карону на ўзор цярнёвай кароны Хрыста і ўсклалі яму на галаву. Яе сціскалі ўсё больш і больш, але так, каб не праламаць чэрап. Пасля святога пачалі біць па твары і выбілі яму зубы. Затым вырвалі пазногці і садралі скуру з рукі. Пасля такіх здзекаў казакі прывязалі святога Андрэя Баболю да каня і валаклі па дарозе, б’ючы ланцугамі. Калі айца Андрэя прывялі да атамана, пачаўся дыялог: «Ты — ксёндз?» «Так, — адказаў святы і працягнуў: — Мая вера вядзе да збаўлення. Навярніцеся!» Атаман раніў святара шабляй, пасля чаго яго паклалі на стале і пачалі паліць цела агнём. На галаве святога казакі выразалі скальп, садралі скуру на плячах у выглядзе арната. Раны пасыпалі сечкаю. Пасля адрэзалі нос і вусны. Урэшце мучаніка падвесілі ўніз галавой і ўдарам шаблі скончылі яго пакуты. Цела пакутніка было пахавана ў крыпце касцёла святога Станіслава ў Пінску, і на некаторы час пра яго забыліся.

Пачатак культу святога Андрэя Баболі звязаны з яго аб’яўленнем рэктару езуіцкага калегіума ў Пінску айцу Марціну Гадэбскаму ўначы 16 красавіка 1702 г. «Начны прывід» прадставіўся, кім з’яўляецца, і прапанаваў дапамогу з умоваю, што яго цела будзе знойдзена і належным чынам ушанавана. Пасля трохдзённых пошукаў цела знайшлі. Найбольш уражваючым было тое, што яно не расклалася пасля 45 гадоў прабывання ў зямлі. Гэтага хапіла, каб людзі нанава ўзгадалі славутага некалі місіянера і пачалі маліцца праз яго заступніцтва. Беатыфікацыя Андрэя Баболі адбылася 30 кастрычніка 1853 г., а кананізацыя — 17 красавіка 1938 г.

Вартай увагі з’яўляецца гісторыя рэліквій святога. Калі езуіцкі касцёл у Пінску быў перададзены праваслаўным, рэліквіі дазволілі перанесці ў Полацк, дзе яны знаходзіліся да 1920 г. Прадстаўнікі новых уладаў, якія распачалі змаганне з рэлігіяй, учынілі іх прафанацыю: адкрылі труну і выкінулі цела святога на зямлю. Але, як ні дзіўна, яно не рассыпалася і не пашкодзілася. 20 ліпеня таго самага года цела Андрэя Баболі было прызнана добра муміфікаваным і перавезена ў Маскву на выстаўку, арганізаваную Народным камісарыятам здароўя. Вернікі прыходзілі і туды, каб ушанаваць рэліквіі. У сувязі з тым, што Савецкі Саюз у той час цярпеў голад, улады згадзіліся ў 1922 г. абмяняць рэліквіі мучаніка на гуманітарную дапамогу, якую аказаў папа Пій ХІ. Іх перавезлі спачатку ў Адэсу, а адтуль праз Стамбул у Рым. Рэліквіі змясцілі ў базыліцы святога Пятра ў капліцы святой Мацільды. У маі 1924 г. іх перадалі езуітам у касцёл Іль-Джэзу ў Рыме. У 1938 г. пасля кананізацыі рэліквіі былі ўрачыста перавезены з Рыма ў Варшаву. Ва ўсіх гарадах і вёсках, праз якія «ішоў» святы Андрэй Баболя, яго сустракалі з вялікай пашанай. Дагэтуль рэліквіі знаходзяцца ў варшаўскім езуіцкім касцёле на вуліцы Ракавецкай.

Кожны святы — гэта Божы знак, асабліва для часу, у які ён жыве. Святы Андрэй Баболя ярка заззяў у свой час. Духоўны сын святога Ігнацыя Лаёлы прагнуў быць у Ордэне езуітаў сапраўдным сябрам Езуса і абвяшчаць Яго Евангелле. З’яднаны з Богам праз нястомную малітву і напоўнены Божым Духам, ён знаходзіў для Касцёла новых вызнаўцаў. Як верны паслядоўнік Хрыста, Добрага Пастыра, ён аддаў сваё жыццё за авечак. Гэты нястомны апостал Палесся імкнуўся сабраць іх у адзіным Хрыстовым Касцёле. Святы Андрэй цярпеў з-за падзелу сярод хрысціянаў, адчуваючы боль з-за таго, што па прычыне чалавечай пыхі шаты Хрыста былі разарваныя. Ён імкнуўся рэалізаваць волю Езуса, каб настала адна аўчарня і адзін Пастыр. Святы Андрэй Баболя стаў мучанікам за адзінства хрысціянаў. Тых, да каго не змог сказаць слова, знайшоў праз сваю пралітую кроў. Да яго рэліквій прыходзілі маліцца і католікі, і праваслаўныя. Святы Андрэй Баболя не перастаў быць апосталам і пасля смерці. Ён здзяйсняў апостальства вандроўкаю свайго здратаванага цела. У пэўным сэнсе, лёс яго рэліквій — гэта вобраз драматычнай гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

Кожны святы — гэта панадчасовы знак Бога для людзей. Святы Андрэй Баболя з’яўляецца таксама знакам і для нас, і для нашых часоў. Ён, які памёр тры з паловай стагоддзя таму, прамаўляе да нас, людзей трэцяга тысячагоддзя. Святы Андрэй Баболя — гэта прыклад непахіснай веры, якая не ламаецца перад абліччам найцяжэйшых выпрабаванняў, не баіцца пагрозаў і катаванняў, не вагаецца ахвяраваць самым каштоўным —сваім жыццём. Няхай яго прыклад і заступніцтва заахвочвае кожнага з нас да апостальскай руплівасці і вернасці Хрыстоваму Касцёлу.

Пінск, 10.05.2018

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Гэты ліст неабходна прачытаць вернікам у нядзелю 13 мая 2018 г. падчас кожнай св. Імшы, а таксама змясціць на дошцы парафіяльных аб’яваў да канца мая.

Абноўлена 11.05.2018 11:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа