9 мая адбылася аднадзённая пешая пілігрымка з Пінска ў санктуарый Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, традыцыйна прымеркаваная да гадавіны каранацыі цудадзейнага абраза. Ужо ў 26-ы раз каля дзвюх соцень пешых пілігрымаў, пераважна моладзі, прайшлі 30-кіламетровы шлях ад старадаўняй пінскай катэдры да святыні ў Лагішыне.
Разам з пілігрымамі, якія сабраліся з розных куточкаў Пінскай дыяцэзіі і іншых мясцовасцяў, у пілігрымцы ўдзельнічалі святары, выкладчыкі і студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.
Асаблівым момантам на шляху пілігрымкі было наведванне парафіі Св. Ганны ў в. Крыўчыцы (Пінскі р-н). Шмат гадоў гэтая парафія гасцінна вітае пілігрымаў, а яны, са свайго боку, з дапамогай семінарыстаў заўсёды рыхтуюць для тамтэйшых парафіянаў адмысловую духоўна-музычную праграму.
Да пешых пілігрымаў далучыўся таксама біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Акрамя тых, хто ішоў у Лагішын пешкі, у санктуарый прыехала шмат пілігрымаў з Пінска, Брэста, Мінска і іншых месцаў, каб узнесці да Бога свае малітоўныя інтэнцыі праз заступніцтва Каралевы Палесся.
Урачыстую літургію на заканчэнне пілігрымкі ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка. У гаміліі іерах запрасіў усіх сабраных задумацца над разнастайнымі сустрэчамі чалавека з Богам, якія апісвае Біблія. Некаторыя біблійныя героі перажывалі гэтыя сустрэчы вельмі інтэнсіўна і глыбока, іншыя — цяжка і драматычна. Прыкладам найбольш цеснай і трывалай сувязі з Богам з’яўляецца Панна Марыя.
Па словах біскупа, у Марыі нам трэба вучыцца добра перажываць кожную сустрэчу з Богам і прыводзіць да гэтай сустрэчы іншых.
На заканчэнне святой Імшы біскуп разам з кусташам санктуарыя кс. Тадэвушам Шэшкам, арыяністам, падзякавалі шматлікім сабраным пілігрымам за іх сведчанне веры, за любоў да Маці Божай, за ахвяраваны час і сілы на тое, каб самім перажыць гэты цуд асабістай сустрэчы з Багародзіцай. Словы ўдзячнасці пінскі іерарх выказаў таксама мясцовым вернікам, кіраўніцтву лагішынскага Дома міласэрнасці за гасціннасць і прадстаўнікам разнастайных службаў за дапамогу ў правядзенні пілігрымкі.
Асаблівая падзяка арганізатараў была скіравана «Радыё Марыя Беларусь» за медыйнае суправаджэнне пілігрымкі і ўрачыстасці і за інтэрнэт-трансляцыю святочнай літургіі. Гэта дало магчымасць мноству людзей ва ўсім свеце духоўна лучыцца з пілігрымкай і малітвай у лагішынскім санктуарыі.