Пошук

28.12.2024 19:25   Catholic.by

У ноч з 31 снежня на 1 студзеня 2025 года, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбудзецца ўрачысты абрад адкрыцця юбілейнай святыні 2025 года.

З гэтай нагоды Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе адмысловае паведамленне духавенству і вернікам.

Любыя сёстры і браты!

У сувязі з абвяшчэннем Юбілею Святога 2025 года з 24 снежня 2024 года па 6 студзеня 2026 года, згодна з рэкамендацыямі Папы Францішка, прадстаўленымі ў буле Spes non confundit («Надзея не расчаруе») ад 9 мая 2024 года, дэкрэтам ад 10 снежня 2024 года № 85/Д/24 юбілейнай святыняй Юбілею Святога 2025 года была прызначана базыліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе — Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай. На працягу Юбілею 2025 Святога года вернікі, якія наведаюць юбілейную святыню, могуць атрымаць поўны адпуст.

Урачысты абрад і цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле, прызначаным юбілейнай святыняй, узначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

  • Пачатак святой Імшы 31 снежня ў 22.30.
  • У 23.30 адбудзецца абрад адкрыцця юбілейнай святыні, а таксама набажэнства падзякі і перапрашэння на заканчэнне 2024 года.
  • Апоўначы адбудзецца благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам на пачатак Новага, 2025 Юбілейнага года.
  • Анлайн-трансляцыя з Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе даступная ТУТ>>>

Сардэчна запрашаю ўсіх на ўрачыстасць. Будзем разам у гэты дзень як «Пілігрымы надзеі». Дазволім Богу дзейнічаць у нашым жыцці, а праз нас — у жыцці нашых сясцёр і братоў, бо пакуль полымя любові Хрыстовай гарыць у нашых сэрцах, тым, хто крочаць побач з намі, холад нявер’я не можа пагражаць.

Браты і сёстры! Няхай гэты асаблівы год ласкі ўмацуе нас у крочанні за Хрыстом, які з’яўляецца Нязгасным Светачам свету, як было заўсёды, цяпер і будзе на векі вечныя.

Запрашаю ўсіх да малітвы падзякі за 2024 год і сустрэчы Новага, 2025 года Пана ў Нацыянальным санктуарыі нашай Каралевы.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Кс. кан. Дзмітрый Пухальскі
             Канцлер курыі

Абноўлена 31.12.2024 14:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця