У пятніцу 8 лістапада ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Чарнаўчыцах (Пінскаая дыяцэзія, Брэсцкі дэканат) адбылося пахаванне настаяцеля францішканскага кляштара святога Францішка Асізскага ў Маскве (Расія) айца Пятра Карнелюка OFMConv, душпастыра католікаў беларускага паходжання Масквы і Маскоўскага рэгіёна.
Святар адышоў у вечнасць 4 лістапада на 55-м годзе жыцця, 19-м годзе пасля вечных манаскіх абяцанняў і 18-м годзе святарства. 6 лістапада з памерлым айцом Пятром развіталіся іерархі, духавенства і вернікі ў катэдральным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве.
Цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы і абрады пахавання на радзіме спачылага святара ўзначаліў яго сабрат па францішканскім ордэне, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве біскуп Мікалай Дубінін OFMConv.
У прамоўленай гаміліі іерарх заўважыў, што менавіта на гэтай зямлі амаль 55 гадоў таму нарадзіўся Пётр Карнелюк, і цяпер тут адбываецца яго пахаванне.
«Мы развітваемся з ім на зямлі, але мы насамрэч духоўна суправаджаем яго туды, дзе чакае яго любячы Айцец; туды, дзе радасць вечная; туды, дзе ўжо радуюцца яго памерлыя бацькі, многія нашыя сябры, знаёмыя, людзі, якія, можа быць, сваім збаўленнем шмат у чым абавязаны айцу Пятру як святару», — адзначыў біскуп Дубінін.
Гаворачы пра спачылага, якога добра ведаў асабіста, яго сабрат падкрэсліў, што айцец Пётр быў вельмі светлым чалавекам, добрым і жыццярадасным, заўсёды гатовым выйсці насустрач, паразмаўляць, зразумець чалавека ў яго пакуце, яго болі.
«Так ён увасабляў сваё святарскае пакліканне, так ён выкарыстоўваў свае таленты, якімі Пан Бог яго ўзнагародзіў не для таго, каб ён іх выкарыстоўваў для сябе, але сведчыў аб любові самога Хрыста і аб радасці, якую дае Добрая вестка Хрыста: вестка аб набліжэнні Валадарства Божага; вестка праўдзівасці вечнага жыцця», — дадаў іерарх.
Біскуп францішканін выказаў падзяку Богу за тое, што Ён прывёў Пятра Карнелюка з яго творчай, свабоднай, радаснай душой у францішканскі ордэн, а таксама за тое, як ён прайшоў свой не занадта доўгі, але вельмі светлы і прыгожы шлях.
«Усё святарскае жыццё айцец Пётр пражыў у Расіі. Як вы чулі, у пачатку свайго служэння ён працаваў у розных месцах нашай расійскай кустодыі, але пры гэтым ён заўсёды любіў сваю радзіму.
Ён любіў Беларусь, ён любіў народ, мову. Непакоіўся заўсёды за яго, перажываў, падтрымліваў сувязь і, відаць, у гэтым плане правідэнцыйна, што вечны спачын ён знаходзіць тут, на сваёй беларускай зямлі», — зазначыў біскуп Дубінін, які таксама мае беларускія карані.
Ён узгадаў, што айцец Пётр заўсёды кудысьці ехаў, кудысьці спяшаўся, не расстаючыся са сваім альтам: каб набыць гэты інструмент, бацькі прадалі карову. Біскуп назваў спачылага святара «чалавекам без межаў», прызнаўшыся, што ў дні, калі лекары змагаліся за жыццё айца Пятра і калі ён адышоў у вечнасць, да яго асабіста і да братоў францішканаў прыходзілі дзясяткі паведамленняў з усяго свету.
«Але сапраўды няма межаў у Пана, і айцец Пётр адправіўся туды, дзе ўжо нішто не абмяжоўвае ў зносінах з Богам, нішто не азмрочвае радасці: ніякія пакуты, ніякія недахопы і ніякія абмежаванні. Ёсць толькі вось гэтае святло і радасць, напэўна, і тая музыка, якую так любіў айцец Пётр і якую заўсёды ў мностве сваіх рэкалекцый ён паказваў як штосьці боскае. Ён суправаджаў ёю свае словы, і многія з людзей, напэўна, запаміналі не столькі сэнс гэтых словаў, колькі святара з музыкай, які музыкай перакладаў гэтыя словы і казаў пра Бога», — заўважыў біскуп Дубінін, дадаўшы, што яго спачылы сабрат духоўна суправаджаў вельмі многіх людзей.
«Я ўпэўнены, што айцец Пётр як веруючы чалавек, як Хрыстовы святар, які ўжо радуецца на нябёсах, хацеў бы вельмі, каб і гэты момант развітання мы перажылі не як несуцешнае гора, але як невялікі боль, які вядзе да вялікай радасці. Каб у нашых сэрцах сёння таксама ўмацоўвалася і нараджалася надзея, што ён цяпер сустракае самога Пана, Яго Найсвяцейшую Маці і многіх дарагіх свайму сэрцу знаёмых людзей», — сказаў іерарх, выказаўшы надзею на новую сустрэчу з айцом Пятром у Божым Валадарстве.
На заканчэнне гаміліі біскуп Мікалай Дубінін узнёс падзяку Богу і спачыламу сабрату за ўсё зробленае ім на зямлі дабро:
«Дарагі ойча Пётра, дзякуем Пану Богу і дзякуем табе за тое, што ты быў і як выяўляў любоў Божую, Яго прыгажосць і радасць нам, якія тут сабраліся. Дзякуем за тое, што для многіх з нас ты стаў добрым сябрам, дарагім чалавекам, блізкім. Дзякуем за ўсё, што ты зрабіў, за кожнае тваё слова, за кожны добры ўчынак, за кожную тваю ўсмешку, за кожную тваю малітву. Няхай усё гэта як плады таго добрага насення, якое даў табе Бог, Ён жа сёння і прыме. Няхай даруе табе вечную радасць у супольнасці святых, і просім Пана, каб і нас, якія абяцаем, што будзем памятаць пра цябе і маліцца, Ён прыняў у гэтую радасную і светлую супольнасць».
Пахавалі спачылага айца Пятра Карнелюка на могілках у Чарнаўчыцах, дзе спачываюць яго бацькі і родныя.