Пошук

27.05.2024 17:55   Тэкст: Ігар Бараноўскі / Фота: Ігар Бараноўскі, Генадзь Піліпчук / Catholic.by

У нядзелю 27 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, сваю парафіяльную ўрачыстасць адзначыла парафія ў Чарнаўчыцах, што пад Брэстам (Пінская дыяцэзія), дзе знаходзіцца адзін з самых старажытных касцёлаў на Берасцейшчыне.

На ўрачыстасць у Чарнаўчыцах, якая сабрала поўны касцёл вернікаў, прыехалі святары з навакольных рыма-каталіцкіх парафій: ксёндз Юрый Хіневіч з Брэста, ксёндз Чэслаў Ёйка з Кобрына, ксёндз Андрэй Бародзіч, які служыць у парафіях Найсвяцейшай Тройцы ў Высокім і Воўчыне, а таксама грэка-каталіцкі святар айец Віталь Быстроў, які служыць для вернікаў візантыйскага абраду у Брэсце і Івацэвічах. Узначальваў урачыстую цэлебрацыю святой Імшы пробашч парафіі ў Чарнаўчыцах ксёндз Павел Халяўкін, дэкан Брэсцкі.

Гэты святочны дзень стаў асабліва памятным для пяці дзетак з чарнаўчыцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы: двое хлопчыкаў і тры дзяўчынкі ў гэты дзень прынялі сваю Першую святую Камунію.

Да гэтай важнай падзеі ў жыцці іх падрыхтавала сястра Вераніка, кармэлітка ад Дзіцятка Езуса, якая шмат гадоў дапамагае ў катэхетычнай працы ў парафіі.

Ксёндз Чэслаў Ёйка з Кобрына прымовіў святочную гамілію, у якой заклікаў прысутных на ўрачыстасці вернікаў любіць Бога Айца, давяраць Яго Сыну Езусу, які вядзе нас да збаўлення, і імкнуцца слухаць Святога Духа ў нашым штодзённым жыцці.

«Сутнасць Таго, кім ёсць Бог, — гэта любоў», — нагадаў святар. Таму бацькі павінны ва ўсім наследаваць нашага Стварыцеля, Бога-Айца, любіць і вучыцца дараваць, як Ён. А дзеці, адзначыў прапаведнік, павінны заўжды давяраць Богу і шанаваць сваіх бацькоў, якія іх нарадзілі, і памятаць, што, як і Бог Айцец, бацькі іх любяць у любой сітуацыі, што б ні здарылася.

Ксёндз Чэслаў Ёйка ўзгадаў таксама шматгадовую ахвярную працу ў Чарнаўчыцах у няпростыя савецкія часы пробашча парафіі ксяндза Антонія Грыбоўскага, а таксама адзначыў шчырае служэнне мясцовым вернікам цяперашняга пробашча і дэкана Брэсцкага ксяндза Паўла Халяўкіна, які прыйшоў на яго месца і вось ужо амаль тры дзесяцігоддзі клапоціцца пра духоўнае дабро сваіх парафіянаў, дбае пра захаванне старажытнай святыні, каб яна была прыгожым і ўтульным домам малітвы для тутэйшых вернікаў.

Святая Імша завяршылася Эўхарыстычнай працэсіяй з харугвамі вакол старажытнай чарнаўчыцкай святыні.

Пасля святой Імшы дзеці, якія ўпершыню прынялі святую Камунію, і іх бацькі выказалі словы ўдзячнасці свайму душпастыру, які вядзе іх да Бога.

Свята завяршылася пачастункам, наладжаным пад магутнымі старажытнымі мурамі касцёла, на які гасцінна запрасіў усіх прысутных пробашч парафіі ксёндз Павел Халяўкін.

Абноўлена 27.05.2024 19:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа