Пошук

03.06.2024 11:05   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Вераніка Сяменчык / Місія Добрага Самараніна / Catholic.by

1 чэрвеня ў Будславе адбылося святкаванне Сусветнага дня дзіцяці, спалучанае са штогадовай сустрэчай дзяцей, якія сёлета прыступілі да Першай святой Камуніі.

Мерапрыемств адбывалася ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай па ініцыятыве Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Арганізоўвалі і рыхтавалі сустрэчу адказная за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сястра Часлава Навіцкая USJK разам з духоўным апекуном Хрысціняскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску ксяндзом Аляксандрам Шамрыцкім МІС, якім дапамагала група валанцёраў. У напружаным і плённым супрацоўніцтве з пробашчам будслаўскай парафіі ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам яны прыклалі ўсе намаганні для таго, каб забяспечыць належныя і максімальна бяспечныя ўмовы мерапрыемства з удзелам вялікай колькасці дзяцей.

Як паказала само мерапрыемства, іх супольныя намаганні не былі марнымі, нават нягледзячы на непрадбачаныя калізіі надвор’я ў дзень сустрэчы.

З раніцы першага чэрвеньскага дня ў Будслаў прыбывалі маленькія пілігрымы ў суправаджэнні дарослых, бацькоў і душпастыраў. Прыбывалі цэлымі групамі і паасобку, на вялікіх аўтобусах і на асабістым транспарце. З 10-й гадзіны ў Нацыянальным санктуарыі вялася рэгістрацыя ўдзельнікаў, на заканчэнне якой стала вядома, што да Маці Божай Будслаўскай сабраліся паўтары тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх дыяцэзій Беларусі. Многія з іх нядаўна прынялі Першую святую Камунію і прыехалі ў Будслаў у прыгожых белых строях, у якіх хадзілі ў касцёл на працягу традыцыйнага «белага тыдня». Падчас рэгістрацыі ўдзельнікі сустрэчы атрымлівалі рознакаляровыя кепкі з лагатыпам Сусветнага дня дзяцей у Будславе, а потым размяркоўваліся па сектарах на адкрытай пляцоўцы побач з будслаўскай базылікай.

Там адбылося прывітанне і знаёмства, падчас якога ксёндз Аляксандр Шамрыцкі падзяліўся ўражаннямі ад удзелу беларускай дэлегацыі ў Сусветных днях дзіцяці ў Рыме. Потым на палявым алтары распачалася цэлебрацыя святой Імшы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і некалькі дзясяткаў святароў, большасць з якіх суправаджалі ў Будслаў групы дзяцей са сваіх парафій.

Напачатку арцыбіскуп прывітаў сабраных у Нацыянальным санктуарыі і перадусім павіншаваў іх з Днём дзіцяці і з пачаткам доўгачаканых канікулаў, якія пажадаў пражыць з Богам і пад чулай апекай Маці Божай.

Словы арцыпастыра былі сустрэтыя з вяілікім энтузіязмам і выклікалі ажыўленую рэакцыю дзяцей.

Яны актыўна ўдзельнічалі ў святой Імшы, падчас якой дружна спявалі рэлігійныя спевы разам з дзіцячым хорам з парафіі святога Францішка Асізскага ў Мінску пад кіраўніцтвам Веранікі Раманенкавай.

Яны таксама з цікавасцю слухалі і адказвалі на пытанні біскупа Буткевіча, які прамовіў «інтэрактыўную» гамілію.

У ёй Віцебскі біскуп узгадаў папулярнага дзіцячага героя Віні-Пуха, прапанаваўшы дзецям паразважаць, чаму гэты сімпатычны мядзведзік быў заўсёды такім радасным.

Пастыр заўважыў, што для сапраўднай радасці вельмі важна мець сяброў, дадаўшы, што сяброўства паміж сабою, а таксама з Езусам і Марыяй можа зрабіць радасным кожны дзень. Біскуп Буткевіч падкрэсліў, што Бог насамрэч стварыў людзей да вечнага і шчаслівага жыцця, якога шчыра пажадаў усім удзельнікам сустрэчы.

Між тым неба над Будславам пачало пахмурнець, сонейка схавалася за хмарамі, і сярод Імшы пайшоў даволі моцны дождж, якога, дарэчы, так прасілі мясцовыя жыхары ў апошнія засушлівыя тыдні.

Цёплы летні дождж нікому не сапсаваў настрою, але толькі шчыльней згуртаваў удзельнікаў сустрэчы: яны па некалькі чалавек туліліся пад парасонамі, якіх на ўсіх не хапала.

Дарэчы, некаторыя і не спрабавалі хавацца ад кропель, што шчодра падалі з неба; так, як сястра Часлава, якая, здавалася, толькі радавался гэтаму знаку Божага благаслаўлення і сваім энтузіязмам заахвочвала іншых.

Аднак дождж усё ж унёс пэўныя карэктывы ў план сустрэчы, і пасля Імшы замест заплаванага знаёмства з гісторыяй будслаўскай святыні ў спецыяльна падрыхтаваным фільме быў зроблены перапынак.

Падчас яго дзеці і дарослыя мелі магчымасць падсілкавацца, а таксама ўзяць удзел у цікавых музычных, творчых і артыстычных майстар-класах, якія адбываліся ў Доме пілігрыма.

Пяціхвілінны фільм, які не атрымалася ўбачыць у Будславе, можна паглядзець ТУТ>>>

Калі хмары з дажджом праляцелі, і з-за іх зноў выйшла сонейка, якое хутка абсушыла зямлю і падмоклае адзенне, на полі каля базылікі распачалася катэхетычна-забаўляльная праграма.

Разам з дзецьмі бавіліся іх душпастыры, і нават іерархі з задавальненнем далучыліся да конкурсаў, гульняў і танцаў, якія праводзілі аніматары з салезіянскага араторыя ў Мінску.

А 15-й гадзіне ўсе зноў сабраліся перад палявым алтаром на супольную малітву Вяночка да Божай Міласэрнасці, якую правялі дзеці з парафіі ў Слуцку.

На заканчэнне сустрэчы перад адмысловым абразом, напісаным у часы Другой сусветнай вайны, адбыўся ўрачысты акт прысвячэння дзяцей Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Напачатку адзінаццацігадовая дзяўчынка Мілана з мінскай парафіі святога Андрэя, апостала, і святога Леапольда Багдана Мандзіча ад імя ўсіх дзяцей прачытала Літаню да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, ушанаванню якога ў Касцёле асаблівым чынам прысвечаны месяц чэрвень.

Пасля арцыбіскуп Станеўскі чытаў Акт прысвячэння, словы якога за арцыпастырам паўстаралі дзеці, іх бацькі, душпастыры і ўсе ўдзельнікі сустрэчы ў Будславе.

Святкаванне Сусветнага дня дзіцяці завяршалася падзякаю ўсім, хто нейкім чынам прычыніўся да яго арганізацыі і правядзення, а таксама благаслаўленнем, якое ўдзялілі дзецям і дарослым арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Алег Буткевіч.

Больш фота з сустрэчы дзяцей у Будславе неўзабаве можна будзе знайсці ў сацыяльных сетках Catholic.by.

 

Абноўлена 03.06.2024 13:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа