Удзельнікі пастырскай сустрэчы духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая адбылася 23 мая ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, мелі магчымасць убачыць абраз Сэрца Езуса, які вярнуўся ў Будслаў пасля рэстаўрацыі.
Гэты абраз з вёскі Васілеўшчына Будслаўскай парафіі быў створаны падчас вайны мясцовым мастаком, да якога вяскоўцы звярнуліся па парадзе свайго тагачаснага душпастыра ксяндза Станіслава Жука. У часы веннага ліхалецця людзі маліліся перад абразом Сэрца Езуса за сваіх родных, якія пайшлі на фронт або былі вывезены на прымусовыя працы ў Германію.
Усе іх блізкія вярнуліся з вайны і з няволі на чужыне, што стала цудоўным знакам плённасці малітвы да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Не раз малітва перад абразом ратавала вёску таксама ад страшных балотных пажараў.
Традыцыя насіць абраз па хатах падтрымлівалася ў Васілеўшчыне ажно 76 гадоў.
Аднак калі ў вёсцы засталося толькі некалькі жылых хат, каштоўную рэліквію вырашылі перадаць у каплічку ў суседняй вёсцы Вераб’і, пераробленую са звычайнай сялянскай хаты.
Пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік паведаміў Catholic.by, што некалькі месяцаў таму да яго патэлефанаваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, па чыёй ініцыятыве падчас сёлетняга Будслаўскага фэсту адбудзецца прысвячэнне Касцёла на Беларусі Сэрцу Езуса, і запытаўся, ці ў будслаўскай базыліцы ёсць адпаведны абраз, перад якім можна правесці гэты абрад. Пробашч распавёў іерарху гісторыю абраза з Васілеўшчыны, і арцыпастыр вырашыў, што падчас фэсту Маці Божай Будслаўскай менавіта перад ім адбудзецца прысвячэнне Касцёла ў нашай краіне Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
Цяпер абраз, які 76 гадоў насілі па хатах, прайшоў грунтоўную рэстаўрацыю, якую выканаў прафесійны мастак-рэстаўратар Аляксандр Лагуновіч-Чарапко.
Ксёндз Дзмітрый Дубовік шчыра дзякуе ўсім ахвярадаўцам, асабліва вернікам парафій Нясвіжскага дэканату на чале з дэканам Нясвіжскім ксяндзом канонікам Пятром Шарко, пробашчам парафіі Божага Цела ў Нясвіжы, за ахвяраванні, сабраныя на рэстаўрацыю абраза, перад якім на сёлетнім Будслаўскім фэсце адбудзецца прысвячэнне Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.