У чацвер 23 мая у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе (Мядзельскі дэканат) адбыўся дзень засяроджання для святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
У гэты дзень у Касцёле адзначалася свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара.
Майская сустрэча духавенства архідыяцэзіі ў месяц, асаблівым чынам прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, прайшла ў галоўным Марыйным санктуарыі краіны.
Яна сабрала святароў, якія нясуць служэнне ў парафіях Міншчыны і Магілёўшчыны, на чале з усімі іерархамі архідцыяцэзіі: Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, яго Генеральнымі вікарыямі біскупам Юрыем Касабуцкім і біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB, а таксама арцыбіскупам эмэрытам Тадэвушам Кандрусевічам, які нядаўна выйшаў са шпіталя пасля перанесенага інфаркта і аперацыі на сэрцы.
Пасля супольнай малітвы Літургіі гадзінаў да сабраных у будслаўскай святыні звярнуўся духоўны айцец святароў архідыяцэзіі ксёндз канонік Андрэй Далянскі. Святар, які нясе служэнне ў самай усходняй у Беларусі каталіцкай парафіі — Найсвяцейшай Тройцы ў Касцюковічах — напачатку адзначыў, што для таго, каб прыбыць у Нацыянальны санктуарый, духавенства з розных месцаў пераадолела розны па адлегласці шлях. «Калі адны святары яшчэ спалі, іншыя ўжо былі ў дарозе, і калі некаторыя будуць ужо спаць, яны яшчэ будуць дабірацца дадому», — заўважыў духоўны айцец.
У сваёй прамове ён закрануў тыя аспекты святарскага жыцця, на якія на пачатку мая звярнуў увагу Папа Францішак у лісце да святароў, якія бралі ўдзел у сустрэчы «Пробашчы на карысць Сіноду».
Напрыканцы ксёндз Андрэй заахвоціў сабратоў прыняць у сваё жыццё і служэнне Марыю так, як гэта зрабіў святы апостал Ян, «бо без Марыі мы не зможам стаць святарамі, якія будуць падобнымі да Хрыста — Найвышэйшага і Вечнага Святара».
Над пачутым удзельнікі дня засяроджання разважалі падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і Маёвага набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі. Завяршылася выстаўленне актам прысвячэння святароў Марыі, які ад імя ўсіх прысутных духоўных асобаў прачытаў ксёндз Андрэй Далянскі, пасля чаго ўдзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Апоўдні перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі.
У прэзбітэрыі разам з арцыпастырам знаходзіліся святары, якія сёлета адзначаюць залаты і срэбраныя юбілеі святарства, а таксама тыя, хто прыняў сакрамэнт пасвячэння акурат у гэты дзень. На пачатку цэлебрацыі іерарх падкрэсліў, што Будслаўскі санктуарый — асабліва блізкае месца для кожнага, бо гэта — дом Маці, перад абліччам якой знікаюць усе рознагалоссі і непаразуменні. Арцыбіскуп прывітаў усіх прысутных і выказаў віншаванні юбілярам, асабліва ксяндзу каноніку Уладзіславу Завальнюку, які сёлета адзначае два юбілеі: 50-годдзе святарства і 75-годдзе з дня нараджэння.
У прамоўленай гаміліі іерарх перадусім нагадаў святарам словы аднаўлення святарскіх абяцанняў, якое адбываецца штогод падчас Імшы Хрызма ў Вялікі чацвер — дзень устанаўлення сакрамэнту святарства. Пры гэтым арцыбіскуп заўважыў, што «ў святарстве Хрыста ўсе мы роўныя», незалежна ад гадоў і месца служэння. Іерарх дадаў, што святарства не прымаецца толькі на пэўны тэрмін, бо і пасля выхаду на пенсію святар застаецца святаром ажно да канца свайго жыцця. «Наша святраства не мае абмежаванняў па часе», — сцвердзіў арцыбіскуп.
Звяртаючыся асабліва да ксяндза Уладзіслава Завальнюка, пастыр архідыяцэзіі зазначыў, што «50-годдзе святарства — гэта прыгожы юбілей. Усе гэтыя гады вы служылі Хрысту ў яго Касцёле з вялікай адданасцю <…> і вялі людзей на сустрэчу з Богам: ад Малдовы праз Латвію, Казахстан, Украіну і любую Беларусь.
Як пастыр гэтай архідыяцэзіі ад усяго сэрца дзякую вам, ксёндз канонік Уладзіслаў, за паўвяковае служэнне. Дзякую ад кожнага чалавека, які праз вашую святарскую паслугу знайшоў Хрыста. Дзякую за вашу святарскую вернасць і стойкасць, бо неаднойчы, выконваючы святарскую паслугу, трэба было супрацьстаяць націску злога і верна заставацца побач з Богам. Менавіта ваша пакаленне павінна было стаць побач з Хрыстом перад абліччам пераследу», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі. Складаючы свае віншаванні юбіляру, арцыпастыр запэўніў яго ў сваёй малітве і папрасіў яго таксама «маліцца за нас: за мяне, за нашу архідыяцэзію. Няхай добры Бог пачуе нашыя словы, няхай выслухае голас нашай малітвы і няхай Ён заўсёды прыходзіць на дапамогу, а Маці Божая Будслаўская ахінае плашчом сваёй апекі», — завяршыў гамілію малітоўным заклікам арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Напрыканцы святой Імшы арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч зачытаў дэкрэт на лацінскай мове, якім Папа Францішак за вялікія заслугі перад Касцёлам прызначыў ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка Капеланам Яго Святасці, або папскім прэлатам.
Заслужаны іерарх таксама падзяліўся з прысутнымі ўспамінамі пра тое, як разам з ксяндзом Уладзіславам распачынаў адраджэнне Касцёла на Беларусі пасля доўгага перыяду атэістычнага пераследу.
Пасля Імшы адбылася арганізацыйная частка пастырскай сустрэчы, падчас якой арцыбіскуп Юзаф Станеўскі нагадаў пра план касцёльных мерапрыемстваў на лета. Акрамя іерарха, да прысутных звярнуўся адказны за душпастырства міністрантаў ксёндз Дзмітрый Чупрын, які нагадаў пра сустрэчы, якія адбудуцца ў мястэчку Ракаў у чэрвені і жніўні для малодшых і старэйшых міністрантаў адпаведна, а адказны за душпастырства моладзі ксёндз Андрэй Бурак пазнаёміў з вынікамі моладзевага форуму, які праходзіў у Мінску напрыканцы красавіка.
На заканчэнне дня засяроджання гасцінныя гаспадары — мясцовыя вернікі на чале з пробашчам будслаўскай парафіі ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам — пачаставалі сабраных смачным абедам, а ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк, які з’яўляецца душпастырам пчаляроў, усім прысутным падрыхтаваў салодкі падарунак — будслаўскі мёд.