Пошук

23.05.2024 13:05   Catholic.by
Ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк. Фота Віктара Ведзеня

23 мая падчас пастырскай сустрэчы духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Будславе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі паведаміў, што па яго просьбе Папа Францішак надаў ганаровы тытул Капелана Яго Святасці ксяндзу каноніку Уладзіславу Завальнюку.

Дэкрэт аб прызначэнні на заканчэнне святой Імшы, якую ў будслаўскай базыліцы канцэлебравалі сабраныя на дзень засяроджання духоўныя асобы з усёй архідыяцэзіі, прачытаў на лацінскай мове арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Наданне ганаровага тытула папскага прэлата аднаму з найстарэйшых святароў архідыяцэзіі, які 26 мая адзначыць 50-годдзе святарскага служэння, а 8 ліпеня будзе святкаваць 75-гадовы юбілей з дня нараджэння, з’яўляецца выразам прызнання вялікіх заслугаў ксяндза Уладзіслава перад Касцёлам.

Большая частка яго святарскага жыцця была прысвечана менавіта служэнню Касцёлу ў Беларусі, дзе руплівы душпастыр прычыніўся да адраджэння веры і адкрыцця многіх зачыненых у гады атэістычнага пераследу каталіцкіх святыняў.

Сімвалічна, што пра наданне яму высокай касцёльнай адзнакі было паведамлена менавіта ў Будславе, бо ксёндз Уладзіслаў Завальнюк найбольш паспрыяў развіццю культу Маці Божай Будслаўскай у агульнабеларускім маштабе, і яго намаганнямі штогадовы Будслаўскі фэст быў унесены ЮНЕСКА ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Да гэтага часу адзіным святаром у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які меў тытул Капелана Яго Святасці, быў ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч парафіі святога Юзафа ў Маладзечне і дэкан Маладзечанскі.

Абноўлена 23.05.2024 13:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа