Менш як праз месяц пасля моладзевага форуму, які з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага праходзіў у Мінску 28 красавіка на тэму «Душпастырства моладзі», былі падведзены яго вынікі.
Іх прадставіў у адмысловым звароце да моладзі адказны за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак.
«Падводзячы вынікі нашага першага моладзевага форуму, які адбыўся 28 красавіка на тэму „Душпастырства моладзі“, напачатку хацелася б падзякаваць усім, хто ўзяў актыўны ўдзел як у яго падрыхтоўцы, так і ў непасрэднай працы на форуме», — перадусім адзначыў у звароце да юнакоў і дзяўчат ксёндз Бурак.
Планы душпастырства моладзі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пасля праведзенага форуму, на якім мелі магчымасць выказацца ўсе ахвотныя, выглядаюць наступным чынам.
З мэтаю паляпшэння душпастырскай дзейнасці, слухаючы малады Касцёл нашай архідыяцэзіі, каб наш дыялог быў больш плённы, а Касцёл быў для вас месцам зразумення і крыніцай Божай любові, мы маем намер рэалізаваць наступныя крокі:
- Агульныя катэхезы. Праводзіць агульную катэхэзу са спецыялістам на тэмы, што хвалююць моладзь, якая будзе праходзіць у Мінску з магчымасцю далучацца анлайн. Заахвочваем вас да актыўнага ўдзелу і акрэслення тэм, якія цікавяць і хвалююць, і выяўлення актуальнасці гэтай прапановы.
- СМІ і рэклама. Для камунікацыі створана старонка ў сацыяльнай сетцы Інстаграм ТУТ>>>, да якой заахвочваем далучацца. Будзем старацца асвятляць і трымаць вас у курсе актуальных падзей у жыцці Касцёла, душпастырства моладзі і ініцыятываў розных груп, у якіх вы зможаце рэалізаваць свой патэнцыял любові да Бога і бліжняга.
- Пераклад каталіцкіх рэсурсаў. На форуме прагучала прапанова карыстацца багаццем паўсюднага Касцёла, знаходзіць і перакладаць цікавыя матэрыялы з розных каталіцкіх крыніц іншых краін. Гэтая ініцыятыва рэалізуецца, калі знойдуца ахвотныя шукаць і перакладаць матэрыял. Таму тых, хто валодае замежнымі мовамі і добра арыентуецца ў інфармацыйнай прасторы, запрашаем далучыцца да гэтай справы ТУТ>>>
- Інтэграцыя Мінскага і Магілёўскага рэгіёнаў. Пашырыць інтэграцыю паміж моладдзю Мінскага і Магілёўскага рэгіёнаў нашай архідыяцэзіі. Гэтую ініцыятыву плануем рэалізаваць праз дыялог з моладдзю Магілёўскага рэгіёна і іх душпастырамі.
- Планаванне года. Жадаем планаваць і арганізоўваць наш душпастырскі год разам з вамі. Дзеля гэтага на пачатку катэхетычнага года жадаем збіраццца з прадстаўнікамі парафій, каб абмяркоўваць і планаваць будучы год, улічваючы заўвагі ўдзельнікаў і выкарыстоўваючы вялікі патэнцыял нашай архідыяцэзіі. Калі і якім чынам такая сустрэча будзе адбывацца, будзем паведамляць у адпаведны час на нашых інтэрнэт-рэсурсах.
Каб наш форум і дыялог не засталіся толькі на словах, а прынеслі шчодры плён для вас і будучых пакаленняў Касцёла, заахвочваем да актыўнага ўдзелу ў прапанаваных ініцыятывах.
Для гэтага прапануем запоўніць гугл-форму і далей браць удзел у прапанаваных ініцыятывах, выказваючыся па тых ці іншых справах, молячыся аб годнасці і плённасці нашых намераў. Няхай станецца так, каб усе мы адчувалі сябе часткаю адзінага Касцёла, за які нясем адказнасць, каб ідучы адным шляхам, мы дзяліліся радасцю і любоўю адно з адным, служачы адно аднаму і праслаўляючы Бога.