Пошук

02.05.2024 16:55   Тэкст і фота: Vatican News BY / Catholic.by
Фота: Vatican News BY

2 мая Папа Францішак скіраваў ліст да святароў, якія бралі ўдзел у сустрэчы «Пробашчы на карысць Сінода», што праходзіла ў Сакрафана пад Рымам з 29 красавіка.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік выказаў падзяку і пашану святарам, якія служаць у касцёлах на перыферыях, у вялікіх парафіях, у тых, дзе становіцца ўсё больш пажылых людзей, а таксама ў каталіцкіх супольнасцях, «якія ўзнікаюць пад вялікім дрэвам, дзе спеў птушак злучаецца са спевамі дзяцей».

«Сінадальны Касцёл» мае патрэбу ў сваіх пробашчах, — запэўніў Пантыфік у звароце, абнародаваным у чацвер у Ватыкане.

«Мы ніколі не станем місійным сінадальным Касцёлам, калі парафіяльныя супольнасці не зробяць адметнай рысай свайго жыцця ўдзел усіх ахрышчаных у агульнай місіі абвяшчэння Евангелля. Калі парафіі не будуць сінадальнымі і місійнымі, такім не будзе і Касцёл», — заўважыў Святы Айцец.

Ён параіў пробашчам заўважаць насенне, якое Святы Дух сее ў Божым народзе. На яго думку, тэрмінова неабходна «адкрыць, падтрымаць і ацаніць» розныя харызмы, якія даюцца свецкім вернікам. Такім чынам святары дапамогуць выйсці на паверхню «шматлікім схаваным скарбам» і будуць адчуваць сябе «менш самотнымі ў вялікім заданні евангелізацыі, спазнаўшы радасць сапраўднага бацькоўства, якое не прыгнятае, але дазваляе праявіцца ў іншых, у мужчынах і жанчынах, вялікаму каштоўнаму патэнцыялу», — зазначыў Папа.

Пантыфік заахвоціў практыкаваць «размовы ў Духу» і духоўнае распазнаванне, важныя для штодзённага касцёльнага жыцця, бо гэта дапамагае распазнаваць харызмы, з мудрасцю давяраць заданні і паслугі, планаваць душпастырскія шляхі ў святле Духа.

Пастыр паўсюднага Касцёла нагадаў пробашчам пра каштоўнасць адносін з іншымі святарамі і біскупамі.

«Мы не можам стаць сапраўднымі бацькамі, калі ў першую чаргу не будзем сынамі і братамі. У нас не атрымаецца ствараць адзінства і ўдзел у жыцці супольнасцяў, давераных нам, калі спачатку мы не будзем жыць гэтым паміж сабой», — дадаў Папа.

Нагадаўшы пра другую сесію XVI Звычайнай агульнай асамблеі Сіноду Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніка 2024 года ў Ватыкане, Святы Айцец заклікаў святароў станавіцца «місіянерамі сінадальнасці» таксама ў іх штодзённым служэнні.

Сустрэча «Пробашчы на карысць Сінода праходзіла з 29 красавіка да 2 мая пад эгідай Святога Пасаду. У форуме бралі ўдзел дэлегаты з 90-а краін свету. Беларусь прадстаўляў ксёндз канонік Аляксей Ляшко, душпастыр парафіі ў Лёзна (Віцебская дыяцэзія).

Абноўлена 02.05.2024 16:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця