Пошук

04.08.2026 14:56   Catholic.by
Выява: catholicorenburg.ru

4 жніўня, у дзень успаміну святога Яна Марыі Віянэя, заступніка пробашчаў і ўсіх святароў, Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, звяртаецца з віншаваннямі да ўсіх пробашчаў і духоўных асоб, а таксама да будучых святароў — семінарыстаў.

Паважаныя пробашчы, дарагія святары, любыя семінарысты!

Ад усяго сэрца віншую вас з літургічным успамінам нябеснага апекуна ўсіх пробашчаў і святароў — святога Яна Марыі Віянэя.

Гэты дзень — цудоўная нагода для кожнага з нас, каб спыніцца і задумацца над веліччу і прыгажосцю нашага паклікання. Для гэтага нам трэба перанесціся думкамі ў момант нашага святарскага пасвячэння і прыгадаць сабе абяцанні, якія мы складалі пасвячаючаму нас біскупу.

Памятайма — мы, біскупы і святары, можам па-сапраўднаму аднавіць свае святарскія абяцанні, толькі сузіраючы прысутнасць Езуса і слухаючы Яго словы.

Святы пробашч з Арса пакінуў нам глыбокія словы: «Святарства — гэта любоў Сэрца Езуса». Cвятар асаблівым чынам удзельнічае у місіі Хрыста, бо «Хрыстус, каб няспынна выконваць волю Айца ў свеце праз Касцёл, дзейнічае праз сваіх слуг» (PO 14). Праз нас Збаўца пашырае сваю місію любові праз усю гісторыю. У абвяшчэнні Добрай Навіны, у цэлебрацыі Эўхарыстыі, сакрамэнце паяднання, у сяброўстве і ў любові да іншага мы робімся заўважальнымі сярод даручаных нам людзей, нас распазнаюць у натоўпе.

Няхай жа здзіўленне ад гэтага дару, які мы атрымалі без аніякіх нашых заслуг, будзе пастаяннай прычынай нашай радасці.

Паважаныя пробашчы! Дзякую вам за кожны ўдзелены святы сакрамэнт, за кожнае слова суцяшэння ў канфесіянале, за руплівасць у абвяшчэнні Божага слова і за бацькоўскі клопат пра даручаныя вам парафіяльныя супольнасці. Няхай прыклад святога Яна Віянэя, яго дух малітвы, пакаяння і блізкасці да кожнага чалавека натхняюць вас у штодзённых душпастырскіх справах. Няхай стомленасць ніколі не гасіць агню вашай веры, а духоўны рост вашых вернікаў няхай падбадзёрвае вас да далейшага ахвярнага служэння.

Дарагія дыяцэзіяльныя і законныя святары! Вашае прысвечанае служэнню Богу і людзям жыццё і вернасць складзеным вамі абяцанням — гэта моцны евангельскі знак для сучаснага грамадства. Дзякую вам за вашу часта нябачную, але такую важную малітоўную і душпастырскую працу.

Дарагія семінарысты — наша надзея і будучыня Касцёла! Углядаючыся ў постаць святога Яна Марыі Віянэя, пробашча з Арса, які сутыкаўся са шматлікімі цяжкасцямі падчас вучобы ў школе і семінарыі, памятайце, што Бог не кліча дасканалых, але ўдасканальвае пакліканых. Выкарыстайце час фармацыі, каб узрастаць у святасці і любові да Эўхарыстыі.

Праз заступніцтва святога Яна Марыі Віянэя выпрошваю для ўсіх нас шчодрыя дары Духа Святога. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Маці святароў, заўсёды ахінае нас сваёй мацярынскай апекай.

З благаслаўленнем і малітвай,

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Абноўлена 04.08.2026 15:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.