Пошук

18.05.2026 22:10   Паводле: ekai.pl / Catholic.by

Выява ілюстрацыйная

Люблінская архідыяцэзія (Польшча) на падставе рашэння мясцовага Сінода ўводзіць новы падыход да душпастырства. З мэтай павышэння празрыстасці выбару і паляпшэння адпаведнасці душпастыраў патрэбам мясцовых супольнасцяў пробашчы парафій могуць прызначацца на конкурснай аснове.

Конкурс на пробашчаў у люблінскіх парафіях — унікальнае рашэнне ў агульнапольскім маштабе. Змены звязаныя з рашэннем ІІІ Сінода Люблінскай архідыяцэзіі, які завяршыўся восенню мінулага года. Гэтае рашэнне прадугледжвае, што ў парафіях, дзе няма пробашча, можа быць абвешчаны конкурс на гэтую пасаду. І так адбылося ў 16 парафіях архідыяцэзіі. На дадзены момант такім спосабам шукаюць пробашчаў між іншым у парафіі святой Агнешкі ў Любліне, Святога Духа ў Хэлме і Перамянення Пана ў Фірлеі.

Ксёндз прафесар Павел Калета з Інстытута кананічнага права Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне лічыць, што такое рашэнне — гэта крок насустрач выклікам сучаснага душпастырства.

«Кодэкс кананічнага права вызначае пробашча як "уласнага пастыра" даручанай яму парафіі. Гэта азначае, што святар — гэта не проста касцёльны чыноўнік, а перш за ўсё "пастыр" рэальнай супольнасці — той, хто нясе адказнасць за евангельскіх "авечак".

Такая форма вылучэння кандыдатаў дае святару статус актыўнага ўдзельніка свайго ўласнага шляху паклікання, што значна павышае  матывацыю да пастырскай працы, а біскупу дае эфектыўны інструмент, які дазваляе дакладна адаптаваць пастырскі план кандыдата да канкрэтных патрэбаў дадзенай парафіі»,

— пераконвае ксёндз Павел Калета.

Конкурс — гэта не галасаванне

Гэтак жа лічыць ксёндз доктар Адам Яшч, прэс-сакратар Люблінскай архідыяцэзіі, а таксама супрацоўнік Інстытута кананічнага права Каталіцкага ўнверсітэта ў Любліне. «Ідэя зменаў заключаецца ў тым, каб, з аднаго боку, павысіць празрыстасць выбару пробашчаў, а з другога — гэта магчымасць праявіць ініцыятыву для святароў з пакалення бэбі-бумераў (з 1946-1964 гадоў — часу усплёску нараджальнасці ў свеце — заўв. рэд.), якім больш не трэба чакаць, пакуль іх праца будзе заўважаная.

Аднак варта памятаць, што конкурс — гэта не ўсенароднае галасаванне, а выключна спосаб пашырыць спектр ведаў, неабходных для прыняцця канчатковага рашэння аб прызначэнні пробашчам. А яно нязменна застаецца за арцыбіскупам»,

— тлумачыць ксёндз доктар Адам Яшч.

Заяўкі жадаючых стаць пробашчамі ў 16 парафіях прымаюцца да 20 мая, а да ўдзелу ў конкурсе заклікае ў спецыяльным паведамленні арцыбіскуп Станіслаў Будзік, мітрапаліт Люблінскі, Вялікі канцлер Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне.

«Служэнне пробашча патрабуе асаблівай пастырскай адказнасці за народ Божы, вопыту і гатоўнасці да прыняцця новых душпастырскіх выклікаў», — падкрэслівае ў паведамленні арцыбіскуп Станіслаў Будзік.

Кандыдат можа ўказаць адну або некалькі парафій, у якіх ён быў бы гатовы прыняць пасаду пробашча. Ён таксама можа выказаць гатоўнасць прыняць парафію, прапанаваную арцыбіскупам.

Якія ўмовы неабходна выканаць?

Для ўдзелу ў конкурсе кожны зацікаўлены святар павінен падаць заяўку, адрасаваную арцыбіскупу, у выглядзе прэзентацыі кандыдата з абгрунтаваннем выбару дадзенай парафіі, апісаннем папярэдняга шляху святарскага служэння, а таксама прапановай пастырскай праграмы, якая адпавядае патрэбам парафіяльнай супольнасці. Да заяўкі павінны быць прыкладзеныя заключэнне дэкана, даведка аб здадзеным экзамене на пробашча, даведка аб урэгуляванні фінансавых абавязацельстваў перад архідыяцэзіяй, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць скончаную адукацыю, курсы або іншыя дасягненні, якія могуць мець дачыненне да выканання пасады пробашча.

Абавязковай умовай з'яўляецца наяўнасць як мінімум 15-гадовага вопыту святарства.

Як паведамляе доктар Адам Яшч, жадаючых прыняць удзел у конкурсе дастаткова.

«Цікавасць вельмі вялікая, заяўкі ўвесь час паступаюць у курыю і будуць прааналізаваныя біскупскай радай», — дадае ксёндз доктар.

Рашэнне, уведзенае на тэрыторыі Люблінскай архідыяцэзіі, функцыянуе, між іншым, у Злучаных Штатах. «У польскіх умовах гэта вялікі шанец пабудаваць сапраўдную сумесную адказнасць за мясцовы Касцёл, асноўнай адзінкай якога з'яўляецца менавіта парафія», — падкрэслівае прафесар Павел Калета.

Абноўлена 18.05.2026 23:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця