Пошук

04.08.2025 07:05   Catholic.by
Выява: onepeterfive.com

4 жніўня Каталіцкі Касцёл у літургіі адзначае ўспамін святога Яна Марыі Віянэя, прэбітэра, апекуна пробашчаў. З гэтай нагоды Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе словы віншаванняў да пробашчаў, якія нясуць служэнне ў нашай Бацькаўшчыне і за яе межамі.

Шаноўныя пробашчы, дарагія святары!

Сёння Каталіцкі Касцёл у літургіі ўзгадвае аднаго з найбольш вядомых нам святых, святога Яна Марыю Віянэя, святара і пробашча. Ён з’яўляецца апекуном пробашчаў і нашым заступнікам перад Добрым Пастырам Езусам Хрыстом.

Кожны з нас добра ведае біяграфію гэтага святога. Ян Віянэй нарадзіўся 8 мая 1786 года ў сям’і бедных французскіх сялянаў. Яго маладосць праходзіла ў гады французскай рэвалюцыі, калі Касцёл у Францыі моцна пацярпеў ад жорсткага пераследу. Аднак Ян таемна наведваў заняткі па рэлігіі і прыняў першую Святую Камунію.

Спачатку яго жаданне стаць святаром не магло здзейсніцца з-за яго нізкай паспяховасці ў навучанні. З вялікімі цяжкасцямі Яну Віянэю ўдалося атрымаць святарскае пасвячэнне, пасля чаго ён быў прызначаны пробашчам у Арс непадалёку ад Ліёна.

Сваім адданым служэннем ён пераадолеў рэлігійную абыякавасць мясцовых жыхароў і стварыў квітнеючую парафіяльную супольнасць. Ян Марыя Віянэй засноўваў школы, таварыствы, дзіцячыя дамы і цалкам прысвячаў сябе душпастырскай працы. Ён мала спаў, амаль нічога не еў, увесь дзень праводзіў у касцёле і спавядаў да позняй ночы. У Арс прыязджала ўсё больш людзей, якія хацелі атрымаць ад яго тую ці іншую параду.

Ян Віянэй памёр 4 жніўня 1859 года. Яго цела спачывае ў базыліцы, пабудаванай над старым касцёлам у Арсе. На яго пахаванні прысутнічала 300 святароў і каля 6000 вернікаў, а пахавальную Імшу ўзначаліў звычайны біскуп.

Ксёндз Ян Марыя Віянэй быў беатыфікаваны Папам Піем X у 1905 годзе, а затым кананізаваны Папам Піем XI ў 1925 годзе. Гэты ж Папа абвясціў святога Яна Марыю Віянэя заступнікам усіх пробашчаў у 1929 годзе.

Шаноўныя браты. Сёлета прыпадае 100-годдзе з дня кананізацыі нашага святога пробашча. Узгаданая біяграфія святога Яна Віянэя накрэслівае нялёгкі час, у якім Бог выбраў яго да паслугі.

Гэты святар вельмі дбаў пра набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Ён шмат казаў пра палаючую любоў Бога да чалавека. Ён яе спазнаў і дзяліўся ёю з тымі, да каго скіраваў яго біскуп згодна з воляй Божай.

Што сёння святы Ян Марыя Віянэй кажа нам, святарам і пробашчам, у час, у якім Бог паклікаў і выбраў нас?

Мае дарагія. Заахвочваю вас пазнаёміцца з некаторымі думкамі Святога Айца Льва XIV, якія ён скіраваў да святароў падчас свайго, нядаўна распачатага, пантыфікату. Вось некаторыя з іх:

1. «У “Сэрцы Хрыста, прабітым з любові” мы “разумеем сапраўдную тоеснасць нашага служэння: палаючыя Божай міласэрнасцю, мы з’яўляемся радаснымі сведкамі Яго любові, якая аздараўляе, падтрымлівае і збаўляе”».

Пантыфік заклікае святароў з'яднаць свае сэрцы з Сэрцам Хрыста і станавіцца будаўнікамі адзінства і міру. «У свеце, пазначаным ростам напружанасці — нават у сем’ях і касцёльных супольнасцях — святар пакліканы спрыяць прымірэнню і ствараць адзінства. Быць будаўніком адзінства і міру — значыць быць пастырам, здольным да распазнання, дасведчаным у мастацтве злучэння фрагментаў жыцця, давераных нам, каб дапамагаць людзям знаходзіць святло Евангелля сярод жыццёвых цяжкасцяў. Гэта значыць быць мудрым назіральнікам рэчаіснасці, ісці далей за імгненныя эмоцыі, страх і моду; прапаноўваць душпастырскія шляхі, якія нараджаюць і аднаўляюць веру, будуюць добрыя адносіны, сувязі салідарнасці, супольнасці, у якіх ззяе стыль братэрства. Быць будаўніком адзінства і міру — значыць не навязваць сябе, а служыць. Асабліва святарскае братэрства становіцца надзейным знакам прысутнасці Уваскрослага сярод нас, калі пазначае супольны шлях нашых прэзбітэраў».

2. Леў XIV заклікае святароў перад Найсвяцейшым Сэрцам Езуса аднавіць сваё «так» Богу і Яго святому народу. «Дазвольце ласцы фармаваць вас, захоўвайце полымя Духа Святога, атрыманае ў пасвячэнні, каб, з’яднаныя з Ім, вы маглі быць сакрамэнтам любові Езуса ў свеце. Не бойцеся ўласнай слабасці: Пан не шукае дасканалых святароў, але сэрцаў пакорных, адкрытых на навяртанне і гатовых любіць так, як Ён нас палюбіў».

3. «Дарагія браты святары, Папа Францішак ізноў прапануе зрабіць набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса прасторай асабістай сустрэчы з Панам, а значыць — прасторай, куды мы можам прыносіць і складаць нашыя ўнутраныя канфлікты і тыя, якія разрываюць сучасны свет, бо “ў Ім мы здольныя ствараць здаровыя і шчаслівыя адносіны і будаваць Валадарства любові і справядлівасці ў гэтым свеце. Нашае сэрца, з’яднанае з Сэрцам Хрыста, здольнае на гэты сацыяльны цуд”».

(Цытаты 1-3 узятыя з Паслання Папы з нагоды Дня малітвы аб святасці святароў, які адзначаецца ў Касцёле 27 чэрвеня 2025 года, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса).

4. Святы Айцец нагадвае нам, што тэма адзінства яму асабліва дарагая: «У так званай “першасвятарскай” малітве, як вядома, Езус прасіў Айца, каб Яго вучні былі адно. Пан добра ведае, што толькі ў адзінстве з Ім і паміж сабой мы можам прыносіць плён і быць пераканаўчымі для свету».

Пантыфік адзначыў, што святар пакліканы быць «чалавекам адзінства», якім павінен жыць і падтрымліваць яго, нягледзячы на агульную «культурную атмасферу», што спрыяе ізаляцыі і засяроджанасці на сабе. «Ніхто з нас не застрахаваны ад гэтых пагроз, якія падрываюць трываласць духоўнага жыцця і моц нашага служэння».

Леў XIV падкрэсліў, што, акрамя знешняга кантэксту, адзінства і братэрства могуць аслабляць і «ўнутраныя» перашкоды — стомленасць, непаразуменні, пачуццё непачутасці ў самім асяроддзі духавенства. У гэтым кантэксце Папа параіў чэрпаць сілы з насычанага духоўнага жыцця, сустрэчы з Панам і слухання Яго слова. Важна таксама будаваць «сяброўскія адносіны, спаборнічаючы ва ўзаемнай пашане» і «адчуваць патрэбу ў іншых», робячы такім чынам уклад на карысць адзінства Касцёла.

«Адзінства павінна выражацца ў прыхільнасці да дыяцэзіі — імкненні падтрымліваць яе рознымі харызматамі і формамі служэння, але з сэрцам, якое намагаецца быць часткай аднаго Цела, Галавой якога ёсць Хрыстус».

5. Тэмай, якую закранае Пантыфік, стала узорнасць. У гэтым кантэксце Папа ў чарговы раз падкрэсліў важнасць «празрыстасці жыцця» для святара: «Прашу вас з бацькоўскім і пастырскім сэрцам: давайце ўсе прыкладзём намаганні, каб быць святарамі пераканаўчымі і ўзорнымі!», нагадаўшы, што Пан ведае слабасці кожнага чалавека і заўсёды дае надзвычайную ласку сваім слугам, каб яны заставаліся вернымі.

«Ніхто з нас не абаронены ад спакусаў гэтага свету, і горад з яго шматлікімі прапановамі можа аддаліць нас ад жадання святога жыцця, схіляючы на больш нізкі ўзровень, дзе губляюцца глыбінныя каштоўнасці святарства. Дазвольце ізноў прывабіць сябе пакліканнем Настаўніка, каб ізноў адчуць і перажыць любоў “першай гадзіны” — той, якая натхніла вас на рашучы выбар і адважныя адрачэнні. Калі разам мы паспрабуем быць узорнымі ў пакорным жыцці, тады зможам сведчыць пра абнаўляльную сілу Евангелля для кожнага чалавека».

6. Яшчэ адзін заклік Папы — гэта «прароцкае бачанне выклікаў нашага часу»: «Пан пажадаў, каб мы жылі менавіта ў гэты час, поўны выклікаў, што перавышаюць нашыя сілы. Але мы пакліканы прыняць іх, інтэрпрэтаваць паводле Евангелля і перажываць як нагоду для сведчання. Не будзем уцякаць перад імі!» Паводле Папы, трэба імкнуцца будаваць Божае Валадарства ў складаным і поўным выклікаў сучасным свеце.

7. «Любіце гэты Касцёл, заставайце ў гэтым Касцёле, будзьце гэтым Касцёлам. Любіце Добрага Пастыра, Прыгожага Жаніха, які не падманвае нікога і не хоча, каб хтосьці загінуў. Маліцеся таксама за заблукалых авечак, каб яны таксама прыйшлі, пазналі, палюбілі — каб быў адзін статак і адзін Пастыр».

(Цытаты 4-7 узяты з Прамовы Папы Льва XIV да духавенства Рымскай дыяцэзіі 12 чэрвеня 2025 года падчас аўдыенцыі ў Ватыкане).

Любыя пробашчы, дарагія святары. Падчас гэтага Святога года, які заклікае нас быць пілігрымамі і апосталамі надзеі, наша служэнне будзе тым больш плённым, чым глыбей яно будзе ўкаранёным у малітве, прабачэнні, блізкасці да бедных, сем’яў, моладзі і да тых, хто шукае праўду.

Жадаю Вам і сабе святасці! Бо святы святар распаўсюджвае святасць вакол сябе. Даверымся ж у гэтай інтэнцыі апецы Багародзіцы, Маці Святароў.

З малітвай аб нашай святасці

Ваш брат, Юзаф
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

P.S. Дарагія браты і сёстры, вернікі. Дзякуем Вам за вашу малітву ў інтэнцыі святароў. Дзякуем за падтрымку ініцыятывы пакліканняў. Дзякуем за вашы ахвяраванні на ўтрыманне Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Кожнаму і кожнай з вас няхай Добры Бог адудзячыць.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.