Пошук

04.08.2021 15:14   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Святы Ян Марыя Віянэй / Calendario Francescano Secolare

4 жніўня, калі ў Касцёле адзначаецца ўспамін святога пробашча з Арса Яна Марыі Віянэя, Папа Францішак звяртае ўвагу на гэтага нябеснага апекуна пробашчаў як на крыніцу натхнення для святароў, пакліканых абвяшчаць Евангелле збаўлення.

«Сёння, ва ўспамін святога Яна Марыі Віянэя, я запрашаю вас асаблівым чынам маліцца за вашых пробашчаў і ўсіх святароў, каб яны, натхнёныя прыкладам святога пробашча з Арса, маглі ахвяраваць сваё жыццё місіі абвяшчэння Евангелля збаўлення», — з такім заклікам Святы Айцец звярнуўся падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Як адзначае Італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа таксама звярнуў увагу на тое, што гэты святы з’яўляецца сведкам любові, міласэрнасці і салідарнасці.

Жыццё ў служэнні Божаму народу

Фота: Flickr

Ян Марыя Віянэй, вядомы ва ўсім свеце як святы пробашч з Арса, нарадзіўся 8 мая 1786 года ў Дардзіі, непадалёк ад Ліёна. Стаў святаром ва ўзросце 29 гадоў і ў 1818 годзе быў скіраваны ў Арс, невялікае мястэчка на паўднёвым усходзе Францыі, дзе ў той час было 230 жыхароў.

Руплівы святар усе свае сілы прысвяціў клопату пра даручаных яму вернікаў. Заўсёды гатовы выслухаць і даць прабачэнне, ён праводзіў у канфесіянале да 16-і гадзін у дзень. Штодзённа натоўпы вернікаў з усёй Францыі прыязджалі да яго на споведзь, а Арс нават пачалі называць «вялікім шпіталем для душаў». Ён чуваў і шмат пасціўся, прынесці ўміласціўленне за грахі вернікаў. Аднаму з сабратоў ён сказаў:

«Я вам адкрыю мой сакрэт: грэшнікам я прызначаю невялікую пакуту, а астатняе раблю замест іх».

Пробашч з Арса адышоў у вечнасць 4 жніўня 1859 года ва ўзросце 73-х гадоў. Яго рэліквіі спачываюць у прысвечаным яму санктуарыі ў Арсе. Папа Пій Х у 1905 годзе абвясціў яго благаслаўлёным, а праз 20 гадоў Пій ХІ далучыў Яна Марыю Віянэя да ліку святых, у 1929 годзе абвясціўшы яго апекуном пробашчаў.

Узор для ўсіх святароў

Фота: Shutterstock

Папа Францішак за гады свайго пантыфікату неаднаразова звяртаўся да асобы святога пробашча з Арса.

У лісце ад 4 жніўня 2019 года з нагоды 160-годдзя смерці Яна Марыі Віянэя, Святы Айцец выказаў заахвочванне і сваю блізхкасць да «братоў святароў, якія без шуму» пакідаюць усё, каб прысвяціць сябе штодзённаму жыццю супольнасцяў; да тых, хто працуе ў «акопах»; да тых, хто штодзённа ў самых розных сітуацыях не думае пра сябе, каб толькі клапаціцца пра Божы народ і суправаджаць яго.

Акрамя таго, падчас малітвы «Анёл Панскі» 4 жніўня 2019 года Папа Францішак нагадаў, што святы пробашч з Арса — гэта «прыклад дабрыні і любові для ўсіх святароў».

«Сведчанне гэтага пробашча — пакорнага і без рэшты адданага свайму народу — няхай дапаможа нанава адкрыць прыгажосць і важнасць службовага святарства ў сучасным грамадстве», — дадаў Святы Айцец.

Абноўлена 04.08.2021 15:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.