Пошук

04.08.2021 13:54   Паводле: Vatican News
Фота: interris.it

4 жніўня Папа Францішак пасля летняша перапынку сустрэўся з вернікамі на агульнай аўдыенцыі. Яна прайшла ў ватыканскай зале Паўла VI, запоўненай не больш як напалову.

У традыцыйнай катэхезе святы Айцец Працягнуў разважанне над Пасланнем святога апостала Паўла да Галатаў.

«Калі гаворка ішла пра Евангелле і евангелізацыйную місію, Павел напаўняўся энтузіязмам. Здавалася, што ён не бачыў нічога іншага, акрамя місіі, якую Пан даручыў яму.

Усё ў ім было прысвечана прапаведванню і яго не цікавіла нічога, акрамя Евангелля», — прыводзіць словы Пантыфіка Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Папа Францішак заўважыў, што апостал Павел аддаваў справе евангелізацыі ўсе свае сілы, будучы перакананым у тым, што сам Хрыстус паклікаў яго да гэтай місіі. Таму ён вельмі засмуціўся калі «на яго вачах галаты ступілі на памылковы шлях».

У час прапаведвання святога Паўла яшчэ не было напісана ніводнае з чатырох Евангелляў, і таму Апостал абвяшчаў «смерць і ўваскрасенне Езуса як крыніцу збаўлення». Евангелле для яго выражалася ў чатырох дзеясловах: «Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання і быў пахаваны, і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання, і з’явіўся Кефасу» (пар. 1 Кар 15, 3–5). «Гэта Евангелле з’яўляецца спаўненнем абяцанняў і збаўленнем, прынесеным усім людзям», — сказаў Святы Айцец.

Апостал Павел, аднак, не мог зразумець, чаму перад абліччам такога вялікага дару, прынесенага галатам, яны хацелі прыняць іншае «евангелле». Гэтыя хрысціяне не адмовіліся ад Евангелля, абвешчанага Паўлам, але слухалі іншых прапаведнікаў, памылкова думаючы, што іх пасланне ўзаемадапаўняльнае з паўлавым. У такой сітуацыі Апостал не мог пайсці на кампраміс.

«Евангелле — адзінае і з’яўляецца тым, якое абвяшчаў ён; іншага не магло існаваць. Увага! Павел не казаў, што яго Евангелле сапраўднае, таму што яно было абвешчана ім. Гэта было б саманадзейна, гэта было б ганарлівасцю. Ён, аднак, сцвярджае, што „яго“ Евангелле — гэта тое самае Евангелле, якое іншыя апосталы абвяшчалі паўсюль; адзінае сапраўднае, бо з’яўляецца Хрыстовым», — сцвердзіў Пантыфік.

Павел быў вельмі цвёрдым у гэтым пытанні і таму двойчы выкарыстоўваў слова «пракляцце», указваючы на патрэбу трымаць далёка ад супольнасці тое, што пагражае яе асновам.

«З праўдай Евангелля нельга весці перамовы. Або прымаем Евангелле такім, якім яно было абвешчана, або атрымліваем нешта іншае. З Евангеллем не вядуць перамовы.

Нельга ісці на кампраміс: вера ў Езуса — гэта не тавар, адносна якога можна гандлявацца. Гаворка ідзе пра збаўленне, сустрэчу, адкупленне. Гэта не тавар, прызначаны на продаж», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа Францішак адзначыў, што ўсе апісаныя на пачатку Паслання да Галатаў суб’екты, здаецца, кіраваліся добрымі памкненнямі. Галаты, якія слухалі новых місіянераў, думалі, што праз абразанне змогуць стаць яшчэ больш адданымі Божай волі. Ворагі Паўла, здаецца, кіраваліся вернасцю традыцыі, атрыманай ад бацькоў, і лічылі, што сапраўдная вера заключаецца ў захаванні Закону. Таму яны нават падазравалі Паўла ў «недастатковай артадаксальнасці з адносінах да традыцыі».

Паводле Папы, сітуацыя, якую перажылі галаты, паўтараецца ў розныя часы, таму словы апостала Паўла карысныя таксама для нас, каб мы маглі вызваліцца з «лабірынту добрых намераў».

«Выразнае і рашучае слова Паўла, якое было збаўчым для галатаў, з’яўляецца збаўчым таксама для нас.

Евангелле — гэта дар Хрыста для нас і Езус сам адкрыў яго. Гэта тое, што дае нам жыццё»,— завяршыў катэхезу Святы Айцец.

Абноўлена 04.08.2021 13:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця