Пошук

30.04.2024 08:52   Паводле: Vatican News
Ксёндз канонік Аляксей Ляшко. Архіўнае фота Аляксандры Шчыглінскай

Больш за 200 каталіцкіх святароў з усяго свету ўпершыню сустракаюцца пад эгідай Святога Пасаду, каб абмеркаваць будучыню душпастырства ў межах сінадальнага працэсу, які працягваецца ў Каталіцкім Касцёле.

Як паведамліла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, удзельнікі сустрэчы «Пробашчы на карысць Сіноду» з 90-а краін 29 красавіка сабраліся ў Сакрафана пад Рымам. Дыскусіі завершацца ў чацвер 2 мая сустрэчай з Папам Францішкам у Ватыкане, падчас якой у святароў будзе магчымасць пагутарыць з пастырам паўсюднага Касцёла. Некаторыя з гэтых дэбатаў будуць трансліравацца на ватыканскім YouTube-канале. Чакаецца, што вынікі сустрэчы ўключаць у новы працоўны дакумент для другой генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў у кастрычніку 2024 года.

Беларусь на сустрэчы прадстаўляе ксёндз Аляксей Ляшко, душпастыр парафіі ў Лёзна, што ў Віцебскай дыяцэзіі.

Сёлета біскуп Віцебскі Алег Буткевіч уключыў святара ў склад Віцебскага катэдральнага капітула.

Як патлумачыў біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін, намеснік кіраўніка Генеральнага сакратарыята Сіноду і каардынатар сустрэчы, яна прысвечана слуханню, малітве і распазнаванню. Арганізатары — Генеральны сакратарыят Сіноду, Дыкастэрыі па справах духавенства, па евангелізацыі і па справах Усходніх Касцёлаў. Сярод асноўных мэт — абмен ідэямі, матэрыяламі і досведам сінадальнасці у парафіях і дыяцэзіях.

У кансультацыях удзельнічаюць каля 20 экспертаў і тэолагаў, у тым ліку шэсць жанчын. Сярод экспертаў — чэшскі тэолаг і сацыёлаг рэлігіі ксёндз Томаш Галік, нямецкі езуіт Клемэнс Блатэрт і аргенцінская сацыёлаг сястра Марыя Лія Сэрвіна.

Каталіцкі Касцёл складаецца з больш як 220 тысяч парафій па ўсім свеце, з якіх каля 160 тысяч узначальваюцца пробашчамі.

Для большасці вернікаў мясцовы святар з’яўляецца самай важнай кантактнай асобай у Касцёле.

Абноўлена 30.04.2024 20:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа