Пошук

13.03.2024 15:12   Тэкст: кс. Віктар Місевіч / Фота: Анатоль Бандарчук-Вошлаў / Catholicnews.by

12 сакавіка біскуп Віцебскі Алег Буткевіч уключыў у склад Віцебскага катэдральнага капітула шэраг святароў Віцебскай дыяцэзіі, надаўшы ім тытул канонікаў.

Урачыстая цырымонія з гэтай нагоды адбылася ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску.

Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, у сваім звароце да сабраных у галоўнай святыні дыяцэзіі святароў біскуп Буткевіч нагадаў, што Віцебскі капітул з’яўляецца найстарэйшым з тых, якія былі заснаваныя ў сучаснай гісторыі Касцёла на Беларусі. Амаль праз два гады пасля ўстанаўлення Віцебскай дыяцэзіі па просьбе тагачаснага біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна Апостальская Сталіца ўстанавіла Віцебскі катэдральны капітул. Адбылося гэта 2 сакавіка 2001 года.

З таго часу мінула амаль чвэрць стагоддзя, і персанальны склад канонікаў капітула істотна змяніўся.

Некаторыя з іх, а менавіта ксёндз Юзаф Булька, ксёндз Уладзіслаў Пятрайціс, ксёндз Міхал Юзвяк адышлі з гэтага свету.

З нагоды юбілею 25-годдзя з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі біскуп Буткевіч увёў у склад капітула новых святароў:

  • ксёндз Аляксей Ляшко — грэміяльны канонік, дэкан і пэнітэнцыярый капітула
  • ксёндз доктар Валерый Марціноўскі — грэміяльны канонік, сакратар капітула;
  • ксёндз Аляксей Асон — ганаровы канонік;
  • ксёндз Марат Казлоўскі — ганаровы канонік;
  • ксёндз Эдвард Нарадоўскі — ганаровы канонік;
  • ксёндз Павел Самсонаў — ганаровы канонік;
  • ксёндз доктар Мікалай Ціхановіч — ганаровы канонік;
  • ксёндз доктар Сяргей Сурыновіч — ганаровы канонік.

Ксёндз канонік Віктар Місевіч быў прызначаны прэпазітам (старшынёй) капітула.

Капітул — гэта калегія святароў, заданнем якой з’яўляецца здзяйсненне больш урачыстых літургічных дзеянняў у катэдральным касцёле, а таксама выкананне заданняў, даручаных яму правам або дыяцэзіяльным біскупам.

Новыя канонікі Віцебскага катэдральнага капітула ў прысутнасці біскупа вызналі веру і прынеслі прысягу вернасці Касцёлу.

 

Абноўлена 12.04.2024 05:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця