1 чэрвеня, у Сусветны дзень дзіцяці, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай праходзіла агульнабеларуская сустрэча дзяцей.
У мерапрыемстве, якое адбывалася па ініцыятыве Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, узялі ўдзел каля паўтары тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх дыяцэзій Беларусі. Многія з іх нядаўна прынялі Першую святую Камунію і прыехалі ў Будслаў у прыгожых белых строях.
На заканчэнне сустрэчы перад адмысловым абразом, напісаным у часы Другой сусветнай вайны, адбыўся ўрачысты акт прысвячэння дзяцей Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
Напачатку адзінаццацігадовая дзяўчынка Мілана з мінскай парафіі святога Андрэя, апостала, і святога Леапольда Багдана Мандзіча ад імя ўсіх дзяцей прачытала Літаню да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, ушанаванню якога ў Касцёле асаблівым чынам прысвечаны месяц чэрвень.
Пасля арцыбіскуп Станеўскі чытаў Акт прысвячэння, словы якога за арцыпастырам паўстаралі дзеці, іх бацькі, душпастыры і ўсе ўдзельнікі сустрэчы ў Будславе.
«О Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прашу, учыні маё сэрца валадарствам Тваёй любові», — прамаўлялі тысячы вуснаў малых і дарослых вернікаў, даручаючы Хрысту сваю будучыню, сучаснасць і сваю душу на ўсю вечнасць.
Акт прысвячэння завяршыўся малітоўным заклікам-просьбаю: «Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё праз Беззаганнае Сэрца Марыі! Амэн».