Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
РАСПАРАДЖЭННЕ
Паважаныя святары, шаноўныя кансэкраваныя асобы,
любыя вернікі Мінска-Магілёўскай Мітраполіі!
Па ініцыятыве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з 5 кастрычніка 2024 года да 7 чэрвеня 2025 года ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе будзе праводзіцца малітоўная падрыхтоўка да прысвячэння Мінска-Магілёўскай Мітраполіі Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды Юбілейнага года хрысціянства і 90-годдзя Вяночка да Божай міласэрнасці.
Асноўным днём, прызначаным для супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і набажэнства да Божай Міласэрнасці (гл. Праграму наведвання) будзе кожная першая субота месяца на працягу ўсяго перыяду падрыхтоўкі (гл. План наведвання) да ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, якая адбудзецца 5 ліпеня 2025 года.
Шчыра запрашаю і заахвочваю манаскія, рэлігійныя супольнасці і рухі, любую моладзь і ўсіх вернікаў да гэтай малітоўнай акцыі, падчас якой будзем дзякаваць за 2025 гадоў хрысціянства і перапрашаць Бога за грахі свету. Праз набажэнства да Божай Міласэрнасці будзем выпрошваць у Міласэрнага Бога літасці для свету і нашай краіны, для ўсіх нас, нашых сем’яў і супольнасцяў, будзем прасіць аб спакоі ў свеце, давяраючы Яму лёс свету і лёс кожнага чалавека. Будзем прасіць Міласэрнага Езуса, каб схіліўся над намі, грэшнымі, вылечыў нашую слабасць, знішчыў усялякае зло, і дазволіў усім жыхарам зямлі спазнаць Яго міласэрнасць, каб у Табе, трыадзіны Божа, яны заўсёды знаходзілі крыніцу надзеі.
Усведамляючы, што толькі Божая міласэрнасць утрымлівае гэты свет ад знішчэння, мы павінны прасіць літасці ў Пана Бога, аддаючы Яму свае сэрцы, давяраючы свой лёс і свае надзеі, просячы благаслаўлення на далейшае жыццё, на дасягненне міру, згоды і ўзаемаразумення.
5 ліпеня 2025 года ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, падчас урачыстасці, здзейснім прысвячэнне Мінска-Магілёўскай Мітраполіі, усяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
Гэтае прысвячэнне стане падзякай за атрыманыя ласкі, будзе перапрашэннем за ўчыненыя грахі чалавецтва і нашага народа, просьбай аб Божай міласэрнасці для нас і для ўсяго свету, абяцаннем поўнага даверу і аддання Пану Богу.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 29 верасня 2024 г.
Тэксты на кожны дзень навэнны
(падрыхтаваныя выдавецтвам Pro Christo)