Пошук

18.09.2024 11:44   Паводле: Catholicby.pl / Фота: Анастасія Галезнік, Сцяпан Богдан / Catholic.by

У нядзелю 15 верасня, ва ўспамін Маці Божай Балеснай, у Гданьску (Польшча) адбыўся другі каталіцкі фэст беларусаў Памор’я.

Сёлетняе свята сабрала вялікую колькасць удзельнікаў — каля 90-а чалавек, сярод якіх прысутнічалі таксама палякі, — і распачалося ўрачыстай святой Імшой у касцёле святога Юзафа.

На пачатку Эўхарыстыі, цэлебрацыю якой узначаліў дапаможны біскуп Гданьскай архідыяцэзіі Пётр Пшыборэк, адбыўся абрад благаслаўлення абраза Апякункі душпастырства — Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў.

Асаблівасцю гэтага спісу славутай цудадзейнай іконы з санкутарыя ў Браславе з’яўляецца тое, што ён быў напісаны паводле яе аўтэнтычнага выгляду, без накладзенных шатаў.

Ікону для супольнасці напісала Эва Бялецка OV, а сёстры эўхарысткі падзяліліся здымкамі арыгінальнага абраза, зробленнымі падчас яго апошняй рэстаўрацыі.

З гаміліяй да прысутных звярнуўся грэка-каталіцкі святар Аляксандр Шаўцоў. Ён разважаў аб тым, як Маці Божая дзейнічае ў жыцці кожнага чалавека, і падзяліўся прыкладамі з уласнага жыцця.

На Літургіі, якую сваім спевам упрыгожваў мясцовы хор, прысутнічалі таксама душпастыр беларусаў Гданьска ксёндз Пётр Врубель, ксёндз Анджэй Бульчак, які разам з ксяндзом Пятром пэўны час нёс служэнне ў Беларусі, і ксёндз Кшыштаф Чапірскі ОМІ, настаяцель супольнасці аблатаў і рэктар касцёла святога Юзафа. Ён упершыню ўзяў удзел у малітве з беларусамі, таму супольнасць падзякавала яму за дапамогу і падтрымку на працягу трох гадоў.

На заканчэнне святой Імшы ўсе разам памаліліся малітвай да Маці Божай Браслаўскай, а ахвотныя маглі застацца ў святыні, каб у цішыні занесці свае просьбы да Бога праз заступніцтва Валадаркі азёраў.

Другая частка святкавання адбывалася ў парафіяльнай зале. Там быў праведзены конкурс на лепшы пірог, да якога ўсе ўдзельнікі падышлі з асаблівай адказнасцю, і прапанаваны пачастунак для гасцей свята. Беларусы павіншавалі ксяндза Пятра з днём нараджэння і падзякавалі за яго служэнне іх супольнасці ў апошнія тры гады.

Упрыгожыць свята захацелі таксама дзеці і моладзь супольнасці. Яны падрыхтавалі батлейку «Гісторыя Браслаўскага абраза Маці Божай». У лялечным спектаклі яны паказалі гісторыю святыні: як з’явілася ікона, яе каранаванне і тое, як яе ўшаноўваюць сёння. Пасля былі беларускія нацыянальныя спевы і танцы, падрыхтаваныя «Капэлай Трыградскай».

Як адзначае Павел, адзін з арганізатараў фэста, нечаканасцю стала такая вялікая колькасць удзельнікаў, але ад гэтага вельмі радасна.

Фэст быў вясёлы, духоўны па зместу і вельмі цёплы па атмасферы.

 

Абноўлена 18.09.2024 11:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа