Пошук

26.08.2024 10:55   Catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
КАТЭХІЗАЦЫЯ — ВЫКЛІК КАСЦЁЛУ Ў БЕЛАРУСІ
Слова на катэхетычны год 2024/2025

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, катэхеты, дзеці, моладзь, бацькі, браты і сёстры!

1. Адной з характарыстык хрысціянства з’яўляецца жаданне Бога, якое выразна і паслядоўна перададзена ў Святым Пісанні, Традыцыі і Настаўніцтве Касцёла з мэтай яго пазнання і жыцця згодна з ім. Там знаходзіцца асноўнае пасланне гісторыі збаўлення, якая, з аднаго боку, суцяшае, а з другога з’яўляецца выклікам.

Суцяшае, бо дапамагае рэалізаваць прывілею быць сапраўдным хрысціянінам. З’яўляецца выклікам, бо заклікае хрысціяніна акрэсліць прыярытэты свайго жыцця такім чынам, каб пазнаваць Бога, які аб’явіўся ў Хрысце, і жыць Ягонай праўдай.

2. Святы Ян Павел ІІ у Энцыкліцы Fides et ratio — «Вера і розум» — вучыць, што пазнанне Бога і жыццё згодна з яго вучэннем павінны базавацца на найвышэйшым правіле веры, якое вынікае з еднасці паміж Традыцыяй, Святым Пісаннем і Настаўніцтвам Касцёла (пар. Ян Павел ІІ. Энцыкліка Fides et ratio, 55). Найвышэйшае правіла веры — гэта тая крыніца, з якой павінна карміцца ўся супольнасць Касцёла ў служэнні катэхізацыі ў кантэксце паклікання і сумеснага падарожжа да дому Айца.

Касцёл у Беларусі выказвае сваю ўдзячнасць за намаганні шматлікіх святароў, кансэкраваных асобаў, катэхетаў і простых людзей у справе катэхізацыі і духоўнай фармацыі людзей. Гэтаму спрыяюць нядзельныя школы, фармацыйныя сустрэчы, Тэалагічныя каледжы ў Мінску і Гродне, а таксама Катэхетычны каледж у Баранавічах.

Касцёл запрашае адказных за катэхізацыю далей трываць у сваім служэнні патрэбам веры ў наш час, калі яна пад націскам секулярызму і маральнага рэлятывізму выпарваецца.

3. Касцёл у Беларусі, як і ва ўсім свеце, з-за працэсаў секулярызацыі знаходзіцца ў вельмі складанай сітуацыі, якая вядзе да дэсакралізацыі ў жыцці людзей і культур. У выніку сучасная эра з хрысціянскай становіцца постхрысціянскай.

Працэс секулярызацыі і дэсакралізацыі праяўляецца ў паступовым аддзялені веры ад культуры. Культура ўплывае на людзей так моцна, што часта, не ўсведамляючы значэння працэсу секулярызацыі, яны дыстансуюцца ад сакральнага і духоўнага, напрыклад, ад малітвы, удзелу ў набажэнствах, разважанняў над Святым Пісаннем, вучэннем Касцёла. Феномен секулярызацыі і дэсакралізацыі закранае як грамадскае, так і асабістае жыццё.

Для многіх людзей канчатковым вынікам гэтага працэсу з’яўляецца тое, што вера і рэлігія больш не лічацца важнымі. Людзі жывуць у атмасферы росту нявер’я і абыякавасці.

Гэты вельмі складаны працэс ускладняецца праблемай плюралізму і лібералізму без адказнасці і негатыўна ўплывае на традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці людзей і іх этычныя паводзіны, падрывае сямейнае жыццё, спрыяе прыняццю матэрыялізму, спажывальніцтва і індывідуалізму ў якасці сучаснай філасофіі жыцця. Усё гэта чыніць вернікаў уразлівымі перад свецкімі каштоўнасцямі і спрыяе яшчэ большаму падзелу веры і культуры.

4. Яшчэ адным выклікам з’яўляецца глабалізацыя, якая звязвае розныя культуры, у тым ліку і секулярызаваныя. У наш час, калі людзі маюць лёгкі доступ да інфармацыі, яны часта паддаюцца ўплывам новых, несумяшчальных з традыцыйнымі каштоўнасцямі ідэй і культур. Усё гэта стварае новую душпастырскую праблему для Касцёла і катэхізацыі, а таксама падсілкоўвае новыя формы сінкрэтызму паміж рознымі культамі і хрысціянскай верай, што вядзе да змены паводзінаў людзей.

У гэтым кантэксце вялікае значэнне мае паняцце сапраўднай свабоды, якое існуе толькі ў захаванні Божага закону. Таму неабходна ізноў звяруцца да словаў Езуса: «Пазнайце праўду, і яна вызваліць вас» (пар. Ян 8, 31).

Мы не можам падманвацца новымі наратывамі, якія прапануе сучасны бязбожны свет. Маем свайго наратара, якім ёсць Езус Хрыстус, заўсёды актуальны і новы. Ён — адзіны Збаўца для кожнага часу і кожнага чалавека.

5. Складаная душпастырская сітуацыя ва ўмовах секулярызму не павінна весці да адчаю. Наадварот, яна павінна падштурхоўваць да пошуку шляхоў вырашэння сучаных крызісаў. Гісторыя паказвае, што Касцёл найбольш моцны тады, калі праходзіць праз перыяды выпрабаванняў.

У той жа час нельга ігнараваць і недаацэньваць складаную душпастырскую сітуацыю, калі людзі знаходзяцца ў разгубленасці, адыходзяць ад веры і не бароняць яе.

Папа Ян Павел ІІ з мэтай аздараўлення духоўных паталогій сучаснасці заклікаў да новай евангелізацыі з акцэнтам на катэхізацыю як істотны яе элемент. Ён назваў катэхезу момантам евангелізацыі (пар. Ян Павел ІІ. Апостальская адгартацыя Сatechesi tradendæ, 18). Касцёл у Беларусі заклікае вернікаў да прыняцця закліку да новай евангелізацыі і неабходнасці катэхізацыі ўсіх люзей: дзяцей, моладзі і дарослых.

6. Што такое катэхізацыя?

Тэрмін катэхеза паходзіць ад грэцкага слова катэхэін, што азначае адгукнуцца.

Мэта катэхізацыі — праз навучанне і досвед хрысціянскага жыцця зрабіць веру людзей жывой, відавочнай і дзейснай (пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 773).

Гэта таксама выхаванне ў веры дзяцей, моладзі і дарослых праз арганічнае і сыстэматычнае навучанне хрысціянскай дактрыне з мэтай увесці іх у паўнату хрысціянскага жыцця (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 5).

7. Якой павінна быць катэхеза?

Найперш яна павінна датычыцца веры і хрысціянскага жыцця, і праяўляцца ў хрысціянскім сведчанні. Яна таксама павінна сістэматычна перадаваць веру, структурны фармат якой заснаваны на чатырох наступных слупах: Вызнанне веры (Сімвал веры), сакрамэнты, жыццё ў веры (запаведзі) і малітва (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 13).

Катэхізацыя — гэта служэнне сям’і, якая з’яўляецца асноўным асяроддзем катэхезы.

У Дэкларацыі пра хрысціянскае выхаванне Другога Ватыканскага Сабору Gravissimum educationis гаворыцца, што бацькі павінны быць першымі і галоўнымі выхаваўцамі сваіх дзяцей (пар. Другі Ватыканскі Сабор. Дэкларацыя Gravissimum educationis, 3).

Катэхеза павінна быць абавязкам усёй хрысціянскай супольнасці. Яе мэта — увесці катэхуменаў у хрысціянскае жыццё і хрысціянскую супольнасць. Катэхізацыя — гэта працэс, які доўжыцца ўсё жыццё. Нягледзячы на тое, што многія людзі звязваюць катэхізацыю выключна з перадсакрамэнтальнай падрыхтоўкай дзяцей да першай сповядзі, Камуніі і сакрамэну канфірмацыі, тым не менш яна павінна працягвацца ўсё жыццё. Катэхізацыя распачынаецца ў сям’і і ахоплівае розныя этапы жыцця чалавека, што патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі катэхетаў (пар. General Directory for Catechesis, 51–57. 232).

8. Існуюць чатыры сутнасныя элементы катэхізацыі: пазнанне веры; фармацыя на аснове ведаў пра веру; адданасць Богу, якая вынікае з ведаў і фармацыі; місія для перадачы і паглыблення веры.

Кожны з іх павінен прысутнічаць у жыцці хрысціяніна. Яны таксама павінны знаходзіцца ў пастаяннай сувязі паміж сабой. Іх узаемадзеянне з’яўляецца сутнасцю формулы духоўнага росту хрысціяніна.

9. Катэхізацыя і евангелізацыя.

Папа Павел VI вучыць, што мэтай евангелізацыі ёсць абвяшчаць Добрую Навіну людзям для перамены чалавецтва знутры, каб зрабіць яго новым (пар. Павел VI. Энцыкліка Evangelii nuntiandi, 17–19). Папа Ян Павел ІІ разумее катэхізацыю як вельмі важны момант у працэсе евангелізацыі і яны дапаўняюць адно другое (пар. Ян Павел ІІ. Апостальская адгартацыя Сatechesi tradendæ, 18).

Катэхізацыя адначасова з’яўляецца часткай евангелізацыі.

Гэта тая самая Добрая Навіна збаўлення (Ян Павел ІІ. Апостальская адгартацыя Сatechesi tradendæ, 26). Таму катэхізацыя мае евангелізацыйны кантэкст.

10. Катэхізацыя і літургія.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла гаворыць пра сувязь паміж катэхізацыяй і літургіяй. Ён вучыць, што паколькі літургія з’яўляецца вяршыняй, да якой скіравана дзейнасць Касцёла і крыніцай, з якой паходзіць уся яго моц, то яна з’яўляецца прывілеяваным месцам для катэхізацыі Божага народа (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1074).

Для шматлікіх католікаў адзінай магчымасцю катэхізацыі з’яўляецца Літургія. Менавіта яна абвяшчае ўзаемасувязь паміж lex orandi, lex credendi і lex vivendi — паміж законам малітвы, веры і жыцця, якія павінны прысутнічаць у жыцці людзей.

11. Катэхізацыя і апалагетыка.

Катэхізацыя павінна мець апалагетычны характар і бараніць веру, што асабліва важна ў наш час, калі людзі больш спадзяюцца на бачнае і навуковае. Паводле святога Яна Паўла ІІ, вера і розум павінны сябраваць (пар. Ян Павел ІІ. Энцыкліка Fides et ratio, 57). Таму катэхетычныя праграмы павінны рыхтаваць людзей да абароны веры.

Важным вымярэннем апалагетыкі з’яўляецца сведчанне.

Папа Ян Павел ІІ у Энцыкліцы Redemptoris Missio — «Місія Збаўцы» — заўважае, што сучасныя людзі больш давяраюць сведкам, чым настаўнікам, вопыту, чым навучанню, жыццю і дзеянню, чым тэорыям (пар. Ян Павел ІІ. Энцыкліка Redemptoris Missio, 42).

12. Катэхізацыя і супольнасць.

Катэхеза павінна адзначацца супольным характарам, бо яна служыць людзям і ажыццяўляецца ад імя Касцёла праз удзел у яго збаўчай місіі.

Катэхеза — гэта працэс, у якім катэхізаваныя ўводзяцца ў паўнату хрысціянскага жыцця праз досвед жыцця ў каталіцкай супольнасці.

13. Праблема паглыблення крызісу веры змушае даць адказ на наступныя і падобныя пытанні: як выхоўваць веру сёння, каб яна была сталай? колькі намаганняў трэба прыкласці, каб вучыцца, мець смеласць блукаць, шукаць адказы і пытацца пра праўду? колькі павярхоўных і аўтаматычных, вывучаных на памяць, без разумення іх сэнсу, катэхізісных адказаў? колькі павярхоўнасці і колькі глыбіні ў нашай веры? наколькі мы ўдзяляем увагу паглыбленню веры ў сем’ях, парафіях, супольнасцях, на інтэлектуальным узроўні? ці цэнім вопыт нашых продкаў, які кранае сэрца і перамяняе жыццё? у абставінах ваяўнічага атэізму яны захавалі веру і перадалі яе маладому пакаленню, а мы?.. ці клапоцімся пра катэхізацыю дома, у сям’і, асяроддзі, парафіі, бо справа ідзе не толькі аб катэхізацыі, але таксама і аб стане ўсведамлення нашай веры? што мы насамрэч перадаем маладым людзям, якую веру яны бачаць, гледзячы на нас?

Адных словаў недастаткова: патрэбна сведчанне жыцця.

14. У святле сказанага Касцёл у Беларусі заклікае ўсіх адказных за катэхізацыю ўчыніць усё магчымае, каб Катхетычны год 2024/2025 быў пасяховым і прынёс багаты духоўны плён у хрысціянскай фармацыі дзяцей, моладзі і дарослых і даў ім новую надзею, што важна ў кантэксце Юбілею 2025 года, аб’яўленага Папам Францішкам Годам надзеі (пар. Папа Францішак. Була Spes non confundit).

Давяраючы ўсіх адказных за катэхізацыю Богу і апецы Марыі, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 24 жніўня 2024 г., свята святога Барталамея, апостала

Абноўлена 26.08.2024 11:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.