13 красавіка ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылася сустрэча міністрантаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
На сустрэчу ў галоўную каталіцкую святыню сталіцы прыбылі каля трох дзясяткаў міністрантаў рознага ўзросту з шэрагу парафій архідыяцэзіі.
Напачатку ўдзельнікі паслухалі канферэнцыю, якую прамовіў для іх вікарый архікатэдральнай парафіі ў Мінску ксёндз Андрэй Бурак. Канферэнцыя была больш падобная не на лекцыю, а на размову з хлоцамі, у якой святар абмяркоўваў з імі пытанне пра тое, «як быць добрым міністрантам». Адказ на яго ксёндз Андрэй і прадстаўнікі літургічнай службы алтара спрабавалі разам знайсці ў гутарцы ў форме дыялогу.
Пасля ўдзельнікі сустрэчы ўзялі ўдзел у святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Гэта была адмысловая Эўхарыстыя падзякі Богу за 33 гады з часу заснавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
На заканчэнне святой Імшы быў зроблены агульны фотаздымак з арцыпастырам, пасля чаго ўдзельнікаў сустрэчы чакаў супольны пасілак.