Пошук

15.04.2024 07:17   Тэкст: Павел Федаровіч МІС / Фота: Станіслаў Зданцэвіч, Аляксандр Кірыленка / Catholic.by

13 красавіка ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылася святая Імша падзякі з нагоды 33-годдзя з часу заснавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі — трэці Мітрапаліт на гэтай катэдры. Разам з іерархам маліліся прадстаўнікі мінскага катэдральнага капітула, кансэкраваныя асобы, вернікі, а таксама міністранты, якія ў гэты дзень удзельнічалі ў адмысловай сустрэчы.

Арцыбіскуп Станеўскі ў прывітальным слове на пачатку Эўхарыстыі ўзгадаў, што ён сам разам з прысутным ксяндзом канонікам Францішкам Рудзем, калі яны былі яшчэ семінарыстамі, чулі ў гродзенскай катэдры словы булы Святога Айца аб заснаванні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр растлумачыў паходжанне слова «дыяцэзія».

Ён нагадаў, што гэты тэрмін выкарыстоўваўся ў Рымскай імперыі ў якасці назвы адміністрацыйнай адзінкі і тлумачыўся як «кіраванне». Цяпер гэты тэрмін выкарыстоўваецца ў касцёльнай мове і азначае частку Божага народа, даручаную пастырскай апецы біскупа ў супрацоўніцтве з прэзбітэрыем.

Арцыбіскуп таксама зазначыў, што гадавіна з часу заснавання архідыяцэзіі з’яўляецца для яе вернікаў і іх пастыраў нагодай для праслаўлення Бога сваім жыццём.

«Усе, хто ўтварае Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію, — біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі, — запрошаныя да таго, каб быць прыкладам і натхненнем адзін для аднаго, каб быць адважнымі і вернымі носьбітамі Божага святла, праўды і любові», — падкрэсліў іерарх.

На заканчэнне Эўхарыстыі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі з удзячнасцю ўзгадаў пра сваіх папярэднікаў на Мінска-Магілёўскай катэдры: кардынала Казіміра Свёнтка і арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, якія прыклалі шмат намаганняў дзеля станаўлення і далейшага развіцця архідыяцэзіі. Прысутных у касцёле а таксама тых, хто далучыўся з дапамогай прамой трансляцыі, арцыпастыр заахвоціў быць сапраўднымі сведкамі веры.

Абноўлена 15.04.2024 10:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.