Пошук

09.04.2024 13:39   Тэкст: кс. Андрэй Зноска / Фота: Павел Догіль / Catholic.by

7 красавіка, у другую Велікодную нядзелю, якая святкуецца як свята Божай Міласэрнасці, парафія ў мікрараёне Моладзевы ў Лідзе (Гродзенская дыяцэзія) вітала шматлікіх гасцей з усяго горада і ваколіц.

Парафія Божай Міласэрнасці ў Лідзе з’яўляецца адной з першых у свеце, якая атрымала гэты тытул яшчэ ў 1994 годзе.

Вялікай радасцю для парафіяльнай супольнасці стала святкаванне «імянінаў парафіі» разам з біскупам каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімірам Гуляем, намінацыю якога Папа Францішак здзейсніў 5 красавіка.

У прывітальным слове пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ксёндз канонік Андрэй Зноска падкрэсліў, што для Лідскай зямлі прызначэнне біскупа Уладзіміра з’яўляецца асаблівым гонарам, бо новапрызначаны іерарх аддаў 21 год свайго святарства служэнню Богу і людзям менавіта на Лідчыне. Як зазначыў пробашч парафіі ў Моладзевым, «калі ксёндз Уладзімір выязджаў у Гродна, каб пачуць сваю біскупскую намінацыю, неба над Лідай плакала дажджом, бо Лідчына мела ў яго асобе руплівага душпастыра Фарнай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, а ксяндзы цешыліся сардэчным суседам, шчырасць і адкрытасць якога былі паўсюдна вядомыя. Але цяпер, калі біскуп Уладзімір прыбыў да нас з апостальскім словам і радасцю супольнай Эўхарыстыі, неба над касцёлам зноў усміхаецца промнямі веснавога сонца, бо замест стараннага пробашча і зычлівага суседа Бог даў нам добрага біскупа».

Супольнайую Эўхарыстыю разам з новапрызначаным іерархам канцэлебравалі ксёндз канонік Віталій Вайцяхоўскі, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а таксама пробашчы Лідскіх парафій: ксёндз доктар Віталій Сідорка і айцец Аляксандр Махнач SP, тым часам ксёндз Руслан Мазан, пробашч парафіі Святой Сям’і, служыў сакрамэнтам паяднання ў канфесіянале.

У прамоўленай гаміліі біскуп Гуляй сказаў: «Езус хацеў паказаць сваім вучням, што Яго Уваскрасенне — гэта не магічная формула, якая разганяе праблемы. Не! Уваскрасенне Хрыста ёй не з’яўляецца. Гэта перамога любові над коранем зла; перамога, якая не «выцясняе» пакуты і смерць, але праходзіць іх наскрозь, адкрываючы шлях у неспасціжнае, ператвараючы зло ў дабро: гэта выключны знак Божай моцы. Раны Уваскрослага з’яўляюцца доказам пераможнай любові. Яны дапамагаюць нам зразумець, хто такі Бог.

Толькі Бог, які любіць нас настолькі, каб прыняць на сябе нашыя раны і наш боль, варты веры. І толькі такім чынам мы разумеем, што міласэрнасць з’яўляецца не адной з Яго шматлікіх рысаў, але пульсам Яго сэрца. Міласэрнасць — гэта сапраўдная форма зразумення таго, што Яго сэрца б’ецца для мяне, для цябе, для кожнага з нас. Міласэрнасць — Яго аблічча!»

— адзначыў прызначаны нядаўна іерарх.

Удзельнікі ўрачыстасці прызнаваліся потым, што ім запалі глыбока ў душу словы, якія новаменаваны біскуп паўтарыў некалькі разоў: «Божае Аблічча — гэта Міласэрнасць».

Казанне новапрызначанага іерарха змяшчала заклік да перамогі над страхам: «Дарагі брат і сястра! Калі ты неспакойны, калі баішся і напалоханы ўсім, што сёння вакол цябе адбываецца, дакраніся да Яго ран. Калі ты напалоханы тым, што вакол так шмат болю і пакутаў, дакраніся да Яго ран! Калі адчуваеш бездапаможнасць, роспач, сумненні — дакраніся да Яго ран! Калі хочаш прабачэння і міласэрнасці, дакраніся да Яго ран. Бо ў іх — як прарочыў Ісая — наша аздараўленне. Ён сам, паранены, у сваёй любові выходзіць насустрач нашым ранам. Мы не павінны саромецца іх перад Ім. Мы не павінны іх хаваць. У гэтую Гадзіну Міласэрнасці Ён хоча нас аздаравіць. Ён хоча вылечыць нас і ўсё змучанае чалавецтва».

Біскуп Уладзімір заклікаў таксама вернікаў да адзінства ў моцы Уваскрослага Хрыста: «Вечар уваскрасення, як мы чулі сёння ў Евангеллі, стаў таксама вечарам паслання для вучняў Езуса: Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас. У моцы Святога Духа вучні былі пасланы ў свет, каб несці вестку прабачэння. Праз іх Езус хоча прабачаць і праяўляць міласэрнасць. Папа Францішак сказаў, што міласэрнасць адчыняе не толькі браму нашага розуму, каб лепш пазнаваць Бога і таямніцу нашага асабістага жыцця, але таксама браму нашага сэрца, каб ісці і праяўляць міласэрнасць да нашых бліжніх. Евангелле заклікае і абавязвае нас дакрануцца да ран Езуса ў нашых пакутуючых братах і сёстрах.

Мы пакліканыя і пасланыя, каб, як Ён, дакрануцца да ран бедных і тых хто ў роспачы, напалоханых і адкінутых, духоўна параненых і згубленых. І мы не павінны рабіць гэта ў адзіночку. Мы павінны ісці як Касцёл. Мы пакліканы і пасланы як супольнасць веруючых: веруючых у Хрыста Уваскрослага, які жыве! Вось чаму мы сёння тут разам», — сказаў новаменаваны біскуп.

Напрыканцы адпустовай Імшы прадстаўнікі Парафіяльнай рады скіравалі да новага біскупа словы падзякі і заахвочвання ад імя ўсёй парафіяльнай супольнасці:

«Хто, калі не вы, Эксцэленцыя, ведае, што мы тут, у Лідзе, моцна трываем у вучэнні Касцёла і навуцы Апосталаў, верна вызнаем усе праўды каталіцкай веры. Мы, прадстаўнікі старэйшага пакалення парафіянаў, з удзячнасцю Богу ўспамінаем доўгі і складаны шлях пабудовы гэтай велічнай святыні. А сёння мы шчаслівыя ад таго, што бачым у касцёле маладыя сем’і з дзецьмі, моладзь, новае пакаленне вернікаў, якія зоймуць нашыя месцы перад Божым алтаром і наш касцёл ніколі не будзе пустым. Абяцаем вам, што не толькі, як верныя дзеці, кожны дзень на кожнай Імшы будзем успамінаць вашае імя, але і ў сваіх прыватных малітвах, простых пацерах і ў ружанцовай малітве будзем прасіць Бога, каб благаславіў ваша пастырскае служэнне. У добры шлях!»

У адказ на віншаванні, біскуп намінат асабліва дзякаваў Пану Богу за вялікую ласку весці Божы народ, а таксама за давер, якім адарыў яго Святы Айцец Францішак. Сваёй падзякай біскуп Уладзімір агарнуў таксама вернікаў Лідчыны, падкрэсліўшы, што «ён, калі прыехаў як малады ксёндз у Ліду, думаў, што яго заданнем будзе навучаць мясцовых католікаў, а аказалася, што за тыя гады, якія ён правёў у Лідзе, гэта яны сталі для яго настаўнікамі веры і любові да Бога».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа