Пошук

18.03.2024 10:44   Яўген і Дар’я Горбач / Фота: з сямейнага архіву Горбачаў / Catholic.by

Яўген і Дар’я ў сужэнстве сем з паловай гадоў, выхоўваюць дваіх дзяцей. На рэкалекцыі ад «Сужэнскіх сустрэч» яны ўпершыню паехалі чатыры гады таму, і з таго часу іх сямейнае жыццё зайграла новымі фарбамі.

Дар’я: Свой першы ўікэнд мы перажылі ў лютым 2020 года. Пра рух «Сужэнскія сустрэчы» даведаліся ў нашай парафіі. Памятаю, як мяне ўразіла сведчанне сужонкаў, якія распавялі пра ўплыў рэкалекцый на іх жыццё.

Мне вельмі захацелася паспрабаваць аднавіць нашыя адносіны з мужам, бо ў той перыяд мы былі стомленымі бацькамі двухгадовага дзіцяці, і таму з вялікім энтузіязмам успрынялі магчымасць прысвяціць час адно аднаму.

Яўген: Невядомы фармат мерапрыемства і перспектыва паглыбіць нашыя адносіны выклікалі інтарэс і надзею, што змагу перажыць моцныя пачуцці. Разам с гэтым, калі мы збіраліся на рэкалекцыі, я адчуваў трывогу, што давядзецца нешта публічна абмяркоўваць. Але ўжо ў самым пачатку ўікэнду я супакоіўся, калі зразумеў, што ўсё на «Сужэнскіх сустрэчах» арганізавана акурат такім чынам, каб удзельнікі, натхнёныя сведчаннямі пар-вядучых, атрымаўшы пэўныя практычныя інструменты, будавалі свой асабісты дыялог. Да таго ж, там створана вельмі спрыяльная атмасфера дабрыні, прыняцця і ўзаемападтрымкі.

Дар’я: З кожнай сустрэчай мы з Яўгенам усё больш адкрываліся, дзякуючы прапанаваным глыбокім пытанням. Я дакладна даведалася больш пра мужа і саму сябе. Нам удалося прыгадаць шмат прыемных і пяшчотных момантаў, абмеркаваць важныя пытанні, пасмяяцца і паплакаць разам. Напрыканцы першых рэкалекцый мяне напаўняла ўдзячнасць Жэню за яго адкрытасць. Я ад’язджала ўзрушаная і шчаслівая.

Яўген:

Рэкалекцыі ўдыхнулі новае жыццё ў нашыя адносіны, дапамаглі нам лепш пазнаць адзін адного, паглядзець на сябе з іншага боку. Я зразумеў патрэбы Дашы і ўбачыў важнасць для яе тых рэчаў, якія для мяне здаваліся неістотнымі. Вяртаўся дадому натхнёны тым, што дзякуючы атрыманаму новаму досведу зможам умацаваць нашыя адносіны і пазбегнуць ранейшых памылак. Мяне задавальняла пачуццё веры, што многае можна выправіць, бо гэта ў нашых руках.

Дар’я:

Лічу, што з цягам часу лепшым падарункам для нашых адносінаў стала рашэнне далучыцца да малой групы «Сужэнскіх сустрэч». Гэта лагічны працяг асноўнага ўікэнду, калі мы, збіраючыся групай сужэнстваў, рэгулярна практыкуем дыялог у парах. Я адчуваю, што нашыя адносіны сталі больш якаснымі і глыбокімі дзякуючы такім спатканням.

Яўген: Я прапаную перажыць уікэнд «Сужэнскіх сустрэчаў», таму што гэта добрая магчымасць правесці час разам без штодзённай мітусні, бытавых справаў і дзяцей. Гэта нагода лепш зразумець і пазнаць адзін аднаго, а таксама далучыцца да супольнасці шчырых і адкрытых людзей.

Бліжэйшыя рэкалекцыі «Сямейных сустрэч» пройдуць 5–7 красавіка ў Ляскоўцы (Мінскі раён).

Тэлефон для запісу і дадатковых пытанняў: +375 (29) 652 11 44

Абноўлена 18.03.2024 10:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа