Пошук

28.08.2026 10:56   Тэкст: Ірына Мялешка / Фота: з архіва ўдзельнікаў рэкалекцый / Catholic.by

Фота: Ірына Мялешка

Чатыры дні з 21 па 25 жніўня спецыялісты па справах сямейнага жыцця з розных дыяцэзій Беларусі правялі ў разважаннях, супольнай малітве і шчырых дыялогах з духоўнымі кіраўнікамі. Чым для іх стаў гэты час адпачынкам ці сапраўднай школай унутранага пераўтварэння? Сваімі сведчаннямі дзеляцца самі рэкалекцыяністы.

З 21 па 25 жніўня ў Доме Святой Тройцы ў Баранавічах, якім апякуюцца айцы вербісты, прайшлі курсы-рэкалекцыі для кансультантаў сямейнага жыцця, арганізаваныя Радай па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Удзельнікамі сталі 38 чалавек з Гродна, Ліды, Мастоў і Мінска. Сярод іх былі як будучыя кансультанты і навучэнцы «Школы сямейнага жыцця», так і тыя, хто ўжо дапамагае парафіянам у розных кутках краіны.

Духоўнымі кіраўнікамі рэкалекцый сталі ксёндз магістр Андрэй Рылка і сястра Барбара Сайнок CSFA. Тэма курсаў  «У пошуку ўласнай ідэнтычнасці на прыкладзе шляху Майсея» дала магчымасць удзельнікам прысвяціць гэты час разважанням над постаццю старазапаветнага патрыярха, яго якасцямі і выпрабаваннямі, а таксама над тым, як прыклад біблійнага правадыра можна перанесці ў штодзённыя сямейныя і грамадскія адносіны.

У звароце да ўдзельнікаў ксёндз Андрэй Рылка падкрэсліў важнасць падобных сустрэч, назваўшы іх добрай магчымасцю паразважаць над уласным пакліканнем і жыццёвым шляхам.

Удзельнікі таксама маглі паставіць хвалюючыя пытанні кіраўнікам і адзін аднаму падчас адмысловага пункту праграмы «100 пытанняў да...». Больш за ўсё іх цікавілі тэалагічныя асновы каталіцкай веры, асабісты досвед іншых рэкалекцыяністаў у выхаванні дзяцей і будаванні хрысціянскіх сужэнскіх адносін.

Кожны дзень пачынаўся з малітвы Літургіі гадзінаў і завяршаўся вячэрняй адарацыяй. Галоўным жа момантам штодзённага распарадку заўсёды была Эўхарыстыя удзел у святой Імшы дапамагаў рэкалекцыяністам глыбей перажываць сваю веру і грунтоўна разважаць над Божым словам.

Быў час і для адпачынку: ён праходзіў у сардэчнай атмасферы за гарбатай і кавай, у жывых размовах і абмене думкамі. Арганізатары падышлі да мерапрыемства з усёй адказнасцю, прадугледзеўшы нават вольны час для дзяцей, бо шмат хто з удзельнікаў прыехаў на рэкалекцыі сем’ямі. Пакуль бацькі займаліся духоўнымі практыкаваннямі, запрошаныя аніматары забаўлялі малых.

У сваіх уражаннях удзельнікі асабліва адзначалі цеплыню і сяброўскую атмасферу, якую стварылі арганізатары. На працягу ўсіх чатырох дзён, па-за звыклай хатняй абстаноўкай, кожны адчуваў сябе амаль як у родным доме. 

Мінчанка Таццяна выказалася, што ёй вельмі спадабалася адарацыя і супольная малітва. «Гэта менавіта тое, чаго так не хапае ў паспешлівасці горада», удакладніла яна. Па словах удзельніцы, «атмасфера, якую стварае Бог на рэкалекцыях, цудоўная». Эўхарыстыя ў такіх умовах перажываецца заўжды па-асабліваму, у прыязнай хатняй атмасферы. «Цікавыя размовы падчас супольнага спажывання ежы яшчэ больш узмацнялі прыемнае ўражанне. Плюс новыя прыемныя знаёмствы — гэта заўсёды файна», дадала Таццяна.

Для Кацярыны з Гродна тэма рэкалекцый аказалася вельмі актуальнай «адной з тых, што дае магчымасць паглядзець, як Пан Бог вядзе нас праз крызісы». «Усе мы атрымалі вельмі каштоўны досвед, а супольныя размовы паміж сабой дапамагалі яшчэ больш пазнаць адзін аднаго і сябе самога, пазнаць Бога і свет, які Ён стварыў», — удакладніла яна.

Юлія з Ліды лічыць, што атрыманыя на рэкалекцыях парады і практычныя псіхалагічныя інструменты «вельмі карысныя як для ўзаемаадносін унутры сваёй уласнай сям’і, так і з іншымі людзьмі». Удзельніца спадзяецца, што будзе карыстацца імі. «Важна адзначыць, што для ўдзельнікаў была створана вельмі спрыяльная атмасфера дабрыні і ўзаемападтрымкі», асабіста заўважыла Юлія.

Яшчэ адна гродзенка Вераніка шчыра прызналася: «Нарэшце я скінула хоць трохі назапашанай напругі! У целе вольна, добра і такая цеплыня!» Удзельніца ўпэўнена: усё ў жыцці адбываецца ў патрэбны момант і толькі тады, калі мы да гэтага гатовы.

«Калі нам здаецца, што Бог не дзейнічае ў нашым жыцці, то гэта толькі здаецца, а насамрэч Ён рыхтуе нас да дзеяння. Гэтыя курсы — якраз такі момант»,

падсумавала Вераніка.

Удзельнікі засведчылі: такія рэкалекцыі заўсёды даюць шчодрую глебу для разважанняў. Для кожнага з іх атрыманы досвед стаў не проста чарговым крокам у духоўным развіцці, але і глыбокім асэнсаваннем уласнага паклікання як у сужэнскім дыялогу, так і ў штодзённым зносінах з роднымі, у пошуку цярплівасці і мудрасці ў самых розных жыццёвых сітуацыях. Супольная малітва і шчырыя размовы, якія з’яўляюцца галоўнай часткай духоўных курсаў, дапамаглі ім па-новаму пачуць не толькі іншых, але і сябе — а гэта і ёсць падмурак для сапраўднай сямейнай гармоніі.

 

Абноўлена 28.08.2026 11:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа