ПАСЛАННЕ СВЯТОГА АЙЦА ФРАНЦІШКА НА ВЯЛІКІ ПОСТ 2024
Бог вядзе нас праз пустыню да свабоды
Дарагія браты і сёстры!
Калі аб’яўляецца наш Бог, Ён абвяшчае свабоду: «Я — Пан, Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі» (Зых 20, 2). Так пачынаецца Дэкалог, дадзены Майсею на гары Сінай. Народ добра ведае, пра што кажа Бог: яны адчуваюць яшчэ на сабе досвед нявольніцтва. У пустыні народ атрымлівае «Дзесяць словаў» як шлях да свабоды. Мы называем іх «запаведзямі», падкрэсліваючы сілу любові, з якой Бог выхоўвае свой народ. Гэта сапраўды моцны заклік да свабоды. Ён не вычэрпваецца адной падзеяй, таму што набірае моц на працягу ўсяго падарожжа. Як Ізраэль у пустыні ўсё яшчэ мае ў сабе Егіпет, — часта са шкадаваннем успамінае былое, наракае на нябёсы і Майсея, — так і сёння Божы народ носіць у сабе путы прыгнёту, якія павінен скінуць. Мы ўсведамляем гэта, калі нам не хапае надзеі ў вандроўцы праз жыццё, як праз пустыню, без абяцанай зямлі, у якую мы маглі імкнуцца б разам. Вялікі пост — гэта час ласкі, калі пустыня зноў робіцца, — як кажа прарок Осія, — месцам першай любові (пар. Ос 2, 16–17). Бог выхоўвае свой народ, каб ён выйшаў з няволі і спазнаў пераход ад смерці да жыцця. Як жаніх, Ён прыцягвае нас да сябе і шэпча нашаму сэрцу словы любові.
Шлях з няволі да свабоды — не абстрактная вандроўка. Дзеля таго, каб і наш Вялікі пост быў рэальным, найперш трэба запрагнуць убачыць рэчаіснасць. Калі ў палаючым кусце Пан прыцягнуў Майсея і прамовіў да яго, адразу аб’явіўся яму як Бог, які бачыць, а перадусім чуе: «Я добра бачыў пакуты народу Майго ў Егіпце, Я чуў крык ягоны з-за прыгнятальнікаў яго. Я ведаю яго цярпенні. Таму сышоў Я, каб вызваліць яго з рук егіпцянаў і вывесці яго з гэтай зямлі ў зямлю добрую і прасторную, дзе сочыцца малако і мёд» (Зых, 7–8). І сёння крык многіх прыгнечаных братоў і сясцёр даходзіць да неба. Спытаем сябе: а ці даходзіць да нас? Ці ўражвае нас? Ці кранае? Занадта шмат фактараў аддаляе нас адзін ад аднаго, адмаўляючы братэрства, якое натуральным чынам нас яднае.
Падчас майго падарожжа на Лампедузу я задаў два пытанні ў якасці супрацьпастаўлення глабалізацыі абыякавасці. Гэтыя пытанні робяцца ўсё больш актуальнымі: «Дзе ты?» (Быц 3, 9) і «Дзе брат твой?» (Быц 4, 9). Велікапосная вандроўка будзе рэальнай, калі, услухоўваючыся зноў у гэтыя пытанні, мы прызнаем, што ўсё яшчэ застаёмся пад панаваннем фараона. Гэта панаванне, якое робіць нас знясіленымі і нячулымі. Гэта мадэль развіцця, якая нас дзеліць і крадзе будучыню. Не толькі зямля, паветра і вада забруджаныя ёю, але таксама і душы. Насамрэч, хоць разам з хростам распачалося нашае вызваленне, у нас застаецца невытлумачальная туга па няволі. Нейкая цяга да бяспечных знаёмых рэчаў, са шкодаю для нашай свабоды.
Я хацеў бы звярнуць вашую ўвагу на адну важную дэталь у гісторыі Зыходу: менавіта Бог бачыць, узрушваецца і вызваляе, а не сам Ізраэль просіць пра гэта. Фараон душыць нават мары, крадзе неба, робіць усё, каб нам здавалася, што свет, у якім годнасць стаптана і адрынутыя сапраўдныя сувязі, немагчыма змяніць. Яму ўдаецца прывязаць да сябе. Запытаем саміх сябе: ці прагну я новага свету? Ці гатовы адкінуць кампрамісы са старым? Сведчанне многіх сабратоў біскупаў і вялікай колькасці асобаў, якія працуюць на карысць спакою і справядлівасці, усё больш пераконвае мяне, што вартым асуджэння з’яўляецца дэфіцыт надзеі. Бо тут мы сутыкаемся з перашкодай для мараў і нямым крыкам, які дасягае нябёсаў і ўзрушвае сэрца Бога. Гэты дэфіцыт надзеі нагадвае настальгію па няволі, якая паралізавала Ізраэль у пустыні, не даючы яму ісці наперад. Зыход можна перапыніць: як іначай патлумачыць той факт, што чалавецтва, дасягнуўшы парога агульнага братэрства і ўзроўню навуковага, тэхнічнага, культурнага і прававога развіцця, здольнага гарантаваць годнасць усім, блукае навобмацак у цемры няроўнасці і канфліктаў.
Бог не стаміўся ад нас. Прывітаем жа Вялікі пост як духоўна моцны час, калі Ягонае слова зноў прыгадвае нам: «Я — Пан, Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі» (Зых 20, 2). Гэта час нявяртання, час свабоды. Кожны год у першую нядзелю Вялікага посту мы ўспамінаем, што самога Езуса Дух вывеў у пустыню, каб там Ён быў выпрабаваны ў свабодзе. Сорак дзён Ён будзе перад намі і разам з намі: Ён — Уцелаўлёны Сын. У адрозненні ад фараона Бог хоча не падданых, а сыноў. Пустыня — гэта тая прастора, дзе нашая свабода можа пасталець праз прыняцце асабістых рашэнняў, каб не трапіць зноў у няволю. У перыяд Вялікага посту мы знаходзім новыя крытэрыі мыслення і супольнасць, з якой можам вырушыць у дарогу, якой ніколі раней не ішлі.
Гэта, аднак, азначае змаганне. Кніга Зыходу і спакушэнне Езуса на пустыні выразна кажуць пра гэта. Голасу Бога, які кажа: «Ты Сын Мой умілаваны» (Мк 1, 11), і «Не май іншых багоў, апроч Мяне!» (Зых 20, 3), вораг супрацьпастаўляе сваю хлусню. Больш, чым фараона, варта баяцца ідалаў, якіх мы сабе паставілі, каб не палічыць, што гэта Божы голас гучыць у нас. Усё магчы, мець паўсюль пашану, мець перавагу над усімі. Кожны чалавек адчувае, наколькі спакуслівым бывае гэты падман. Стары вядомы шлях. Мы можам прывязацца да грошай, да пэўных праектаў, ідэй, мэтаў, сваёй пазіцыі, да традыцыі і нават да нейкіх асобаў. Замест таго, каб нам дапамагаць ісці наперад, яны паралізуюць нас. Замест сустрэчы, ствараюць канфлікт. Аднак, усё ж існуе новае чалавецтва, народ малых і пакорных, якія не паддаліся прывабнасці хлусні. У той час, як ідалы чыняць тых, хто ім служыць, нямымі, сляпымі, глухімі і нерухомымі (пар. Пс 115 [114], 4), убогія ў духу трываюць у адкрытасці і гатоўнасці: яны — маўклівая сіла дабра, якая ацаляе і падтрымлівае свет.
Прыйшоў час дзейнічаць, а ў Вялікім посце дзейнічаць таксама азначае прыпыніцца. Прыпыніцца ў малітве, каб атрымаць Божае слова, і прыпыніцца, як самаранін, у прысутнасці зраненага брата. Любоў да Бога і да бліжняга — гэта тая самая любоў. Не мець іншых багоў азначае затрымацца ў прысутнасці Бога пры целе бліжняга. Таму малітва, пост і міласціна не з’яўляюцца трыма незалежнымі чынамі, але адным рухам адкрытасці, самаадрачэння: прэч ад ідалаў, якія нас абцяжарваюць, прэч ад прыхільнасцяў, якія нас звязваюць па руках і нагах. Тады паміраючае і замкнёнае ў ізаляцыі сэрца прачнецца. Таму затрымайцеся і станьце вольнымі. Кантэмплятыўнае вымярэнне жыцця, якое Вялікі пост дазволіць нам нанова адкрыць, мабілізуе новыя сілы. У прысутнасці Бога мы становімся братамі і сёстрамі, адчуваем іншых з новай інтэнсіўнасцю: замест пагроз і ворагаў знаходзім спадарожніц і спадарожнікаў вандравання. Менавіта такая Божая мара, зямля абяцаная, у якую мы ідзём, калі пакідаем няволю.
Сінадальная форма Касцёла, якую апошнім часам нанова адкрываем і культывуем, прапануе, каб Вялікі пост быў таксама перыядам прынятых супольна рашэнняў, малых і значных выбараў, супраць агульнапануючай плыні, і гэта зможа змяніць штодзённае жыццё асобных людзей і наваколля: пакутніцкія практыкі, клопат аб стварэнні, прыняцце ў супольнасць тых, каго не заўважаюць або кім пагарджаюць. Я заахвочваю кожную хрысціянскую супольнасць прапанаваць сваім вернікам такі час, калі яны маглі б перагледзець стыль жыцця і спакойна паразважаць над сваёй прысутнасцю ў канкрэтным месцы і над уласным унёскам у ягонае паляпшэнне. Гора нам, калі хрысціянская пакута нагадвае тую, якая засмуціла Езуса. Ён звяртаецца і да нас: «Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць» (Мц 6, 16). Лепш зробім бачнай радасць на нашых тварах, адчуем водар свабоды, вызвалім тую любоў, якая чыніць усё новым, распачынаючы з самых малых і блізкіх рэчаў. Гэта можа адбыцца ў любой хрысціянскай супольнасці.
Наколькі гэты Вялікі пост будзе часам навяртання, настолькі заблукалае чалавецтва адчуе творчы імпульс: пробліск новай надзеі. Дазвольце мне паўтарыць тое, што я сказаў моладзі на сустрэчы ў Лісабоне мінулым летам: «Шукайце і рызыкуйце, шукайце і рызыкуйце. На гэтым гістарычным этапе мы сутыкаемся з вялізнымі выклікамі, чуем балючыя стогны столькіх людзей. Мы перажываем Трэцюю сусветную фрагментарную вайну. Але давайце рызыкнём думаць, што мы не ў агоніі, а ў родах, не ў канцы, а ў пачатку грандыёзнага спектакля. Патрэбна адвага, каб так думаць» (Discorso agli universitari, 3 жніўня 2023). Вось адвага навяртання — выйсця з няволі. Вера і любоў трымаюць за руку гэтае дзіця-надзею, вучаць яго хадзіць, а яно ў той жа час цягне іх наперад [1].
Благаслаўляю вас усіх і вашае велікапоснае падарожжа.
Рым, у св. Яна на Латэране, 3 снежня 2023 года, у Першую нядзелю Адвэнту.
ФРАНЦІШАК
[1] Пар. Ch. Péguy, Il portico del mistero della seconda virtù, Milano 1978, 17–19.