Літургічны перыяд Нараджэння Пана ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца 25 снежня і завяршаецца ў свята Хросту Пана, якое сёлета прыпала на 7 студзеня.
Такім чынам, у мінулую нядзелю завяршыўся перыяд Божага Нараджэння, і з панядзелка распачалася першая частка Звычайнага літургічнага перыяду, якая будзе працягвацца ўключна да аўторка перад Папяльцом, які сёлета прыпадае на 14 лютага, калі ў Касцёле распачнецца Вялікі пост.
З панядзелка колер літургічнага адзення змяніўся з белага на зялёны, але ў касцёлах па-ранейшаму можна ўбачыць ялінкі і яслі, а падчас Імшы пачуць калядныя спевы. Традыцыйна гэта будзе працягвацца да 2 лютага — свята Ахвяравання Пана, якое ў народзе часта называюць святам Маці Божай Грамнічнай, або проста Грамніцамі.
Толькі пасля гэтага са святынь прыбіраюцца атрыбуты Божага Нараджэння — ялінкі і яслі, якія ўпершыню зладзіў святы Францішак Асізскі 800 гадоў таму, а таксама больш не спяваюцца калядныя спевы. Тое самае можна назіраць і ў нашых бліжэйшых суседзяў — у Літве і Польшчы.
Польскі епіскапат нават згадвае гэтую традыцыю ў спецыяльнай інструкцыі адносна касцёльнай музыкі, выдадзенай у 2017 годзе. У дакуменце, між іншым, адзначаецца, што ў перыяд Нараджэння Пана, ці з 25 снежня да свята Хросту Пана, падчас літургіі належыць спяваць калядныя спевы. Шчадроўкі і хатнія калядкі дазваляецца спяваць толькі па-за літургіяй: падчас супольнага калядавання, у батлейках і на канцэртах.
З распачаццем першай часткі Звычайнага перыяду інструкцыя польскага епіскапату прадпісвае спяваць песні, звязаныя са зместам гэтага літургічнага перыяду. Тым не менш, калі існуе закаранёная традыцыя спявання калядных спеваў ажно да свята Ахвяравання Пана, дапускаецца выкарыстанне куплетаў, змест якіх суадносіцца з літургіяй першых тыдняў Звычайнага перыяду. Акрамя таго, дазваляецца спяваць калядныя спевы на заканчэнне літургіі.
Таксама і на нашых землях калядныя спевы настолькі моцна закаранёныя ў традыцыі мясцовага Касцёла, што яны яшчэ пэўны час працягваюць гучаць у святынях і пасля свята Хросту Пана, якім завяршаецца літургічны перыяд Божага Нараджэння.
Статуты Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, зацверджаныя ў 2000 годзе, наказваюць «падтрымліваць захаваны, нягледзячы на атэістычны пераслед, рэлігійны спеў люду, каб галасы вернікаў маглі гучаць падчас літургіі і набажэнстваў» (№ 601). Гэтыя песні настолькі блізкія беларускім вернікам, што ў розных мясцінах нават праводзяцца конкурсы і фестывалі калядных спеваў на розных узроўнях — ад парафіяльнага да дыяцэзіяльнага, — якія збіраюць вялікую колькасць як выканаўцаў, так і слухачоў.
Гучаць калядкі таксама падчас кяляднага наведвання сем’яў, што працягваецца ў парафіях і пасля заканчэння перыяду Нараджэння Пана, і падчас аплаткавых сустрэч у розных фарматах, якія распачынаюцца перад Божым Нараджэннем і адбываюцца часам ажно да канца студзеня.
Варта адзначыць, што гэта не проста прыгожая мясцовая традыцыя.
Калядныя спевы, многія з якіх гучаць ужо стагоддзямі, багатыя глыбокім тэалагічным зместам, выказаным простымі словамі, зразумелымі нават дзецям. Яны дапамагаюць глыбей спасцігнуць вялікую таямніцу Божага Аб’яўлення — уцелаўленне Хрыста.
Дзякуючы любімым старымі і малымі калядным спевам гэтая праўда адкладаецца ў свядомасці вернікаў і стварае адчуванне блізкасці Бога да кожнага чалавека.