У нядзелю 28 студзеня ў Іўі (Гродзенская дыяцэзія) адбудзецца XXI фестываль калядных песень «Gloria in excelsis Deo» — «Хвала на вышынях Богу».
Ужо ў дваццаць першы раз парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі ладзіць традыцыйны фестываль калядных спеваў.
- 11.30 — фестываль распачнецца святой Імшой у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла;
- 14.00 — адбудзецца святочны канцэрт у Цэнтры культуры і вольнага часу Іўя.
Прайшоўшы шлях ад сціплага парафіяльнага свята да прадстаўнічага фестывалю, мерапрыемства штогод збірае ўдзельнікаў рознага ўзросту, якія не толькі выконваюць калядныя песні, але таксама чытаюць вершы, танчаць і паказваюць калядныя сцэнкі.
За час існавання фестывалю ў ім бралі ўдзел выканаўцы не толькі з Івейшчыны, але з розных мясцін Беларусі і нават з замежжа. У якасці ганаровых гасцей на фестывалі прысутнічалі каталіцкія іерархі Беларусі, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і мясцовай ўлады, з якімі ў цеснай супольнай працы штогод ладзіцца фестываль.
Арганізатары шчыра запрашаюць усіх ахвотных у Іўе на традыцыйны фестываль калядных песень.