Пошук

05.01.2024 13:23   Тэкст: Жанна Закрэўская / Kascelmery.by / Фота: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by

4 студзеня ў Цэнтры культуры і народнай творчасці ў Мёрах прайшоў дыяцэзіяльны фестываль каляднай песні «Зорка Бэтлеема».

Як паведамляе сайт парфіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах (Віцебская дыяцэзія) Kascelmery.by, на святочную імпрэзу сабраліся людзі з розных куточкаў Віцебскай дыяцэзіі: з Браслава, Варапаева, Віцебска, Глыбокага, Наваполацка, Полацка.

 Вядучымі канцэрта выступілі Анастасія Бадун і ксёндз Алег Зямчонак.
Ганаровым госцем на фестываль стаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На пачатку імпрэзы ён звярнуўся да прысутных з прывітальным словам. Іерарх адзначыў, што ў гэтую прыгожую пару года, калі ўвесь Каталіцкі Касцёл святкуе Божае Нараджэнне, мы збіраемся разам, каб перажыць нанава гэтую вялікую радасць. Выкарыстоўваючы свой талент і Божае натхненне, дзеці і моладзь нашай Віцебскай дыяцэзіі сёння працягваюць праслаўляць нованароджанага Збаўцу.

Перад благаслаўленнем, іерарх пажадаў удзельнікам конкурсу і ўсім прысутным поспехаў не толькі на сцэне але і ў паўсядзённым жыцці.

Пасля супольнай малітвы выступленне распачалі прадстаўнікі парафіі Святога Духа з Віцебска, якія ўпершыню бралі ўдзел у фестывалі. Дзіцячы гурт ў складзе Марыі Канцовай, Яна Касцючэнкі і Аляксея Шыцько выканаў тры песні «У Бэтлеем за пастушкамі», «Любоў з Нябёсаў» і «История Рождества». Юныя таленты суправаджалі сваё выступленне жывой музыкай — ігрой на укулеле.

Праграму выступлення працягнула парафія святога Андрэя Баболі з Полацка. У выкананні Веранікі Дашкевіч і Мар’яны Коц прагучалі цудоўныя музычныя творы. Дзяўчаты ігралі разам і паасобку. Ігра на цымбалах і клавішах уразіла не толькі гледачоў, але і журы. Па выніках конкурсу ў намінацыі «Інструментальная творчасць» ва ўзроставай катэгорыі «Дзеці» Мар’яна  (цымбалы) атрымала дыплом ІІ ступені,  Вераніка Дашкевіч (клавішы) адзначана дыпломам ІІІ ступені.

Суцэльную і змястоўную праграму з канферансам (Філіп Якаўлеў) прадставіла парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса з Наваполацка. Марыя Мяцеліца і Кацярына Мазынская парадавілі гасцей свята цудоўнай ігрой на скрыпцы, а дзіцячы гурт заспяваў песні «Зорка» і «Як прыбеглі пастухі ў Бэтлеем». Журы адзінагалосна вырашыла: дыплом І ступені ў намінацыі «Інструментальная творчасць» ва ўзроставай катэгорыі «Дзеці» атрымала Кацярына Мазынскай, а дзіцячы гурт адзначаны дыпломам ІІІ ступені.

Пасля невялікага перапынку праграму працягнулі артысты з парафіі Святога Міхала Арханёла з Варапаева. Макар Халдзей на клавішах выканаў кампазіцыю з калядных мелодый, а дзяўчаты Кіра Мацкевіч і Ульяна Казаровец заспявалі сола, ды так цудоўна, што абедзве былі адзначаны дыпломамі: Ульяна Казаровец — дыпломам ІІ ступені ва ўзроставай катэгорыі «Моладзь», Мацкевіч Кіра — дыпломам І ступені ва ўзроставай катэгорыі «Дзеці».

Парафію Найсвяцейшай Тройцы з Глыбокага прадставілі на фестывалі салісты, а таксама дзіцячы і моладзевы гурты. Артысты падрыхтавалі дынамічную і захапляльную праграму ды ўзялі з сабою вялікую і моцную групу падтрымкі.

Маленькія анёлкі Дзіяна РаманчукВераніка Вавінская і Мацвей Шаршунс цудоўна заспявалі песню GloriaКацярына Дземідовіч, якая выступала сола ва ўзроставай групе «Моладзь», зачаравала  спевам «У гэту святую ноч»,  а моладзевы гурт у суправаджэнні жывой інструментальнай музыкі, падаравалі гледачам песню «На Бэтлеем сыходзіць ноч». Вынік ашаламляльны — усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы І ступені.

Дзіцячы гурт з парафіі Нараджэння Маці Божай у Браславе заспявалі калядку «Граем Пану», ды так выдатна, што журы без сумненняў прызначылі ім дыплом ІІ ступені.

Завяршылі конкурсную праграму гаспадары фестывалю — дзеці і моладзь мёрскай парафіі, якія выступілі ў трох намінацыях. Распачаў праграму Аляксандр Шамёнак (кіраўнік Таццяна Бялевіч). Ён на высокім узроўні выканаў Ave Maria Франца Шуберта і быў адзначаны дыпломам І ступені. 

Далей выступілі дзеці. Рыхтавала да конкурсу маленькіх артыстаў Яўгенія Баговіч, якая адказна і крэатыўна падышла да сваёй справы. Сола Вольгі Бондар ў суправаджэнні мініяцюры ўскалыхнула залу і не пакінула абыякавымі членаў журы. Вынік — дыплом ІІ ступені. Гурт-дуэт Даны Падзявы і Караліны Бунта пад акампанементы Максіма Валеўка і Аляксандра Шамёнка выканаў песню Андрэя Даргеля «Ціха ноччу ў Бэтлееме». Ужо вядомыя з мінулага года гурты «Званочкі» і «Зорачкі» парадавалі цудоўнымі калядкамі.

Пасля выступленняў для журы настаў час адказнай і напружанай працы. Сёстры служабнічкі з Віцебска Ёнаша Мровец і Люцына Мусёл пад кіраўніцтвам старшыні журы доктара тэалогіі ксяндза Сяргея Сурыновіча, дастойна справіліся з даручанай справай.

І, нарэшце, хвалюючы момант падвядзення вынікаў.  Сёлета на фестывалі была вялікая колькасць удзельнікаў у намінацыі гурт і інструментальная творчасць ва ўзроставай катэгорыі «Дзеці», таму не ўсе атрымалі прызавыя месцы, аднак гэта не нагода для роспачы, а стымул для далейшага росту.

Падводзячы вынікі конкурсу, біскуп Алег Буткевіч выказаў словы ўдзячнасці усім, хто да яго прычыніўся: канкурсантам, кіраўнікам груп, святарам парафій-ўдзельніц, валанцёрам.

Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас гаспадароў — вернікаў мёрскай парафіі — за арганізацыю і правядзенне фестывалю, а таксама ў адрас дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas за фінансавую падтрымку.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі падарункі і станоўчыя эмоцыі, а завяршылася свята агульным фотаздымкам з біскупам.

 

Абноўлена 07.01.2024 08:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа