Пошук

29.12.2023 12:31   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: CNS photo/Paul Haring

У першы дзень Новага года адзначаецца Сусветны дзень міру. Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч дае разгорнуты каментар Паслання Папы Францішка з гэтай нагоды, якое сёлета прысвечана штучнаму інтэлекту.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
ШТУЧНЫ ІНТЭЛЕКТ І МІР
Каментар да Паслання Папы Францішка на 57-ы Сусветны дзень міру
1 студзеня 2023 г.

Дарагія браты і сёстры!

З Новым Годам!

Сёння ў першы дзень Новага Года Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі. Гэтай урачыстасцю ён заклікае нас даверыць новы этап нашага жыцця Марыі, якая нарадзіла Збаўцу свету. З Марыйным Fiat, «няхай станецца» — згодай з Божай воляй — распачалася новая эра чалавецтва: эра збаўлення і Божай ласкі. Таксама і мы павінны следаваць Яе прыкладу і заўсёды згаджацца з Божай воляй, што з’яўляецца гарантыяй жыцця ў стане Божай ласкі, без якой няма збаўлення.

Віншую вас з Новым, 2024 годам і жадаю Божага благаслаўлення на кожны яго дзень, апекі Найсвяцейшай Панны Марыі і міру ў вашых душах, сем’ях, грамадстве і ў свеце. Няхай вашыя планы на гэты новы этап жыцця споўняцца і напоўняць вас радасцю. Няхай час, які Бог вызначыў, стане часам не толькі прафесійнага ўдасканалення, але перадусім духоўнага. Няхай компасам вашага жыцця па невядомых сцежках будучыні будзе Божы закон, бо ён вядзе да шчаслівага жыцця на зямлі і шчаслівай вечнасці.

Таксама сёння Касцёл адзначае 57-ы Сусветны дзень міру, калі мы молімся аб дары супакою, што вельмі актуальна ў наш час, бо ў свеце неспакойна, і па зямлі цякуць рэкі крыві забітых і пакалечаных, сярод якіх шмат састарэлых, хворых і дзяцей.

Сімвалічна, што Сусветны дзень міру адзначаецца ў перыяд Нараджэння Пана. Пры нараджэнні Езуса анёлы спявалі «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі». Божы Сын сваім уцелаўленнем праславіў свайго нябеснага Айца і прынёс мір на зямлю. Умовай гэтага міру з’яўляецца мір у нашых сэрцах. Калі ваяўнічыя старажытныя рымляне казалі: «Хочаш міру — рыхтуйся да вайны», то Хрыстус сваім вучэннем кажа: «Хочаш міру — будуй мір у сваім сэрцы».

У наш час ідэя міру можа здавацца нерэальнай, але Касцёл, ускладаючы надзею на Хрыста, Караля міру, і давяраючы Марыі, Кралеве супакою, верыць у тое, што наступяць мірныя часы.

З нагоды Сусветнага дня міру Папа традыцыйна звяртаецца да ўсіх людзей добрай волі са спецыяльным Пасланнем, якое ўпісваецца ў Сацыяльнае вучэнне Касцёла. У ім ён закранае актуальныя выклікі міру і, зыходзячы з маральных прынцыпаў Евангелля, прапануе шляхі іх вырашэння.

У сёлетнім Пасланні Папа Францішак звяртае ўвагу на значэнне інфармацыйных тэхналогій у вырашэнні гэтай праблемы. Тэма яго Паслання: «Штучны інтэлект і мір».

На першы погляд яна можа здавацца дзіўнай, бо датычыцца тэхналогій, а Касцёл пакліканы займацца перадусім духоўнымі праблемамі. Аднак, нягледзячы на гэта, неабходна думаць пра маральныя наступствы прагрэсу ў галіне штучнага інтэлекту. На самай справе, існуе вялікае рызыка таго, што чалавецтва можа цалкам страціць кантроль над штучным інтэлектам, што прывядзе да непрадбачных наступстваў.

У сваім Пасланні Папа звяртае ўвагу на значэнне інфармацыйных тэхналогій у развіцці свету і адначасова на праблемы, якія яны нясуць пры неэтычным іх выкарыстанні.

Пантыфік падкрэслівае, што выдатныя дасягненні ў галіне штучнага інтэлекту аказваюць усё большы уплыў на чалавечую дзейнасць, асабістае і грамадскае жыццё чалавека, палітыку і эканоміку.

У сувязі з гэтым ён заклікае да адкрытага дыялогу аб важнасці новых інфармацыйных тэхналогій, якія, з аднаго боку, удасканальваюць свет, а з іншага, крыюць у сабе негатыўны патэнцыял і сумніўныя наступствы.

Пантыфік нагадвае пра неабходнасць быць пільнымі і працаваць над тым, каб пры іх вытворчасці і выкарыстанні не ўкаранілася логіка гвалту і дыскрымінацыі ў адносінах да найбольш уразлівых і абяздоленых людзей, бо несправядлівасць і няроўнасць падсілкоўваюць канфлікты і супрастаянне.

Таму існуе настойлівая неабходнасць адказнага падыходу да канцэпцыі і выкарыстання штучнага інтэлекту, каб ён служыў чалавецтву і абароне нашага супольнага дома, што патрабуе звяртаць большую ўвагу на захаванне этычных прынцыпаў у сферы адукацыі і права.

Адукацыя ў выкарыстанні формаў штучнага інтэлекту павінна быць скіравана перш за ўсё на развіццё крытычнага мыслення і пераадоленне бар’ераў, якія падзяляюць людзей. Нельга дазваляць алгарытмам вызначаць, як мы павінны разумець правы чалавека. Нельга спіхваць на перыферыю каштоўнасці спагады, міласэрнасці і прабачэння. Нельга ліквідаваць магчымасць чалавеку змяняцца і пакінуць мінулае за сабой.

Настаў час прыняць абавязковую міжнародную дамову з мэтай рэгулявання развіцця і выкарыстання штучнага інтэлекту. Патрэбны таксма адмысловыя органы для ацэнкі этычных праблем, якія ўзнікаюць у галіне штучнага інтэлекту, і абараняць правы яго карыстальнікаў.

Штучны інтэлект развіваецца высокімі тэмпамі і становіцца новым, не толькі тэхналагічным, але таксама антрапалагічным, адукацыйным, грамадскім і палітычным выклікам. Абарона годнасці чалавечай асобы і клопат пра братэрскія адносіны ўсёй чалавечай сям’і з’яўляюцца неабходнымі ўмовамі для тэхналагічнага развіцця, якое спрыяла б усталяванню справялівасці і міру ва ўсім свеце. Новыя тэхналогіі з’яўляюцца Божым дарам чалавецтву. Яны маюць вялікі патэнцыял і могуць прыносіць добры плён, але іх трэба ачалавечваць.

Трэба падкрэсліць, што ў будучыні штучны інтэлект будзе адным з самых складаных выклікаў з тэхналагічнага і этычнага пункту гледжання. Штучны інтэлект не з’яўляецца нейтральным інструментам, і яго ўплыў залежыць ад інтэнцый распрацоўшчыкаў, уладальнікаў і карыстальнікаў. Прыкладам можа служыць нож. Ён спрыяе дабру ці злу: гэта залежыць не ад таго, хто яго вырабляе, але ад таго, хто ім карыстаецца. Нажом можна адрэзаць лусту хлеба, каб наталіць голад, але можна і забіць.

Падобнае адбываецца і ў выпадку штучнага інтэлекту, які з’яўляецца вялікім шанцам і адначасова пагрозай. Таму нельга апрыёры меркаваць, што развіццё штучнага інтэлекту будзе карысным для развіцця чалавецтва і дасягнення міру паміж народамі. Пазітыўны вынік будзе дасягнуты толькі тады, калі мы будзем здольнымі дзейнічаць адказна і паважаць такія асноўныя чалавечыя каштоўнасці, як інклюзіўнасць, празрыстасць, бяспека, справядлівасць, прыватнасць і надзейнасць.

З аднаго боку, інфармацыйныя тэхналогіі ўвасабляюць сабой індывідуальныя магчымасці іх стваральнікаў, а з іншага — этычныя каштоўнасці іх карыстальнікаў. Таму неабходна ведаць не толькі пра іх патэнцыял, але таксама і пра рызыкі, якія яны нясуць пры неэтычным іх выкарыстанні.

Папа Францішак асуджае такое выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій, якое ў сваёй дзейнасыці кіруецца выключна жаданнем прыбытку, што вядзе да сацыяльнай няроўнасці, несправядлівасці, напружанасці і канфліктаў.

Вялікую занепакоенасць Пантыфіка выклікае выкарыстанне штучнага інтэлекту ва ўзброеных канфліктах. Яно вядзе да зніжэння ўспрыняцця адказнасці за яго выкарыстанне і спрыяе яшчэ больш халоднаму і адцягнутаму падыходу да велізарнай трагедыі вайны, што з’яўляецца маральнай праблемай.

Штучны інтэлект таксама можа пагражаць сацыяльнай справядлівасці, бо аўтаматызацыя знішчыць шмат месцаў працы, што прывядзе да росту беспрацоўя і беднасці. Інфармацыя, якой валодае штучны інтэлект, можа прывесці да дэзінфармацыі і маніпулявання, што сур’ёзна паграже грамадскаму ладу.

Таму трэба звярнуць большую ўвагу на адукацыю і навучыць распрацоўшчыкаў алгарытмаў і лічбавых тэхналогій быць больш адказнымі, каб яны свядома і згодна з этычнымі нормамі стваралі і выкарыстоўвалі новыя тэхналогіі і крытычна разважалі аб іх уплыве на людзей. Яны, у рэшце рэшт, павінны служыць справе чалавечага братэрства і міру ў свеце, гэта значыць пабудове цывілізацыі любові і міру. Прапануючы пераадолець усе абмежаванні з дапамогай тэхналогій, у жаданні кантраляваць усё, чалавецтва рызыкуе згубіць кантроль над сабой.

Напрыканцы Паслання Папа выказвае пажаданне, каб яно паспрыяла таму, каб прагрэс у развіцці штучнага інтэлекту служыў справе чалавечага братэрства і міру. Мір з’яўляецца плёнам адносін, якія прызнаюць і прымаюць іншых людзей у іх неад’емнай годнасці, а таксама плёну супрацоўніцтва і прыхільнасці ў імкненні да інтэгральнага развіцця ўсіх людзей і ўсіх народаў.

Папа запэўнівае ў малітве аб тым, каб хуткае развіццё розных формаў штучнага інтэлекту не прывяло да павелічэння шматлікіх няроўнасцяў і несправядлівасці, якія ўжо існуюць у свеце, але паспрыяла спыненню войнаў і канфліктаў і палягчэнню многіх формаў пакут, якія ўплываюць на людзей. Пантыфік заклікае хрысціянаў, вызнаўцаў розных рэлігій, людзей добрай волі працаваць разам, каб выкарыстаць магчымасці і справіцца з выклікамі, якія стварае лічбавая рэвалюцыя, і перадаць будучым пакаленням больш салідарны, справядлівы і мірны свет.

Няхай жа Святая Багародзіца Марыя, з якой уступаем у новы этап нашага жыцця, і вучэнне Папы Францішка спрыяюць справе абароны і захавання міру.

З благаслаўленнем,

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 25 снежня 2023 г., Урачыстасць Нараджэння Пана

Абноўлена 29.12.2023 15:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця