
26 лістапада канадская кампанія Longbeard, стваральнік каталіцкага штучнага інтэлекту Magisterium AI, паведаміла пра з’яўленне мабільнага дадатку да свайго папулярнага прадукту, які даступны на платформах Apple Store і Play Market.
Камп’ютарная версія Magisterium AI, найлепшай на дадзены момант каталіцкай пошукавай сістэмы ў свеце, з’явілася яшчэ ў 2023 годзе, аднак для большасці беларускіх католікаў застаецца малавядомай. Распрацоўшчык інавацыйнага прадукту — гэта кампанія Longbeard, якая цесна супрацоўнічае з папскімі ўніверсітэтамі і выконвае замовы ў галіне штучнага інтэлекту ад буйных каталіцкіх кліентаў, у тым ліку Святога Пасаду.
Што сабой уяўляе Magisterium AI?
Як заяўляюць стваральнікі гэтага ШІ (штучнага інтэлекту) і як вынікае з назвы платформы, «гэта прадукт, створаны з мэтай зрабіць вучэнне Каталіцкага Касцёла — Магістэрый — даступным і зразумелым». Платформа выкарыстоўвае вялікую базу з больш чым 28 000 дакументаў, уключаючы тэксты Настаўніцкага Інстытута Касцёла, творы Айцоў Касцёла і біблійныя каментары. З гэтай базы каталіцкі штучны інтэлект генеруе дакладныя, добра аргументаваныя адказы, падмацоўваючы кожнае сцвярджэнне спасылкай на адпаведны дакумент і заахвочваючы тым самым да знаёмства з першакрыніцай.
Чым адрозніваецца Magisterium AI ад вядомых платформ штучнага інтэлекту?
Magisterium AI — гэта выключна каталіцкая платформа, якая шукае адказы ў межах вялікай, але абмежаванай базы касцёльных дакументаў, таму яе адказы на «каталіцкія» пытанні нашмат больш вывераныя, чым у генератыўных сістэм пошуку кшталту ChatGPT. І ў адрозненне ад апошняй Magisterium AI не памыліцца з адказам на пытанне, хто на сёння з’яўляецца Папам Рымскім.
Каму можа быць карысны Magisterium AI?
Распрацоўка — як інтэрнэт-версія, так і мабільны дадатак (спампаваць можна тут і тут) — адрасаваная ўсім групам каталіцкіх вернікаў. Святарам платформа зможа дапамагчы зрабіць казанні больш змястоўнымі, узбагаціўшы іх цытатамі з розных кніг Бібліі, выказваннямі святых, Айцоў Касцёла і Папаў; катэхетам дапаможа падрыхтаваць структураваныя заняткі; навукоўцам абяцае дапамогу ў даследаваннях; свецкім — атрымаць канкрэтныя адказы на шырокі спектр пытанняў са спасылкамі на адпаведныя дакументы Касцёла, пункты Катэхізіса ці каноны Кодэкса кананічнага права. І хоць беларускай мовы ў спісе моваў дакументаў пакуль няма, самі запыты па-беларуску сістэма без праблем апрацуе.
Ці можа Magisterium AI памыляцца?
Вядома. Як адзначае Мэцью Сандэрс, заснавальнік і галоўны дырэктар Longbeard, любая генератыўная сістэма ШІ можа «галюцынаваць» (тэрмін ШІ, які абазначае стварэнне памылковай інфармацыі), таму карыстальнікі павінны заўсёды правяраць інфармацыю ў зыходных крыніцах. Платформа ўвесь час папаўняецца дакументамі, а алгарытмы пошуку ўдасканальваюцца. Стваральнікі таксама пастаянна адсочваюць дакументы і ўдакладненні Дыкастэрыі дактрыны веры, і новыя крыніцы ў базе заўсёды маюць прыярытэт.
Такім чынам, Magisterium AI у руках мудрага карыстальніка — гэта добры дапаможны інструмент, мэтай якога з’яўляецца ўмацаванне і пашырэнне аўтарытэту вучэння Касцёла. Пры гэтым варта памятаць, што любы штучны інтэлект, нават каталіцкі, патрабуе крытычнага падыходу, не адмяняе класічных метадаў працы з інфармацыяй і ніколі не заменіць жывой сувязі з Богам.







