Пошук

21.09.2023 10:41   Тэкст: Аляксандра Шпілеўская / Фота: з архіву Аляксандра Бурдзялёва / Catholic.by

17 верасня завяршыўся арганны фестываль Ars Magna Organi, які праходзіў у Пінску, Мядзведзічах (Ляхавіцкі раён) і Віцебску.

Фестываль распачаўся ў сярэдзіне лета, 24 чэрвеня.

За гэты час усе ахвотныя маглі знайсці магчымасць пачуць «‎галасы» трох беларускіх арганаў: двух гістарычных — у касцёлах у Пінску і Мядзведзічах, і аднаго сучаснага — у Віцебскай філармоніі.

У межах фестывалю прайшло 32 мерапрыемствы, адным з якіх стаў унікальны паказ нямога кіно Frate Sole пра святога Францішка Асізскага, агучаны арганнай імправізацыяй, з магчымасцю наведаць кляштар, каб убачыць серыю ўнікальных фрэсак першай паловы XVIII стагоддзя на тэму жыцця святога Францішка.

Цэнтрам фестывалю стаў катэдральным касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, дзе знаходзіцца другі па велічыні гістарычны арган Беларусі 1836–1936 года. Тут прайшлі 22 канцэрты, у якіх узялі ўдзел усе 35 выканаўцаў фестывалю. Усяго з 2019 года ў катэдры прайшло каля 100 бясплатных канцэртаў.

У касцёле святых Пятра і Паўла ў Мядзведзічах знаходзіцца другі гістарычны арган 1912 года віленскага майстра Пятра Вайцяховіча. У межах фестывалю тут адбыліся сем канцэртаў.

Віцебская абласная філармонія у межах фестывалю Ars Magna Organi тройчы прыняла аматараў музыкі, ахвотных паслухаць арган 2007 года фірмы Glatter-Götz.

Асаблівасцю фестывалю стала магчымасць стаць удзельнікам майстар-класа па арганным выканальніцтве.

Педагогамі сталі таленавітыя майстры Даніэль Зарэцкі, Пол Альварэс Вісіяна, Уладзімір Хамякоў. Павысіць свой узровень прыехалі 30 арганістаў з Беларусі і Расіі.

У сукупнасці ў канцэртах ўзялі ўдзел 35 арганістаў, 4 салісты (флейта, кларнет, вакал) і 3 камерныя калектывы.

Арганізатарамі фестывалю сталі Курыя Пінскай дыяцэзіі, Пінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Ляхавіцкі раённы выканаўчы камітэт.

Спонсары імпрэзы ў гэтым годзе — Аляксандр Бурдзялёў і Павел Чарноў.

Арганізатары дзякуюць усім, хто стаў ахвярадаўцам, валанцёрам, куратарам і асістэнтам.

Абноўлена 21.09.2023 10:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа