Пошук

14.09.2023 11:39   Тэкст: Аляксандра Шпілеўская / Фота: з архіву Аляксандра Бурдзялёва / Catholic.by

9 верасня у катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбыўся паказ нямога фільма Frate Sole (1918 г., Італія) у суправаджэнні арганных каментароў. Такі фармат мерапрыемства быў выкарастаны ўпершыню ў сучаснай гісторыі Касцёла на Беларусі.

Унікальная імпрэза прайшла ў межах фестываля акадэмічнай арганнай і камернай музыкі «Ars Magna Organi» (Вялікае мастацтва аргана), які ў гэтым годзе праходзіць у Пінску, Мядзведзічах і Віцебску з 24 чэрвеня па 17 верасня.

Інтэр'ер старадаўняга касцёла, нямое кіно і гістарычны арган — атмасфера мерапрыемства перанесла гледачоў у мінулае.

Каб падзяліць з вернікамі асалоду ад паказу, у катэдру завітаў біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка. Таксама на мерыпрыемстве прысутнічалі пробашч пінскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Павел Врубель і рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка.

Frate Sole («Брат Сонца») — італьянскі нямы фільм 1918 года, рэжысёрамі якога сталі Уго Фалена і Марыё Корсі. Захавалася толькі адна якасная стужка, якую рэстаўравала італьянская сінематэка «Fondazione Cineteca Italiana» у 1998 годзе.

Фільм апавядае пра жыццё святога Францішка Асізскага.

Стужка падзелена на чатыры эпізоды ў адпаведнасці з ключавымі момантамі ў лёсе заснавальніка францішканскага ордэна — «Пацалунак пракажонага», «Па слядах святога Францішка Асізскага», «Час» і «Стыгматы».

Першы саўндтрэк да фільма напісаў кампазітар Луіджы Манчынэллі. У пачатку мінулага стагодзя кінапрагляд праходзіў у выкананні жывога хору і аркестра. У наш час у Пінску арганныя каментары да стужкі падрыхтаваў і выканаў спонсар фестывалю «Ars Magna Organi», арганолаг Аляксандр Бурдзялёў.

«Паказ кіно з арганнай імправізацыяй у Еўропе папулярная практыка.

Я ўбачыў, што гэты фільм паказвалі на Блізкаўсходнім фестывалі, якім апякуецца Кустодыя Святой Зямлі. Звязаўся з арганізатарам гэтага фестываля, і ён даслаў мне стужку у добрай якасці, а я пераклаў суперцітры на беларускую мову», — распавёў пра ўзнікненне ідэі гэтай імпрэзы Аляксандр Бурдзялёў.

Фільм пра святога Францішка быў выбраны невыпадкова. Большасць канцэртаў фестывалю «Ars Magna Organi» праходзіць у пінскім катэдральным касцёле. Прыблізна 450 гадоў ён належаў ордэну францішканаў канвентуальных.

Францішкане аднымі з першых місіянераў прыбылі на тэрыторыю Беларусі, актыўна ўдзельнічалі ў катэхізацыі і прыняцці хрысціянства першымі князямі Вялікага Княства Літоўскага. Да 1773 са 162 каталіцкіх кляштараў на тэрыторыі сучаснай Беларусі траціна належала да трох ордэнаў святога Францішка. З тых часоў да нас дайшлі тры найкаштоўнейшыя беларускія арганы: у Пінску (1836), Гродне (1750) і Будславе (1783).

«Цяпер мы жывем падчас асаблівай увагі да асобы і вучэння святога Францішка Асізскага: Папа Францішак упершыню абраў сабе гэтае імя. Ён звяртаецца да вучэння святога Францішка ў сваіх выступах і ў дзвюх энцыкліках», — звяртае ўвагу Аляксандр Бурдзялёў.

Сведкамі францішканскага паходжання пінскага катэдральнага касцёла засталіся гербы ордэна францішканаў (на крыжы на вежы касцёла і на амбоне), другі ярус галоўнага алтара з барэльефам «Стыгматызацыя святога Францішка», бочны алтар святога Антонія Падуанскага.

Перад і пасля паказу фільма гледачам быў прадастаўлены адкрыты доступ да серыі ўнікальных фрэсак першай паловы XVIII стагоддзя аб жыцці святога Францішка Асізскага ва ўсходнім крыле кляштарнага корпуса.

 

Абноўлена 14.09.2023 11:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.