Пошук

15.09.2023 11:04   Grodnensis.by

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч

Пастырскі ліст на новы навучальны і катэхетычны год 20232024

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

У нашым Касцёле на Гродзеншчыне стала прыгожай традыцыяй, што літургічаму ўспаміну святога Станіслава Косткі, які адзначаецца 18 верасня, папярэднічаюць квартальныя дні малітваў у інтэнцыі дзяцей і моладзі, а таксама катэхетаў, настаўнікаў і выхаваўцаў. Такім чынам мы штогод даручаем выхаванне і навучанне маладога пакалення заступніцтву вялікага апекуна моладзі — святога Станіслава з Росткава. Ён жыў у XVI стагоддзі, быў езуіцкім законнікам і адышоў у вечнасць, калі яму было ўсяго 18 гадоў. Нягледзячы на такі малады ўзрост, ён вызначаўся вялікай духоўнай сталасцю, глыбокай пабожнасцю, любоўю да малітвы, стараннасцю ў рэалізацыі манаскага паклікання і годнай здзіўлення трываласцю ў імкненні да хрысціянскай дасканаласці. Праз узнясенне Станіслава Косткі да хвалы алтара Касцёл не толькі фармальна пацвердзіў яго асабістую святасць, але і ўказаў нам на яго як на апекуна дзяцей і моладзі, вучняў і студэнтаў, а таксама заахвоціў усіх нас наследаваць яго святое жыццё.

Заклікаючы на малітве заступніцтва святога Станіслава Косткі, падтрымаем маладых у вельмі асаблівы час, калі пасля канікул зноў ажылі і напоўніліся радасным гоманам школы і гімназіі, ліцэі і тэхнікумы, інстытуты і ўніверсітэты. Пасля летняга адпачынку тысячы вучняў і студэнтаў маюць перад сабой чарговы год вучобы. Кожнаму вядома, што набыццё ведаў звязана з намаганнем і ахвярамі, патрабуе часу, трываласці, самадысцыпліны і моцнай асабістай матывацыі. Таму мы, будучы дарослымі, стараемся дапамагаць дзецям і моладзі ў працы вучобы, забяспечваць ім спрыяльныя ўмовы, нястомна матываваць і нагадваць, што набытыя веды — найлепшая інвестыцыя ў будучыню.

Будучы людзьмі веруючымі, мы павінны памятаць таксама, што ў агульным працэсе развіцця дзіцяці ці маладога чалавека вельмі важнае значэнне мае рэлігійнае вымярэнне. Было б вялікай крыўдай для нашых наймалодшых братоў і сясцёр, калі б набыццё імі ведаў у розных галінах навукі не ішло поруч з пазнаваннем Пана Бога і Яго Слова, з паглыбленнем веры і развіццём духоўнага жыцця.

Таму на пачатку новага навучальнага і катэхетычнага года я вырашыў звярнуцца найперш да вас, дарагія бацькі, са словамі напаміну пра абавязак рэлігійнага выхавання вашых дзяцей, які ляжыць на вас. Калі вы публічна прасілі святара і супольнасць Касцёла аб сакрамэнце хросту для вашых дзяцей, то ўрачыста абавязаліся «выхоўваць іх у веры, каб, захоўваючы Божыя запаведзі, яны любілі Бога і бліжняга, як нас навучыў Езус Хрыстус» (Абрады хросту дзяцей, 39). Гэты абавязак — прычына таго, што, будучы хрысціянскімі бацькамі, вы з’яўляецеся першымі і найважнейшымі настаўнікамі веры для вашых дзяцей. Такой ганаровай, а адначасова адказнай задачы ніхто не можа вас ні пазбавіць, ані вызваліць ад яе.

Абавязак рэлігійнага выхавання сваіх дзяцей хрысціянскія бацькі рэалізуюць рознымі спосабамі. Добра, калі ў сям’і пануе атмасфера жывой веры. Тады сям’я становіцца чымсьці накшталт «хатняга Касцёла», у якім практыкуецца супольная малітва бацькоў з дзецьмі, наведванне разам нядзельнай святой Імшы, рэгулярнае прыступанне да сакрамэнтаў, сумеснае перажыванне досведу веры і дзяленне ім. У такіх сем’ях бацька і маці становяцца сапраўднымі катэхетамі і сведкамі веры для сваіх дзяцей: у іх дзеці вучацца словам малітвы, пазнаюць галоўныя праўды хрысціянства, бачаць натхняльны прыклад і стараюцца наследаваць яго ў штодзённым перажыванні адносін з Богам.

Важна таксама, каб дзеці мелі ў сваіх сем’ях узор сапраўдных міжчалавечых адносін, каб у штодзённасці сямейнага жыцця вучыліся ў бацькоў і родных праявам у паводзінах любові, узаемнай павагі, даверу, ахвярнасці і адданасці бліжнім. Гэтае вымярэнне выхавання маладога пакалення мае велізарнае значэнне, бо ад яго ў вялікай меры залежыць, якім чынам сённяшняя моладзь у будучыні стане ствараць уласнае сямейнае жыццё. Як падкрэслівае Папа Францішак, «сям’я з’яўляецца першай школай чалавечых каштоўнасцяў, у якой можна навучыцца добра карыстацца свабодай. <…> Многія асобы дзейнічаюць на працягу жыцця, трымаючыся адпаведнага спосабу, таму што лічаць яго каштоўным, бо набылі яго з дзяцінства» (Amoris lætitia, 274).

Дарагія бацькі, не будзем забываць таксама аб тым, што ў рэлігійным выхаванні дзяцей і моладзі важную ролю адыгрывае сістэматычная катэхізацыя, якая праводзіцца пры парафіі. Ваш непасрэдны абавязак — даць дзецям магчымасць рэгулярна наведваць катэхетычныя заняткі, і не толькі ў межах падрыхтоўкі да першай споведзі і святой Камуніі ці да сакрамэнту канфірмацыі, а на працягу ўсяго перыяду іх вучобы ў школе.

Парафіяльная катэхізацыя не мае на мэце замяніць рэлігійнае выхаванне ў сям’і, таксама не памяншае ні ў якой меры ролі хрысціянскіх бацькоў як першых і найважнейшых настаўнікаў веры сваіх дзяцей. Сістэматычную катэхізацыю пры парафіі належыць разумець больш як дапаўненне рэлігійнага выхавання, якое здзяйсняецца ў сям’і. Парафіяльная катэхізацыя праводзіцца паводле спецыяльна распрацаваных праграм, дастасаваных да ўзросту катэхізаваных і да іх пазнаўчых магчымасцяў, а яе аб’ём ахоплівае ўсю сукупнасць асноўнага зместу хрысціянскага паслання. Трэба таксама адзначыць, што катэхетамі з’яўляюцца асобы з адпаведнай тэалагічнай адукацыяй, якія маюць спецыяльнае ўпаўнаважанне дыяцэзіяльнага біскупа, якое называецца кананічнай місіяй, што з’яўляецца гарантыяй згоднасці катэхетычных заняткаў, якія яны праводзяць, з афіцыйнай навукай Касцёла. Тыя ж вернікі дыяцэзіі, якія хацелі б паглыбіць уласныя рэлігійныя веды і атрымаць дазвол на правядзенне катэхізацыі, заўсёды будуць жаданымі гасцямі ў Тэалагічным каледжы імя святога Казіміра ў Гродне, які штогод папаўняе шэрагі катэхетаў нашага мясцовага Касцёла і не толькі.

Цяпер хачу падзякаваць вам, дарагія бацькі, якія дбаюць аб выхаванні сваіх дзяцей у духу веры, як праз асабістае сведчанне ў сямейным жыцці, так і праз забеспячэнне дзецям магчымасці наведваць катэхетычныя заняткі. Жадаю вам Божага благаслаўлення, шмат фізічных і духоўных сіл, жыццёвай мудрасці і разважлівасці, а таксама глыбокай асабістай матывацыі. Перакананы, што, бачачы, якія цудоўныя плёны ў жыцці вашых дзяцей прыносіць зерне праўды і дабра, засеянае вамі ў іх адкрытых і чулых сэрцах, вы будзеце нястомна праслаўляць Бога, Даўцу ўсялякіх ласкаў, і дзякаваць Яму за Яго бясконцую любоў.

Дзякую таксама вам, дарагія святары, кансэкраваныя асобы і свецкія катэхеты, за штодзённую працу выхавання маладога пакалення ў веры. Няхай Добры Бог шчодра вас узнагародзіць за руплівасць і адданасць, з якімі рыхтуеце дзяцей і моладзь быць у недалёкай ужо будучыні адказнымі, свядомымі, сталымі хрысціянамі, вернымі вучнямі нашага Збаўцы.

Няхай Божае благаслаўленне і святло Духа Святога спадарожнічаюць у новым навучальным годзе таксама вам, дарагія настаўнікі, выкладчыкі і выхаваўцы! Жадаю вам шмат фізічных і духоўных сіл, творчага натхнення ў рэалізацыі вашага цудоўнага паклікання. Прашу вас не абмяжоўвацца толькі перадачай ведаў вучням і студэнтам, а выхоўваць іх сэрцы у пашане да праўды і нязменных, універсальных чалавечых каштоўнасцяў.

На заканчэнне звяртаюся да вас, дарагія дзеці і ўмілаваная моладзь, з найлепшымі пажаданнямі на навучальны і катэхетычны год, які пачынаецца. Пастаўцеся да гэтага часу як да дару ад Бога і добра яго выкарыстайце для набыцця ведаў і паглыблення веры. Будзьце працавітымі, уважлівымі і стараннымі, руплівымі і адказнымі. Шануйце вашых бацькоў, шануйце настаўнікаў і катэхетаў. Не забывайце пра малітву і заўсёды майце ў сэрцы месца для Пана Езуса, які вас ніколі не падвядзе.

Усіх вас, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, асабліва бацькоў, настаўнікаў і выкладчыкаў, выхаваўцаў і катэхетаў, а таксама дзяцей і моладзь, а усяго сэрца благаслаўляю.

Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 13 верасня 2023 г. 

Пастырскі ліст належыць прачытаць у нядзелю, 17 верасня 2023 г., падчас усіх святых Імшаў на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа