16 чэрвеня ў Тэалагічным каледжы імя святога Казіміра ў Гродне завяршыўся 2023/2024 навучальны год.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, ва ўрачыстай цырымоніі завяршэння навучальнага года ўзяў удзел біскуп каад’ютар Уладзімір Гуляй.
Святкаванне распачалося Эўхарыстыяй у капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Навучэнцы каледжа, у тым ліку сёлетнія выпускнікі, на літургіі дзякавалі Богу за час вучобы ў гэтай навучальнай установе, за атрыманыя веды, за выкладчыкаў і сваіх сяброў па вучобе.
Біскуп Гуляй у прамоўленай гаміліі заахвоціў навучэнцаў каледжа быць у сваім духоўным жыцці цярплівымі і трывалымі, дзень пры дні і крок за крокам імкнуцца да хрысціянскай дасканаласці, дадаўшы, што добры Бог дазволіць, каб кожны з іх, як гэта адбываецца ў прыродзе, узрастаў, а напрыканцы цешыўся паўнатой Божага Валадарства.
У межах урачыстай цырымоніі каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі ўручыў пяцярым выпускнікам каледжа дыпломы, якія сведчаць аб тым, што яны скончылі вучобу ў гэтай установе, і такім чынам Касцёл прызнаў іх кваліфікаванымі катэхетамі.
Выпускнікі выказалі словы падзякі ўсім выкладчыкам каледжа на чале з кіраўніцтвам, паабяцалі аплачваць малітвай свой доўг удзячнасці за навучанне і заахвочваць іншых, каб яны таксама пайшлі вучыцца ў каледж і адчулі тую цёплую сямейную атмасферу, якая ў ім пануе.
Намеснік дырэктара каледжа ксёндз Андрэй Шчупал CSsR падзякаваў біскупу Уладзіміру Гуляю за цэлебрацыю святой Імшы, за яго словы і пастырскае благаслаўленне.