15 чэрвеня з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля адбылося ўрачыстае заканчэнне 2023/2024 навучальнага года.
Гэты дзень стаў асаблівым перадусім для сёлетніх выпускнікоў каледжа, якія тры гады таму распачалі ў ім навучанне: з рук арцыпастыра яны атрымалі дыпломы катэхетаў.
Распачалося святкаванне з урачыстай святой Імшы ў касцёле Святога Духа ў Мінску.
Цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп Станеўскі, які напачатку шчыра прывітаў усіх удзельнікаў Эўхарыстыі.
З гаміліяй да прысутных звярнуўся біскуп Касабуцкі. Ён перадусім звярнуў увагу на Дэкрэт Другога Ватыканскага Сабору Apostolicam actuositatem, які прысвечаны такой важнай справе, як апостальства свецкіх. Паводле іерарха, гэты дакумент, што з’явіўся ўжо амаль 60 гадоў таму, у пэўным сэнсе, і сёння адна з «настольных кніг» сучасных катэхетаў.
«„Апостальская дзейнасць свецкіх, якая вынікае з іхняга хрысціянскага паклікання, заўсёды павінна ажыццяўляцца ў Касцёле“, — гаворыцца ў Дэкрэце.
Сённяшнія ўмовы патрабуюць ад свецкіх больш інтэнсіўнага і шырокага апостальства», — падкрэсліў біскуп Юрый Касабуцкі Ён заахвоціў выпускнікоў лічыць заканчэнне каледжа пачаткам сваёй новай місійнай дзейнасці, галоўнай мэтай якой павінна стаць нясенне ў сучасны свет «уласнымі словамі і добрымі ўчынкамі святла Хрыстова».
Напрыканцы Эўхарыстыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і чэрвеньскае набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. На яго заканчэнне арцыбіскуп благаславіў усіх прысутных.
Другая частка распачалася з уручэння дыпломаў.
З рук арцыбіскупа Юзафа Станеўскага дыпломы атрымалі адзінаццаць выпускнікоў, якія такім чынам былі прызнаныя Касцёлам кваліфікаванымі катэхетамі.
Акрамя таго, былі ўручаны сертыфікаты аб паслядыпломнай адукацыі. Высокай зацікаўленнасцю сярод выпускнікоў карыстаецца апошнім часам спецыяльнасць «сурдапераклад», засваенне якой дапамагае без перашкод будаваць стасункі з людзьмі з асаблівасцямі слыху і маўлення.
Цёплы і кранальны момант — слова выпускнікоў, якія шчыра дзякавалі іерархам, дырэктару каледжа ксяндзу каноніку Яну Крэмісу і выкладчыкам за глыбокія веды, атрыманыя падчас навучання, за клопат і цеплыню, якімі былі атуленыя на працягу ўсіх трох гадоў.
Шмат цёплых словаў пачулі і самі выпускнікі ў свой адрас ад тых, хто прыйшоў іх павіншаваць і падтрымаць.
Навучальны і катэхетычны год завяршыўся, але для Мінскага тэалагічнага каледжа гэта не толькі заканчэнне лекцый і заняткаў, але яшчэ і пачатак новай уступнай кампаніі, якая стартуе 20 чэрвеня.