Пошук

12.06.2024 11:11   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Станіслаў Бервячонак / Grodnensis.by

8 чэрвеня, ва ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі, у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўрачыста адзначылі заканчэнне чарговага, 34-а навучальнага года.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у святой Імшы ў семінарыйнай капліцы з гэтай нагоды ўзялі ўдел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, які ўзначаліў цэлебрацыю, іншае духавенства, выкладчыкі і выхаваўцы, родныя і блізкія семінарыстаў.

Біскуп Гуляй адзначыў у гаміліі, што, хоць можна пералічыць інтэлектуальныя і душпастырскія дасягненні, здзейсненыя ў семінарыі за год (лекцыі, канферэнцыі і іншыя захады фармацыі), нябачнымі для вачэй застаюцца духоўная праца, малітва, унутраныя змаганні святароў і семінарыстаў, дбанне пра вернасць пакліканню: тое, што адбываецца ў сэрцы, якое з’яўляецца найважнейшым полем бітвы.

Біскуп заўважыў, што ў чытаннях Божага слова, прызначаных на гэты дзень, даюцца ўказанні для таго, каб час летняга адпачынку не быў змарнаваны, быў плённым.

На падставе гэтых чытанняў, як адзначыў іерарх, можна паразважаць над тым, ці адпавядаюць наша жыццё і паводзіны таму, каб нас называлі «патомствам, якое Пан благаславіў»; можна прыгадаць, што «кожны з нас мае прычыны, каб радавацца ў Пану», і што «збаўленне Бога ахінае кожнага».

Прызначаны на гэты дзень фрагмент Евангелля пра тое, як дванаццацігадовы Езус згубіўся і бацькі шукалі Яго, «дае надзею і нават упэўненасць, што Бог ведае, што робіць, калі знікае». Тлумачачы гэты фрагмент, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі заўважыў: «Езус знікае для таго, каб аб’явіліся большыя справы Божыя. Якія? Ведаць гэта — не наша справа. Думкі і планы Бога — не нашы думкі.

Калі Бог дасць ласку зразумець, мы гэтаму парадуемся. Калі не дасць — ушануем і будзем, як Марыя, па-ранейшаму верная і паслухмяная Богу, якая верна захоўвае гэтыя справы ў сваім сэрцы і разважае над імі».

Біскуп дадаў, што для таго, каб перанесці час знікнення Бога, трэба, па-першае, «быць чалавекам Слова» на ўзор Панны Марыі, якая была «так моцна прасякнута Божым словам, што амаль гаварыла ім», і «ніколі не страціла надзеі на тое, што Бог ведае, што робіць», а, па-другое, «мець свайго Юзафа, чалавека, які дапаможа нанава знайсці Езуса».

Па словах біскупа, цяжкія падзеі ў жыцці кожны раз ставяць нас у сур’ёзнае выпрабаванне веры, і такія выпрабаванні Панна Марыя прайшла «без найменшага граху, хоць можам смела дапускаць, што з многімі пытаннямі і сумненнямі», «таму Яна для нас не толькі ўзор, але і месца, дзе мы можам схавацца», «там трэба шукаць аховы і суцяшэння, калі надыходзіць цемра». Іерарх заахвоціў прысутных браць прыклад з Маці Божай у прабыванні з Езусам, навучанні ад Яго.

Біскуп падкрэсліў, што семінарыя не мае задачы больш важнай за падрыхтоўку да евангелізацыйнага служэння ў сучасным свеце. Ён заклікаў семінарыстаў на канікулах «не згубіць Езуса, шукаць Яго, слухаць, размаўляць з Ім, радавацца ў Ім».

Пасля Імшы, супольнага фотаздымку і абеду семінарысты выехалі дадому.

 

Абноўлена 14.06.2024 12:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа