10 верасня ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы і святога Роха прайшоў ІІІ Фестываль хрысціянскай культуры пад дэвізам «Адна культура — адно багацце».
У гэтым годзе мерапрыемства, адпаведна свайму дэвізу, сабрала разам прадстаўнікоў розных канфесій і рэлігій, а таксама мовазнаўцаў, тэолагаў, гісторыкаў, філосафаў, музыкаў, рамеснікаў, вернікаў з розных парафій Мінска, выпадковых гасцей і мясцовых жыхароў.
Сёлетні культурны форум на Залатой Горцы быў прысвечаны тэме «Біблія: таямніца і прыгажосць Божага слова».
Фэстываль распачаўся з благаслаўлення арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, які прыехаў на Залатую Горку, каб узначаліць цэлебрацыю святой Імшы.
У гаміліі іерарх выказаў спадзяванне, што фестываль хрысціянскай культуры паспрыяе працэсу вывучэння Божага слова, а таксама развіццю міжхрысціянскіх і міжрэлігійных адносін.
«Другі Ватыканскі Сабор падрыхтаваў спецыяльную Канстытуцыю пра Божае слова. Папа Францішак Чацвёртую звычайную нядзелю прызначыў нядзеляй Божага слова. У нашых касцёлах усё часцей арганізуюцца гурткі па вывучэнні Божага слова», — нагадаў арцыбіскуп пра намаганні, якія Касцёл прыкладае для пашырэння вывучэння Святога Пісання.
«Хрыстус чакае ад нас актыўных дзеянняў у збаўленні кожнага чалавека. Не толькі справядлівага, але перадусім грэшніка. Мы не жывем на бязлюднай выспе, але ў супольнасці, і адказныя адзін за аднаго», — заклікаў да сяброўства і ўважлівага стаўлення да сваіх бліжніх арцыбіскуп.
Праграма мерапрыемства глыбока раскрывала біблійную тэматыку, якая аб’ядноўвае ўсіх хрысціянаў.
У касцёле прайшла канферэнцыя на тэму «Гісторыя перакладу Святога Пісання на беларускую мову», якую правёў кандыдат філалагічных навук, класічны філолаг Алесь Жлутка. Сваім дакаладам ён апісаў прысутным агульную карціну таго, як на працягу стагоддзяў нашы суайчыннікі перакладалі Божае слова на родную мову, і якія пераклады мы маем на сённяшні момант.
Для зацікаўленых была арганізавана дыскусійная панэль, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій. Прысутныя мелі магчымасць задаць пытанне кожнаму спікеру і атрымаць грунтоўны адказ ад спецыяліста.
Каталіцкі Касцёл прадставіў старшыня секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ ксёндз канонік доктар Ян Крэміс. Эскпертам ад праваслаўнага боку стала сакратар Біблійнай камісіі БПЦ Таццяна Матрунчык. Пратэстантаў прадставіў сакратар Біблійнай камісіі Біблійнага таварыства пастар Антоній Бокун.
Чацвёртым удзельнікам дыскусійнай панэлі стаў гебраіст Міхась Тарэлка. Ён распавёў, чаму немагчыма так проста перакласці старажытную габрэйскую мову на сучасную, пазнаёміўшы прысутных з асаблівасцямі гэтай старажытнай семіцкай мовы.
Пасля дыскусійнай панэлі гісторык Мікалай Матрунчык правёў прэзентацыю біблійнай кнігі «Песня песняў» у перакладзе на беларускую мову Сяргея Шупы. Аўтарам праекту выступіла доктар філасофіі, доктар сакральнай тэалогіі, мовазнаўца Ірына Дубянецкая.
Яскравым фіналам праграмы фестывалю стаў канцэрт, на якім прэзентавалі «Спевы да святой Імшы» беларускага кампазітара Фларыяна Міладоўскага для хору, камернага ансамбля і аргана.
Гэта адзінае знойдзеннае на сённяшні дзень сачыненне таленавітага музыкі, які жыў у XIX стагоддзі. Твор кампазітара знайшла кандыдат мастацтвазнаўства Святлана Шэйпа. Яна зрабіла навуковую апрацоўку выдання і перадала яго для далейшай музычнай рэдакцыі. Час не пашкадаваў нотны запіс, але незахаваныя старонкі змог аднавіць кампазітар Віктар Кісцень. Асновай для «Спеваў да святой Імшы» сталі вершы Уладзіслава Сыракомлі, пераклад якіх у нашы дні здзейсніла паэтка Юлія Шэдзько.
На прэм’еру быў запрошаны акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі, дырыжорам якога з’яўляецца Андрэй Саўрыцкі.
Яшчэ з раніцы на Залатой Горцы разгарнуліся сінія намёты — увесь час працаваў кірмаш.
Госці фестывалю маглі набыць рэлігійныя рэчы і літаратуру, сувеніры, упрыгожанні, ручнікі, паясы з беларускімі ўзорамі, мёд, печыва і шмат іншага. Арганізатары таксама паклапаціліся аб смачным абедзе для гасцей.
На працягу дня для дзяцей працавала гульнявая пляцоўка ў межах праекту «Рух у радасць» дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Фестываль хрысціянскай культуры ўжо ў трэці раз праводзіўся па ініцыятыве пробашча мінскай Залатагорскай парафіі ксяндза каноніка Юрыя Санько.
Зацікаўленасць людзей да кожнай часткі праграмы сёлетнега фэсту можа сведчыць аб тым, што мерапрыемства з кожным годам становіцца ўсё больш цікавым і прывабным.