Пошук

07.07.2023 11:31   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

На мінулым тыдні ўдзельнікі перэгрынацыі спісаў найбольш шанаваных на нашых землях цудадзейных абразоў Маці Божай, якая адбываецца ўжо трэці год, наведалі Італію, дзе ўзялі ўдзел у сустрэчы з Папам Францішкам на агульнай аўденцыі.

Яны здзейснілі пілігрымку ў Рым на чале з духоўным кіраўніком перэгрынацыі ксяндзом Станіславам Станеўскім CSsR, прывёзшы ў Вечны горад 15 копій ікон Багародзіцы, намаляваных мастачкай з Маладзечна Ядзвігай Сянько.

27 чэрвеня абразы былі выстаўлены ў санктуарыі Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якім апякуюцца ксяндзы з законніцкай супольнасці рэдэмптарыстаў. У гэты дзень адзначаўся ўспамін Маці Божай, якую ўшаноўваюць пад тытулам Нястомнай Дапамогі. Святочную літургію ў рымскай святыні, дзе захоўваецца гэты цудадзейны абраз, упрыгожыў спевам хор з мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены «Голас Душы» пад кіраўніцтвам Таццяны Гажэўскай, які суправаджаў перэгрынацыю ў Італіі.

У святыні рэдэмптарыстаў збор ікон дапоўніся спісам цудадзейнага абраза Маці Божай Нястомнай Дапамогі, які стаў 16-й кананічнай выявай Найсвяцейшай Панны Марыі ў перэгрынацыйным зборы.

Гэты спіс вельмі папулярнага ва ўсім Касцёле, у тым ліку і ў Беларусі, абраза быў напісаны ксяндзом Яўгеніюшам Карпелем CSsR і падараваны для ўшанавання беларускім вернікам законнікамі Варшаўскай правінцыі рэдэмптарыстаў.

На наступны дзень, у сераду 28 чэрвеня, 16 Марыйных абразоў былі выстаўлены на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, дзе адбывалася агульная аўдыенцыя Папы Францішка. Святы Айцец прывітаў дэлегацыю вернікаў з Беларусі. Падчас сустрэчы з пастырам паўсюднага Касцёла хор «Голас душы» заспяваў папулярны ў нашай краіне рэлігійны спеў «Малюся за цябе, Беларусь».

Кульмінацыяй сустрэчы для беларускіх пілігрымаў стаў момант, калі Пантыфік, вітаючы дэлегацыю, благаславіў спісы цудадзейных абразоў.

З нагоды 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнай будслаўскай іконы Багародзіцы з Дзіцяткам Езусам на руках і 410-годдзя яе з’яўлення ў Будславе, ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і беларускіх вернікаў Папа Францішак атрымаў у дар копію абраза Маці Божай Будслаўскай.

Спісы цудадзейных Марыйных абразоў, збор якіх паступова павялічваецца, трэці год перэрынуюць па парафіях Беларусі.

Яны ўжо не ўпершыню выехалі за межы нашай краіны, і гэтым разам на плошчы Святога Пятра перад імі мелі магчымасць маліцца ўдзельнікі агульнай папскай аўдыенцыі з Італіі і з усяго свету.

Пасля вяртання на радзіму, згодна з планам перэгрынацыі, распрацаваным да пачатку наступнага года, абразы прыбылі ў парафію святога Станіслава ў Даўгінаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Вілейскі дэканат). Касцёл у Даўгінаве, што знаходзіцца непадалёк ад Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе, мае непасрэдную сувязь з цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай, які з 1610 па 1613 год захоўваўся менавіта ў даўгінаўскай святыні.

Цяпер жа гэтая парафія стала першай у нашай краіне, дзе беларускія вернікі маюць магчымасць ушанаваць спіс цудадзейнага абраза Маці Божай Нястомнай Дапамогі разам з іншымі 15-ю ўжо добра вядомымі выявамі Багародзіцы, якія благаславіў Папа Францішак.

Перэгрынацыя Марыйных абразоў, ініцыяваная пробашчам мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком, распачалася ў 2021 годзе. Тады ў чэрвені адбылася малітоўна-пакутніцкая аўтамабільная пілігрымка ўздоўж межаў Беларусі, удзельнікі якой праз заступніцтва Маці Божай маліліся аб міры ў нашай краіне і ва ўсім свеце. Пілігрымы разам са спісамі Марыйных абразоў праехалі 3125 кіламетраў.

Пасля гэтага распачалася перэгрынацыя па святынях Беларусі і некаторых свецкіх культурных установах.

19 лістапада 2022 года ў межах святкавання Апекаў Маці Божай, якія адзначаліся ў Вільні на працягу тыдня з нагоды ўрачыстасці Маці Міласэрнасці Вастрабрамскай, у касцёле святой Тэрэзы пры Вострай Браме дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі Арунас Панішкайціс благаславіў перэгрынацыйны абраз Маці Божай Вастрабрамскай.

3 мая абразы з Беларусі знаходзіліся ў галоўным Марыйным санктуарыі Польшчы, што ў Яснагорскім кляштары айцоў паўлінаў у Чэнстахове. Там Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Польшчы арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі ўрачыста благаславіў копію цудадзейнага абраза Маці Божай Чэнстахоўскай.

Абноўлена 07.07.2023 11:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа