Пошук

05.05.2023 17:12   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

З 1 па 3 мая падчас урачыстасцяў у галоўным Марыйным санктуарыі Польшчы, што ў Яснагорскім кляштары паўлінаў у Чэнстахове, знаходзіліся копіі найбольш шанаваных абразоў Маці Божай, якія ўжо другі год перэгрынуюць па Беларусі.

Збор з чатырнаццаці ікон Багародзіцы ў другі раз выехаў за межы нашай краіны. У лістападзе копіі абразоў знаходзіліся ў Вільні падчас Апекаў Маці Божай — урачыстасцяў у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, дзе збор перэгрынацыйных ікон дапоўніла выява Маці Міласэрнасці, якую падчас Імшы на беларускай мове благаславіў дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі Арунас Панішкайціс.

Гэтым разам абразы знаходзіліся ў найбуйнейшым рэлігійным цэнтры Польшчы, якім апякуюцца манахі з ордэна святога Паўла, першага пустэльніка, — айцы паўліны.

Там, дзе захоўваецца найбольшая святыня польскага народа — цудатворная ікона Маці Божай Чэнстахоўскай, з 1 па 3 мая адбываліся ўрачыстасці ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, Каралевы Кароны Польскай.

Абразы з Беларусі суправаджалі святары: духоўны кіраўнік перэгрынацыі ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR, пробашч парафій святых апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове і Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фашчаўцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) ксёндз Міхал Бубен і айцец Ануфрый Альховік OSPPE з парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Карэлічах (Гродзенская дыяцэзія).

На святкаванне прыбылі таксама пілігрымы з Беларусі і нашыя суайчыннікі з беларускіх каталіцкіх супольнасцяў Польшчы.

На другі дзень святкавання, у аўторак, у Яснагорскай капліцы, дзе знаходзіцца цудадзейны старадаўні абраз Чорнай Мадонны, была змешчана і яго паменшаная копія, напісаная мастачкай з Маладзечна Ядзвігай Сянько. Падчас Марыйнага апэлю перад Чэнстахоўскай выявай Багародзіцы малілася духавенства са шматлікімі вернікамі, а ўначы адбылося малітоўнае чуванне.

Цэнтральныя ўрачыстасці прайшлі ў санктуарыі 3 мая — у дзень, калі 232 гады таму была зацвержана Канстытуцыя, якая пэўны час дзейнічала на тэрыторыі не толькі Польшчы, але таксама на беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх землях.

Гэты дзень з’яўляецца таксама святам у гонар Панны Марыі, Каралевы Кароны Польскай, якой польскі народ прысвяціў сябе ў сыноўскую адданасць не толькі ў духоўным сэнсе, але і ў культурным, і ў грамадскім плане.

Велічная цэлебрацыя адбывалася ў Чэнстахове на палявым алтары. У супольнай малітве ўзялі ўдзел тысячы мясцовых жыхароў і пілігрымаў з розных куткоў Польшчы, якія спецыяльна ў выходны дзень прыехалі цэлымі сем’ямі ў санкутарый, каб разам ушанаваць сваю Найсвяцейшую Маці і Каралеву.

Перад пілігрымамі былі размешчаны трынаццаць копій найбольш шанаваных на нашых землях цудадзейных Марыйных абразоў, а побач з алтаром знаходзіліся яшчэ два абразы Багародзіцы: разам з копіяй іконы Маці Божай Чэнтсахоўскай, якая з даўніх часоў таксама вельмі шануецца вернікамі ў Беларусі (яе можна ўбачыць нават у некаторых праваслаўных цэрквах), размясцілася ікона Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, 25-годдзе каранацыі якой адзначаецца сёлета.

«Калі чалавецтва хоча будаваць трывалае і справядлівае грамадства, яно павінна прасіць благаслаўлення ў сваёй нябеснай Маці і сапраўды лічыць Яе сваёй Каралевай», — зазначыў Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Польшчы арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы на Яснай Гары, у якой бралі ўдзел іерархі і шматлікія святары.

У сваёй гаміліі кіраўніка польскага епіскапату звярнуў увагу на прысутнасць Маці Божай у гісторыі Польшчы. «Мы называем Яе ў Літаніі „Панна верная“, і гэта сапраўды так. Бо яна не толькі бараніла свой верны люд у часы далёкіх войнаў, але была той нязгаснай зоркай надзеі, якая натхняла і благаслаўляла яго ў трагічны для краіны час XVIII–XIX стагоддзяў».

Напрыканцы Імшы арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі перад прысутнымі вернікамі ўрачыста благаславіў копію цудадзейнага абраза Маці Божай Чэнстахоўскай, якая цяпер таксама будзе працягваць перэгрынацыю па парафіях Беларусі.

Як адзначыў раней ініцыятар перэгрынацыі копій цудадзейных Марыйных абразоў па Беларусі ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску, перэгрынацыя — гэта сваеасаблівая духоўная падрыхтоўка да вялікага Юбілею двухтысячагоддзя Адкуплення ў 2033 Святым годзе.

«Гэтая духоўная падзея садзейнічае яшчэ большаму распаўсюджванню Марыйнага культу сярод вернікаў нашай бацькаўшчыны, — лічыць духоўны кіраўнік перэгрынацыі ксёндз Станіслаў Станеўскі. — А пілігрымкі, або наведванне святых месцаў, дапамагаюць людзям спазнаваць і захоўваць духоўную спадчыну народа», — зазначыў святар.

Чэнстахоўскі санктуарый стаў 67-й каталіцкай святыняй, дзе перад перэгрынацыйнымі абразамі маліліся вернікі. Далейшая перэгрынацыя па парафіях Беларусі будзе адбывацца ўжо з 15-ю копіямі цудатворных ікон Багародзіцы.

За час перэгрынацыі, што склала 709 дзён на працягу няпоўных двух гадоў, абразы наведалі 69 розных месцаў у Беларусі і за мяжой.

На завяршэнне святкавання ў Чэнстахове перад удзельнікамі выступіў хор мінскага касцёла святога Сымона і святой Алены «Голас Душы».

Абноўлена 15.05.2023 15:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця